Хата жаўтлявага колеру – звычайная, якіх шмат і ў вобласці, і тут, у самым паўночным яе населеным пункце, Езярышчы. На здымку – снег на страсе і наўкола, бо зіма, ды і мясціна не з цяплейшых, але гаспадыню, Яніну Іванаўну, гэта ніколі не палохала. Вось ужо амаль год як яе жытло з’яўляецца месцам, дзе ў нядзелю і ў святы збіраюцца на Эўхарыстыю католікі пасёлка. Іх тут няшмат – 17 чалавек, і палова з іх – дзеці. А аб’яднала ўсіх другая жыхарка Езярышча – Ірына Грабко.

Да таго як пачалі маліцца ў хаце Яніны Іванаўны, ездзілі на набажэнствы ў Віцебск, пакуль не ўзяў пад апеку пробашч гарадоцкай парафіі Наведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі кс. Адам Дынак. Арганізацыйнымі і літургічнымі справамі займаюцца сёстры Люцына і Нікола, якія дзеля гэтага прыязджаюць два разы на тыдзень з абласнога цэнтра. Яны ж праводзяць тут і катэхезу для дзяцей, і апякуюцца малымі ў мясцовым доме дзіцяці: займаюцца з імі, перадаюць вопратку, лекі. Дапамагае сёстрам і кіраўніцтва дома.

Прыязджаюць маліцца ў Езярышча дзве сям’і з суседняга Сурміна. Ездзяць і езярышчанцы на набажэнствы ў Гарадок, але гэта нязручна – ёсць праблемы з транспартам (здараецца, што выязджаюць з хаты па абедзе, а вяртаюцца амаль апоўначы).

Сёстры і пробашч не нахваляцца сваімі вернікамі: такія шчырыя, добрыя, зычлівыя людзі. І вернікі задаволеныя: калі ўжо марылі пра Імшу ў родным пасёлку, і вось, глядзі ты, – дачакаліся. Пачуў Бог малітву і зрабіў так, як жадалі.

Лета ў Езярышчы – час квецені і святла – у прыродзе і ў душах. Але лета мінула, і зноў запануюць халады над паўночным памежжам. Але што той холад, калі Бог у душы, і служэнне Яму – найвялікшая радасць.

Ф.Сіўко.
Фота сястры Ніколы.