Божа, Ойча Міласэрны,
Які аб’явіў сваю любоў
у Тваім Сыне Езусе Хрысце
і выліў яе на нас у Духу Святым, Суцяшальніку,
Табе давяраем сёння лёсы свету і кожнага чалавека.
Схіліся над намі, грэшнымі,
вылечы нашую слабасць,
перамажы ўсялякае зло,
дазволь усім жыхарам зямлі
адчуць Тваю міласэрнасць,
каб у Табе, Трыадзіны Божа,
заўсёды знаходзілі крыніцу надзеі.
Ойча Спрадвечны,
дзеля балеснай мукі і змёртвыхпаўстання Твайго Сына,
май міласэрнасць да нас і да ўсяго свету! Амэн.

Акт прысвячэння свету Божай Міласэрнасці.


«Бог багаты міласэрнасцю» - такі быў дэвіз апошняй па часе пілігрымкі Святога Айца Яна Паўла ІІ у Польшчу, якая распачалася 16.08.2002 г.

Ужо на самым пачатку свайго побыту на радзіме, у прамове ў Кракаўскім аэрапорце Баліцы, Папа вызначыў тры асноўныя мэты пілігрымкі. Першая з іх – кансэкрацыя новага санктуарыя Божай Міласэрнасці ў падкракаўскіх Лагеўніках; другая – вынясенне да хвалы алтароў чатырох новых благаславёных у часе Святой Імшы на кракаўскіх Блонях; трэцяя – малітва ўдзячнасці за 400 гадоў існавання санктуарыя ў Кальварыі Забжыдоўскай, дзе з маладых гадоў любіў бываць і маліцца будучы Папа.

На самым пачатку гэтай пілігрымкі Ян Павел ІІ звярнуўся да землякоў, а праз іх да ўсіх католікаў і людзей добрай волі з вельмі важным пасланнем, якое заўсёды было актуальным у вучэнні Яго Святасці: «Сёння я прыношу пасланне надзеі, якое сыходзіць з Добрай Навіны, што Бог, багаты міласэрнасцю ў Хрысце, аб’яўляе кожны дзень сваю любоў. Гэта Ён, уваскрослы Хрыстус, гаворыць сёння кожнаму і кожнай з вас: «Не бойся: Я ёсць Першы і Апошні ды Жывы. Быў Я мёртвы і вось жыву на вякі вечныя» (гл. Ап 1, 17-18). Вось пасланне Божай Міласэрнасці, якое я сёння прыношу», – падкрэсліў Папа.

Вядомы польскі публіцыст, намеснік галоўнага рэдактара папулярнага каталіцкага тыднёвіка «Gość niedzielny» Анджэй Граеўскі, ацэньваючы гэтую важную падзею ў жыцці краіны, піша: «Кожная з папскіх пілігрымак была часам нацыянальных рэкалекцый, вялікаю катэхезаю, правільнае зразуменне якой дапамагала адшукаць шляхі цэламу народу. На гэты раз польскае вымярэнне папскага пілігрымавання набыло універсальны характар. Кансэкрацыя санктуарыя ў Лагеўніках, дзе спачываюць зямныя астанкі вялікай польскай містычкі св. сястры Фаустыны, стала адпаведным момантам для абвяшчэння папскага паслання для цэлага свету».

Гледзячы па тэлевізары на больш як двухмільённае людское мора, што па берагі затапіла кракаўскія Блоні, думалася перш за ўсё пра той незвычайны дар магнетычнага прыцягнення людскіх сэрцаў, якім валодае Папа. Гэта харызма Святога Айца спалучана з уменнем тонка адчуваць і разумець найбольш актуальныя і балючыя праблемы сучаснага свету і сучаснага чалавека, спалучана з мужнасцю і адвагаю называць рэчы сваімі імёнамі. Менавіта таму людзі пераадольваюць многія тысячы кіламетраў дзеля сустрэчы са Святым Айцом, дзеля таго, каб пачуць прасякнутую любоўю і болем праўду пра сябе, пра свой час і пра той свет, у якім мы ўсе жывем.

Як кажа адзін са старэйшых польскіх журналістаў, вядомы грамадскі дзеяч Ян Новак-Язяраньскі, мільёны тэлегледачоў маглі ўвачавідкі пераканацца, што няма сёння духоўнага лідэра, адоранага такім незвычайным дарам харызмы і сілы прыцягваць людскія масы, як Ян Павел ІІ.

Разважаючы над гэтым незвычайным дарам свайго вялікага земляка, галоўны рэдактар тыднёвіка «Tygodnik Powszechny» кс. Адам Банецкі піша: «Не хачу быць патэтычным, але слова «любоў», напэўна, адзіны ключ да зразумення» гэтага феномену. Любоў людзей да Папы, «але таксама і яго любоў да людзей, бачная ва ўсім, што ён робіць...»

Як згодна канстатуюць многія каталіцкія выданні ў Польшчы, кансэкрацыя новай святыні ў Лагеўніках мела «сусветнае вымярэнне». «Святыня гэта, – па словах самога Яна Паўла ІІ, – становіцца сусветным цэнтрам культу Міласэрнага Хрыста».

