Ужо цяпер я пераканана, што многае з маіх пілігрымскіх дарог сатрэцца з памяці, саступіць месца новым уражанням. І з часам, прыгадваючы тыя шляхі-дарогі, я буду блытаць, калі былі тая ці іншая падзея, тое ці іншае перажыванне. Але адначасна я ўпэўнена, што гэтую пілігрымку я буду памятаць усё жыццё і не змагу зблытаць перажытае ў ёй з чымсьці іншым.

У пілігрымку да росіцкай святыні, да месца мучаніцкай смерці блаславёных Антонія Ляшчэвіча і Юрыя Кашыры з паўтара тысячамі бязвінных людзей, я сёлета вырушыла ўпершыню. Праўда, раней шмат разоў прыязджала сюды, шмат давялося і напісаць, распавесці людзям пра гэтую трагедыю нашай зямлі, якая праз гады прарасла парасткамі святасці.

Весці гаворку пра смерць заўсёды цяжка. Пра смерць невінаватых яшчэ цяжэй. Але кожны раз нейкі ўнутраны голас казаў мне: ты павінна гаварыць пра гэта. Гаварыць, нягледзячы на тое, што і самой балюча гаварыць, асэнсоўваць тую трагедыю, бачыць у ёй Божую волю.

Найцяжэй усвядоміць грэх братазабойства. А росіцкая трагедыя менавіта на гэтым узрасла. Бо людзі ў белых маскіровачных касцюмах, што ў лютым 1943-га беглі на лыжах да беларускіх вёсак, каб спаліць іх разам з жыхарамі, – гэта нашы браты. І тыя, што трымалі галодных, напаўраздзетых людзей у замкнёным касцёле, – таксама браты. І тыя, што праколвалі штыкамі немаўлятак ды шпурлялі іх у агонь, – таксама. І якая розніца, хто гэта быў – латышы, немцы альбо паліцаі з тутэйшых беларускіх вёсак.

Блаславёныя святары Антоні і Юры далі нам прыклад іншага, сапраўднага братэрства. Іхні выбар уласнай смерці замест жыцця, падараванага нелюдзямі, прымушае схіліць перад такой любоўю галаву.

Калі 14 жніўня, у дзень святога Максіміліяна Кольбэ, чыя смерць за свайго бліжняга ў нялюдскім Асвенцыме дагэтуль ашаламляе сваёй ахвярнай любоўю, з Полацка вырушала пілігрымка ў Росіцу, я раптам зразумела, што таксама не змагу не пайсці разам, бо надта ж сіратліва выглядала невялічкая купка смелых падарожнікаў пад хмарным небам. А для пілігрымкі ў Росіцу сапраўды патрэбна адвага, бо шлях пралягае па малазаселеных мясцінах, дзе вельмі рэдка сустрэнеш католіка і наогул – хрысціяніна. А гэта значыць, што вельмі мала мы сустрэнем тых, хто нас зразумее. Ну што ж, затое, магчыма, хтосьці задумаецца, убачыўшы наш крыж. І мы вырушылі ў дарогу.

Шлях ад Полацка да Наваполацка – гэта даволі шмат спеваў, першая частка Ружанца і, вядома, ранішнія малітвы, якія праводзіць марыянін, брат Аляксандр. Не заўсёды мы молімся да Божага Провіду. Ён жа ў тую раніцу маліўся: «О вечны Божа, Ты глядзіш на нас вачыма свайго Провіду. Дай нам, калі на тое воля Твая, святую ласку сваю, каб мы былі паслухмяныя ўсім наказам Тваім у часе нашай зямной пілігрымкі і праз гэта дасягнулі нябесных дабротаў...»

Праз колькі дзён, калі ўжо здарылася ўсё тое, што павінна было здарыцца на нашым шляху, мы, дзесяткі разоў прыгадваючы асобныя словы, рухі, учынкі тых дзён, прыгадалі і ранішнія малітвы. Брат Аляксандр сказаў, што ён сам не ведае, чаму тады захацелася памаліцца менавіта да Божага Провіду. Мы так часта не разумеем, чаму робім тое ці іншае, і толькі праз нейкі час пачынаем асэнсоўваць свае ж словы, учынкі і нават думкі. Цяпер, з адлегласці некалькіх тыдняў ад таго дня, усё набывае адметны сэнс. І ўсё здаецца не выпадковым.

