Нішто так не спрыяе духоўнаму ўздыму чалавека, як добрая пілігрымка. Новае асяроддзе, у якое, хай сабе і на кароткі момант, трапляеш, пазбаўленне ад паўсядзённых спраў і абавязкаў, сустрэчы з незнаёмымі дагэтуль людзьмі – усё нібыта запавольвае хуткаплынны бег часу, узбагачае розум і сэрца новымі ўражаннямі, скіроўвае на засяроджанасць, спасціжэнне таго існага, вечнага, што так часта губляецца ў аднастайнай жыццёвай мітусні.

Да пілігрымкі ў Польшчу вернікі віцебскай парафіі Езуса Міласэрнага рыхтаваліся загадзя. Хоць і ведалі пра адмысловыя арганізатарскія здольнасці пробашча Тадэвуша Дабравольскага і сясцёр, трохі ўсё ж хваляваліся: як там будзе? Што будзе найлепшым чынам, зразумелі, апынуўшыся ў Чэнстахове. Мясцовыя сёстры служабнічкі і сястра Дамарыс з першага дня атулілі такою гасціннасцю і ўвагай, што паўтара сутак у гэтым незвычайным месцы праляцелі, як адно імгненне.

Яшчэ па выездзе з Віцебска а. Тадэвуш папярэдзіў: пілігрымка наша – найперш пілігрымка духу. І гэта таксама зразумелі, калі, не зважаючы на стому, выправіліся адразу ж на Ясную Гуру, каб узяць удзел у шматтысячным штовечаровым апэлі да Маці Божай. Тысячы людзей узносілі да Яе свае просьбы і малітвы, і так вольна, святочна пачувалася ў шматгалосым хоры беларускае слова. Але, можа, нават і не гэтак самі набажэнствы і не ўдзел у іх найбольш уразілі тады і пасля, калі маліліся падчас Святой Імшы ў капліцы, ці ішлі Крыжовым шляхам, або наведвалі музей, як адчуванне велічнасці хрысціянскай традыцыі, якую суседні народ так беражліва, так любоўна захоўвае. І міжволі прымешвалася да радасці горыч ад усведамлення, што так шмат страчана ад той традыцыі на радзіме.

Другім месцам, якое наведалі падчас пілігрымкі, былі Катавіцы. Тут таксама чакала віцебскіх парафіянаў разнастайная і цікавая праграма. Распачалася яна наведаннем адной з найпрыгажэйшых катавіцкіх святыняў – пабудаванага ў 1907 годзе францішканскага касцёла Святога Людвіка. Па дарозе да яго пілігрымы зайшлі на мясцовыя могілкі, дзе знайшлі супакой многія ксяндзы і законныя сёстры. У правінцыяльным доме супольнасці сясцёр служабнічак спаткалі знаёмую: сястра Марыёла – кіраўнічка правінцыі – не так даўно прыязджала ў Віцебск. Ад яе даведаліся шмат пра жыццё супольнасці, дамовіліся аб новай сустрэчы, цяпер ужо зноў у Віцебску. Вельмі запомнілася сустрэча з сястрой кляштара сясцёр кармелітак босых, аднаго з трыццаці на тэрыторыі Польшчы.