Кс. А. Банецкі зазначае, што праз дзве вялікія прамовы Папы ў Лагеўніках і на Блонях пастаянна праходзіла адна і тая ж думка аб тым, што адказам на беды, якія мучаюць чалавецтва, на пытанні і выклікі сённяшняга свету, з’яўляецца Божая Міласэрнасць, якая знаходзіць сваё адлюстраванне ў міласэрнасці людзей. «Гэтае пасланне цяжкае, – падкрэслівае кс. Банецкі, – бо цяжка паказаць пераход ад справаў і праблемаў чыста людскіх да рэчаіснасці Пана Бога, прымірыць з Божаю Міласэрнасцю жорсткасць гэтага свету».

Адказы на гэтыя сапраўды цяжкія пытанні знаходзім у гаміліях Папы, прамоўленых падчас пілігрымкі на радзіму. У Лагеўніках ён у прыватнасці сказаў:

«Як жа моцна патрэбна сёння свету Божая Міласэрнасць! На ўсіх кантынентах з глыбіняў людскога цярпення здаецца ўзносіцца маленне аб міласэрнасці. Там, дзе пануюць нянавісць, жаданне помсты, дзе вайна прыносіць боль і смерць бязвінных людзей, патрэбна ласка міласэрнасці, якая лечыць людскія сэрцы і розум, і нараджае спакой. Там, дзе не хапае павагі да жыцця і годнасці чалавека, там патрэбна міласэрная любоў Бога, у святле якой адкрываецца поўная вартасць кожнага чалавечага жыцця. Патрэбна міласэрнасць, каб усялякая несправядлівасць на свеце знайшла свой канец у бляску праўды.

Таму сёння, у гэтым санктуарыі, я хачу здзейсніць урачысты акт прысвячэння свету Божай Міласэрнасці. Раблю гэта з гарачым жаданнем, каб пасланне аб міласэрнай любові Бога, якое тут было абвешчана праз пасрэдніцтва святой Фаустыны, дайшло да ўсіх жыхароў зямлі і напоўніла іх сэрцы надзеяй. Няхай гэтае пасланне разыходзіцца з гэтага месца на ўсю нашу ўлюбёную Айчыну і на ўвесь свет. Няхай спаўняецца (...) абяцанне Пана Езуса, што адсюль павінна выйсці «іскра, якая падрыхтуе свет да канчатковага Яго прыйсця» (гл. «Dzienniczek», 1732).

Трэба распальваць гэтую іскру Божай ласкі. Трэба перадаваць свету агонь міласэрнасці. У Міласэрнасці Бога свет знойдзе спакой, а чалавек – шчасце!»

На кракаўскіх Блонях, дзе сабралася больш за два з паловаю мільёны вернікаў з усяго свету, і з Беларусі ў тым ліку, і дзе Папа беатыфікаваў чатырох новых благаславёных, ён таксама гаварыў пра Божую Міласэрнасць. Святы Айцец падкрэсліў, што трэба мець у сэрцы «вобраз Міласэрнасці, каб прыйсці на дапамогу занядбанаму духоўна і матэрыяльна дзіцяці, каб не адварочвацца ад хлопца альбо дзяўчыны, якія разгубіліся ў свеце самых розных залежнасцяў альбо злачынства, каб несці параду, суцяшэнне, духоўную і маральную падтрымку тым, хто адважваецца на ўнутраную барацьбу са злом».

У Кальварыі Забжыдоўскай, што ў тыя дні святкавала сваё 400-годдзе, у касцёле знаходзіцца абраз Маці Божай Кальварыйскай, перад якою часта ў маладыя гады кленчыў Караль Вайтыла, якой ахвяраваў залатую ружу ў час свае першай папскай пілігрымкі ў Польшчу.

Перад гэтым абразом, не звяртаючы ўвагі на нацэленыя на яго тэлекамеры і аб’ектывы фотаапаратаў, доўга маліўся Папа Ян Павел ІІ 19 жніўня, у апошні дзень свайго побыту на радзіме.

«Заканчваецца мая пілігрымка ў Польшчу, у Кракаў. Радуюся, што гэтае завяршэнне візіту адбываецца менавіта ў Кальварыі, каля падножжа Марыі...»

Да Яе, Заступніцы і Апякункі, звярнуўся Папа з глыбокімі, пранікнёнымі словамі малітвы. І гэта было яшчэ адно вымярэнне пілігрымкі – марыйнае, без якога не абыходзіцца ніводнае пастырскае падарожжа Святога Айца.

Маці Найсвяцейшая,
Пані Кальварыйская,
выпрошвай таксама і мне
сілы цела і духу,
каб я да канца выканаў місію,
якую мне наказаў Уваскрослы.
Табе аддаю ўвесь плён
майго жыцця і паслугі;
Табе даручаю лёс Касцёла; (...)
Табе давяраю і Табе
яшчэ раз прызнаюся:
Totus Tuus, Марыя!
Totus Tuus. Амэн.

Па старонках каталіцкай прэсы падрыхтавала Крыстына Лялько.