Першы кароткі адпачынак. Для многіх гэта яшчэ і снеданне. Апетыт ва ўсіх добры, і тыя канапкі, якія мы робім з прадуктаў, купленых кіраўніком нашай групы ксяндзом Пятром Бярнардскім, паглынаюцца вельмі хутка. Наша пілігрымка малая, усяго дваццаць чалавек. Вельмі добра ксёндз Пётр сказаў, нібы жартам, на тым першым прыстанку: «У пілігрымцы няма рангаў, званняў і нават узростаў. Усе – браты і сёстры». Братоў у нас трое – палачанін Віталь, які, вяртаючыся з начной змены, убачыў нашу пілігрымку і таксама не змог не пайсці, славак Пітэр, які прыехаў у госці да прыгажуні-палачанкі Олі і разам з ёю пайшоў у Росіцу, і марыянін, брат Аляксандр. А сёстры... Сястра эўхарыстка Лена ды яшчэ, так бы мовіць, свецкія сёстры: Люда, Аня, Наташа, Ала, Алеся, Маша, Жэня, Света, Ніна...

На тым прыстанку нас было 20. І ніхто з нас, вядома, не мог нават уявіць, што ўсяго праз некалькі кіламетраў нас паменее на аднаго чалавека. І не толькі ў пілігрымцы, але... на аднаго чалавека паменее на зямлі.

Вёска Ахотніца. Зноў робім кароткі прыпынак, адпачываем, падмацоўваемся. І зноў у дарогу. Молімся Гадзінкі аб Беззаганным Пачацці Найсвяцейшай Панны Марыі. Гэтая доўгая прыгожая малітва нібы знарок для пілігрымскіх дарог. Памятаю, як некалі марыла калі-небудзь пабыць у нешматлюднай пілігрымцы дзеля таго, каб было больш роздуму, разважанняў, цішыні, узірання ў сябе. Здаецца, гэтая пілігрымка менавіта такая. Нас мала. Цяжкавата маліцца, асабліва спевам. Добра яшчэ, што Пітэр мужна нясе грувасткі мікрафон – з ім лягчэй, бо добра чуцен голас брата Аляксандра. Гадзінкі скончыліся каля Глінішча. Тут – вялікія могілкі і наш спеў «А душы верных памерлых няхай спачываюць у спакоі вечным», вядома ж, за тых, хто тут ляжыць.

Добра памятаю, пра што думала пасля Гадзінак. Пра тое, што могілкі ў Глінішчы так імкліва растуць, што тут ужо ляжыць і шмат маіх знаёмых з Наваполацка. Могілкам ужо не стае месца, і таму на процілеглым баку дарогі выкарчавалі лес – падрыхтавалі новы пляц. Думала так і глядзела направа, на тое расчышчанае месца, жоўты пясок, які ў хуткім часе стане для кагосьці апошнім прыстанкам... У тую ж хвіліну злева раздаўся аглушальны трэск. Павярнула галаву і... не памятаю, ці закрычала, ці жах быў настолькі вялікі, што заняло дух. Уздоўж нас з дзікім скрыгатаннем неслася машына і, здалося, з яе вывальваецца чалавек!.. А яшчэ праз імгненне я з адчаем убачыла, што гэта... сапраўды быў... чалавек. Дзяўчына. Яна ўжо нерухома ляжала на асфальце, і ад яе спіны і галавы расцякалася цёмная кроў. Гэта была наша пілігрымшчыца Ніна. Ніна Філіпчык з Празарокаў.

Пітэр з Людай кінуліся да яе першыя – Ніна не падавала прыкметаў жыцця. Але Пітэр крыкнуў: «Пульс ёсць!» Люда стаяла пры ёй на каленях, збірала сурвэткай кроў, паўтарала: «Пульс ёсць. Усё будзе добра». Лужына крыві на асфальце і нерухомыя вочы гаварылі пра іншае, але мне так хацелася верыць, што ўсё будзе так, як кажуць Пітэр з Людай.

