Ад маёнтку паноў Хлюдзінскіх, якія ў першай палове XIX ст. жылі ў Антовілі, што на Аршаншчыне, застаўся толькі высокі падмурак, які ператварыўся ў курган. Але менавіта сюды, на гэты курган, дзе ад нядаўняга часу ўзвышаецца высокі крыж, на пачатку лета была арганізавана паездка гасцей з далёкага Рыму. Група сясцёр з Супольнасці Змёртвыхпаўстання Панскага на чале з Генеральнай Маці Далорэс (ураджэнкай ЗША) прыехала сюды, на Радзіму адной з заснавальніц іх супольнасці — маткі Цэліны Бажэнцкай з роду Хлюдзінскіх.

На гэтым кургане, пад крыжам, адбылася Святая Імша, якую адправілі ксёндз Яраслаў Гыбза з Оршы і ксёндз Генрых Дамашка з Лепеля.

У той дзень сляды даўно мінулых дзён сёстры шукалі не толькі ў Антовілі, але і ў Лескавічах, што ў Шумілінскім раёне. Тут прайшлі юнацкія гады Маці Цэліны. Сясцёр парадавала тое, што нават захаваліся рэшткі колішніх пабудоў ды старая прысада высозных дрэваў. Праўда, усё гэта занядбанае, але госці былі шчаслівыя і ад гэткіх слядоў колішняга жыцця іх заснавальніцы.

Маці Цэліна і яе дачка Ядвіга з’яўляюцца слугамі Божымі, у Касцёле ідзе працэс іх беатыфікацыі. Нядаўна праз заступніцтва маці Цэліны адбыўся цуд — аздараўленне альпініста, які зваліўся са скалы і цэлыя суткі быў непрытомны. Гэты хлопец — з пятага пакалення Бажэнцкіх, і таму ўся радня, а таксама закон змёртвыхпаўстанак шчыра маліліся праз пасрэдніцтва слугі Божай Цэліны Бажэнцкай за яго ацаленне. Хлопец не толькі апрытомнеў, але і перамог вельмі вялікую траўму. Ужо на дзевяты дзень яго выпісалі з бальніцы як цалкам здаровага чалавека. Цяпер ён зноў займаецца альпінізмам, што амаль неверагодна пасля такой цяжкай траўмы, але, як вядома, у Бога няма нічога немагчымага. І таму, мажліва, сярод каталіцкіх святых у хуткім часе будзе імя яшчэ адной благаславёнай — нашай зямлячкі Цэліны Бажэнцкай.

І. Студзеньская.
Фота аўтара.