30 чэрвеня ў горадзе Сянно (на Віцебшчыне) адбылося асвячэнне пакуль што адзінай у раёне каталіцкай святыні – капліцы Святой Тройцы. Гэтага ўрачыстага дня сенненскія вернікі і іх пробашч кс. Януш Прусіноўскі чакалі з нецярплівасцю.

Гісторыя касцёла і парафіі Святой Тройцы сягае ў пачатак XVII ст. Першы драўляны касцёл быў пабудаваны ў гарадку ажно ў 1609 годзе. У 1772 г. на месцы драўлянага быў узведзены цагляны будынак, а ў 1809 г. каля касцёла пабудавалі кляштар з багатай бібліятэкай і першай у Сянно школай. Як і большасць святыняў на тэрыторыі Беларусі, у 1937 г. касцёл зачынілі. Ён значна пацярпеў у вайну, але найбольшую, бадай, шкоду прынеслі святыні бяздумныя дзеянні людзей, што імкнуліся нішчыць веру ва ўсе часы. 17 верасня 1962 г. не стала аднаго з найпрыгажэйшых у наваколлі будынкаў: памяшканні кляштара прыстасавалі для гаспадарчых патрэбаў (сёння тут каўбасны цэх).

Зразумела, што ў такіх варунках ніякай размовы пра парафіяльнае жыццё ў горадзе не магло быць. Так было да таго часу, пакуль ураджэнец Сянно, а цяпер пробашч віцебскай парафіі св. Барбары а. Міхал Ермашкевіч не паехаў у Кракаў вучыцца на святара. Ён і арганізаваў тут у адзін з прыездаў на радзіму першую Святую Імшу, адпраўляць якую запрасілі пробашча лепельскай парафіі святога Казіміра Мечыслава Янчышына. На тую першую Імшу сабраліся 6 чалавек, але галоўны крок быў зроблены – паступова пачала складвацца парафія. Набажэнствы праводзілі штонядзелю ў хаце бацькоў а. Міхала. Адпраўляў іх ксёндз з Талачына Кшыштаф Мікалайчык. Пра стварэнне парафіі абвясцілі праз раённую газету, і ўжо ў жніўні ў горад прыехаў ксёндз Януш Прусіноўскі, які пачаў шукаць памяшканне пад капліцу. Нічога вартага не знаходзілася, і тады біскуп дазволіў перавезці з Дунілавічаў (на Пастаўшчыне) гатовую капліцу, дзе і адправілі першую Святую Імшу на Божае Нараджэнне.

Асвячаў капліцу Святой Тройцы біскуп Уладзіслаў Блін. «Вельмі спадзяёмся, – сказала, звяртаючыся да пастыра Віцебшчыны, парафіянка Таццяна Дзядун, – што Бог заўважыць нашыя старанні і з часам побач з’явіцца прыгожы адноўлены касцёл». Ад імя парафіянаў яна падзякавала Яго Эксцэленцыі за ўвагу да іх патрэбаў і выказала надзею на далейшае плённае супрацоўніцтва ў імя адраджэння веры ў рэгіёне. «Я рады, што ў капліцы збіраецца ўсё больш людзей, – сказаў у адказ біскуп Уладзіслаў Блін. – Я малюся штодзень за вас усіх і жадаю вам як найбольш радасці і трываласці ў Богу».

Пры развітанні а. Януш паказаў гасцям, што бралі ўдзел у асвячэнні капліцы, вялікі, крыху заржавелы ключ. Відаць, гэта быў ключ ад колішняга знішчанага касцёла. Цяпер ён у надзейных руках і, дасць Бог, калісьці спатрэбіцца, каб адчыніць дзверы адноўленай святыні.

Франц СІЎКО.
Фота з архіва парафіі і А. Клока.