«Жыгулі», якія збілі Ніну, стаялі за некалькі крокаў ад нас. Памятаю яшчэ, як шафёр вылез з машыны, а потым зноў пачаў садзіцца, і я закрычала, каб запісалі нумар машыны. Ён, мабыць, пачуў: пайшоў і сеў на ўзбочыне дарогі побач з машынай, у якой было пабіта на дробныя шкельцы лабавое шкло, моцна ўвагнутае пярэдняе крыло, а на заднім – сляды крыві. Усё гэта я ўбачыла пазней, а ў тыя хвіліны мы стаялі над Нінай. Хто плакаў, хто выціраў кроў, хто трымаў ёй галаву. Дзяўчаты кленчылі на пыльнай узбочыне і маліліся Вяночак да Божай Міласэрнасці. З машынаў, што ехалі міма нас, многія спыняліся, людзі крычалі: «Чым дапамагчы?» Мы прасілі адно: «хуткую дапамогу». Нарэшце яна прыехала. Доктар у белым схілілася над Нінай і неўзабаве выпрасталася. «Не жыве», – такі быў прысуд.

Памятаю, пайшла да дзяўчат, якія ўжо невядома каторы раз паўтаралі малітву пра заступніцтва блаславёных росіцкіх мучанікаў, і сказала, што трэба маліцца «Анёл Панскі». І пачалася малітва за вечны спачын для Ніны, якая паўгадзіны таму была, як і мы, пілігрымшчыцай. Ды вось зямная пілігрымка дваццацідвухгадовай дзяўчыны скончылася...

У тыя хвіліны мы яшчэ не маглі ні ўсвядоміць таго, што адбылося, ні прыняць. Гэта потым мы падумаем пра тое, што страшная Нініна смерць была без адзінага крыку і стогну, што ніхто з нас – і тых, што былі за крок і за два, і за пяць – чамусьці нават не пакалечыўся. Мы ж усе былі разам, адной маленькай купкай!.. Праз колькі хвілін прыехалі ксёндз Пётр з Віталем – яны адвозілі ў Боркавічы нашы рэчы. Убачыўшы нашу бяду, абодва спалатнелі. Ды найцяжэй, вядома, перажыць гэтую трагедыю Нініным бацькам, якія ў тыя хвіліны яшчэ нічога не ведалі. Цяжка, няпроста будзе перажыць гэтую бяду і чалавеку, які ў той час сядзеў на ўзбочыне пры сваіх пабітых «Жыгулях». Гэта пра ягоную машыну адзін з праезжых шафёраў вялізнай «фуры» сказаў, што ён не мог абагнаць яе – так калясіла па ўсёй дарозе. Што было таму прычынай – п’янка, нейкая нервовая ўзбуджанасць ці яшчэ што – адкажуць медэкспертыза ды следства. Мы ж бачылі яго п’яным. Праўда і тое, што ў машыне ляжала яшчэ адна поўная і адна напалову адпітая бутэлька гарэлкі. Тую, недапітую, міліцыянер потым выліў на асфальт.

На тым страшным месцы мы прабылі да позняга вечара. Працавала міліцыя. Мы маліліся за вечны спачын Ніны. А потым на месца здарэння прыехалі ксёндз Марат Казлоўскі з Празарокаў, чыёй парафіянкай была Ніна, і ксёндз Францішак Кісель з Полацка. Як жа мы ўзрадаваліся, убачыўшы іх, як патрэбна была нам у тыя хвіліны іхняя прысутнасць!

І паўстала пытанне: што рабіць – пойдзем далей альбо вернемся?

Хтосьці дрыжэў ад страху за сваіх малых дзяцей, якія, можа цяпер недзе на роварах... Хтосьці баяўся за бацькоў, бо яны пачуюць пра здарэнне і перапалохаюцца... Думак, прапаноў было шмат – спуджаных, сумбурных, разгубленых. Дапамог ксёндз Францішак. Ён сказаў: «Няхай кожны сам за сябе вырашыць, што ён зробіць. Мне ж здаецца, вам лягчэй будзе пайсці далей: ісці, маліцца, думаць. Пад адкрытым небам такое, можа, і лягчэй асэнсаваць». І большасць вырашыла прадоўжыць свой шлях.

Аддалі ксяндзу Францішку мікрафон, бо непатрэбны ён здаўся цяпер, калі нас яшчэ больш паменела. Аддалі гітару. Толькі не аддалі крыж, шыльду з надпісам «Полацк–Росіца» ды харугву Маці Божай...

І зноў была дарога. Горкая-горкая, балючая-балючая. Напоўненая малітвай.

Мілая, добрая гаспадыня, у якой мы спыніліся ў Боркавічах і якая ўжо ведала пра здарэнне, забедавала:

– А ці патрэбна вам ажно так мучыцца?

Уначы, варочаючыся на мяккай пасцелі, раз-пораз ускоквала ў свядомасць і гэтае: ці трэба нам ісці далей? А перад вачыма – то крыж і харугва на фоне нябеснага блакіту, то Ніна на асфальце, то спуджаная чародка нас, пілігрымаў, у прыдарожным пыле з ружанцамі ў руках, то ўскінутыя ў мальбе Наташыны рукі ў часе Вяночка да Божай Міласэрнасці, то Людзіны, Аніны, Машыны вочы...

Уранні на Імшы ў боркавіцкай капліцы мы маліліся за Ніну, за яе шчаслівую вечнасць. І, вядома, шмат плакалі. У чытаннях, Евангеллі, малітвах – ва ўсім чуўся нейкі адметны сэнс. Ксёндз Пётр пастараўся падтрымаць нас у казанні – у дзень Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі размова пра пераход ад часовага жыцця да вечнасці якраз дарэчы.

А потым зноў была дарога. У Росіцу. Якімі ж блізкімі, роднымі мы сталі за гэтыя тры дні! Наташа на адным прыстанку сказала, што гэта кроў Ніны так нас зрадніла. І гэта праўда. Розныя па ўзросце, прафесіях, поглядах, мы былі чымсьці адным, і таму ў Верхнядзвінку нам зусім не захацелася аб’ядноўвацца з вялікай ды вясёлай пілігрымкай з Друі. Мы самі павінны былі пранесці свой крыж па той дарозе...

Яшчэ адна ноч у гасціннай гаспадыні Вольгі Макеенак. А спаць усё яшчэ немагчыма і перад вачыма ўсё тое ж, пройдзенае, перажытае...

Апошні дзень пілігрымкі пад спякотным сонцам. Малітвы, малітвы, малітвы. Не ведаю, як іншым, а мне было балюча бачыць бесклапотную друйскую пілігрымку – такая несуладная была іхняя весялосць ды бадзёрасць з тым, што дзеелася ў душы. На адным прыстанку Наташа сказала з роздумам: «Усё ж у Росіцу трэба ісці пакутнай пілігрымкай: маліцца, думаць, разважаць. І – усё». Мы згадзіліся. І адразу вырашылі, што калі праз год Бог дазволіць нам зноў пайсці ў пілігрымку, то пойдзем абавязкова. Але толькі ў пакутную, бо Росіца патрабуе менавіта гэтага. І ўжо цяпер мы запрашаем да сябе ўсіх, хто захоча раздзяліць з намі такі шлях.

А яшчэ ў часе пілігрымкі мы зразумелі, што балючая, горкая смерць Ніны ў дзень св. Максіміліяна Кольбэ была ўсё ж прыгожаю. Бо Ніна, прыняўшы раніцой Езуса ў сваё сэрца на Імшы ў Полацку, ішла пілігрымам да месца ахвяры росіцкіх мучанікаў. І сама стала ахвяраю. Мабыць, наша зямля ўсё яшчэ патрабуе такой вось ахвяры, чыстай, як сляза...

Пасля абеду ў гасцінным, як заўсёды, Бігосаве – апошні адрэзак шляху. Ксёндз Пётр доўгі час сам нясе крыж – яму таксама вельмі патрэбна падтрымка. Мы шмат разоў молімся аб заступніцтве росіцкіх мучанікаў. Потым ксёндз Пётр услых разважае над росіцкай трагедыяй, сэнсам жыцця і смерці, місіяй хрысціянаў у гэтым свеце. І зноў молімся: за мужнасць для Нініных бацькоў, за шчаслівую вечнасць для яе, за тое, каб мы годна пражылі адведзены нам час, за патрэбы, вытрываласць у бедах, хваробах ды розных праблемах нашых родных і блізкіх, за нашу збалелую Бацькаўшчыну, сыны і дочкі якой часта гінуць ад зла, што пануе ў свеце.

Са словамі малітвы на вуснах мы ўзышлі на прыступкі росіцкай святыні. Са спевам «Магутны Божа» наблізіліся да алтара...

І. ЖАРНАСЕК.