Сапраўдным узрушэннем стала наведанне дзяржаўнага музея ў Асвенцыме. «На што толькі ні здольны чалавек, калі месца Бога займае ў ягонай душы д’ябальская ідэя перавагі над іншымі», – думалася міжволі, гледзячы на горы валасоў і фотаздымкі дарослых людзей вагою 30-40 кілаграмаў, даведзеных да крайняе мяжы непасільнаю працаю, здзекамі і жахлівымі эксперыментамі. На гэтай тэрыторыі плошчай у 40 квадратных кіламетраў, дзе фашысты за суткі забівалі з дапамогаю кулі або фенолу ці спальвалі ў печах крэматорыя каля 5 тысяч чалавек, а попел пасля выкарыстоўвалі як угнаенне, дзе праводзіў над паўжывымі ахвярамі свае «доследы» крывавы доктар Менгеле, а даведзеныя да адчаю людзі часам кідаліся на калючы дрот, бо не ставала сілы жыць, спаткалі і прыклад высокай ахвярнасці, нязломнага служэння Богу. Максіміліян Кольбэ, законнік з Непакалянава, вязень № 16670, ахвяраваў жыццё дзеля выратавання іншага чалавека і стаўся, насуперак жорсткім абставінам, сімвалам хрысціянскай любові да бліжняга. Крыж паблізу 14 корпуса, дзе памёр у камеры а. Кольбэ, устаноўлены падчас наведання лагера ў 1997 годзе Папам Янам Паўлам ІІ. Вечная памяць усім святарам, што тут пакутавалі, не зважаючы на рызыку, да канца выконвалі свой святарскі абавязак. І як было не ўкленчыць, не памаліцца за іх вечны супакой у знак падзякі за высокі прыклад служэння людзям і Богу! Гэта зрабілі пасля экскурсіі, і хвіліна тае супольнае малітвы для многіх стала важным момантам і глыбейшага пазнання свету, і асэнсавання ўласных учынкаў.

Адразу з Асвенцыма накіраваліся ў Вадавіцы. Маляўнічы гарадок, як ні цяжка было засяродзіцца пасля ўбачанага ў лагеры, адразу ж зачараваў уладкаванасцю побыту і хараством святыняў ды вулак. А найбольш уразіла, вядома, тое, дзеля чаго і ехалі, – родны дом Яна Паўла ІІ, у якім усё, ад сямейных фотаздымкаў сям’і Вайтылаў да спартовага рыштунку, якім карыстаўся колісь адзін з найвялікшых сёння гуманістаў свету, гаворыць пра яго жыццё, акумулюючы энергію людское цікавасці, служыць і вечна будзе служыць удасканаленню чалавека, умацаванню веры і неспатольнага імкнення да існага. І за гэта ўзнеслі кожны сам па сабе малітвы ў размешчанай побач з домам базыліцы Ахвяравання Найсвяцейшай Панны Марыі ды запалілі свечкі ў імя дарагіх сваіх памерлых.

Мясціна, у якой апынуліся пасля Вадавіцаў, таксама цесна звязана з дзейнасцю Яна Паўла ІІ. У Кальварыі Забжыдоўскай ён неаднойчы бываў, і падораная ім падчас візіту ў 1979 годзе залатая ружа па сёння ўпрыгожвае абраз Маці Божай, а надпіс пры ўваходзе «Маці Божая Кальварыйская выхоўвала маё сэрца» сведчыць пра асаблівую повязь Папы з гэтым святым месцам. У Кальварыі, якая адзначыла сёлета сваё 400-годдзе, заўсёды шмат і дзяцей, і дарослых. Ёсць і тое, што нам пакуль і не снілася: пакой для споведзі людзей з аслабленым слыхам. Людзі на калясках, інваліды, што з дапамогаю ці то сваякоў, ці то валанцёраў рухаюцца па старадаўніх калідорах, загароджваючы вузкія праходы (але ніхто за гэта на іх не злуецца), знаёмяцца з гісторыяй комплексу, моляцца. І мы, вядома ж, памаліліся за развіццё Касцёла на радзіме і за тое, каб, пераадолеўшы ўсе перашкоды, Папа ўсё ж такі змог наведаць Беларусь.

Нават пасля ўсяго пабачанага спаткання з Кракавам чакалі, бадай, асабліва. Пераначаваўшы ў кляштары айцоў сальватарыянаў, уранку перш-наперш накіраваліся ў санктуарый Божай Міласэрнасці ў Лагеўнікі. Яшчэ ўвосень, падчас пілігрымкі ў Вільню, бачылі дамок, у якім жыла святая Фаустына, і цяпер хацелася як найхутчэй трапіць туды, дзе яна правяла ў малітве свае апошнія дні. Пасля Святой Імшы, якую правёў на нязвыклай для кракаўскіх вернікаў ды іншых пілігрымаў мове наш пробашч-паліглот кс. Тадэвуш, падыходзілі людзі, пыталіся, адкуль, хвалілі нашыя спевы. Прыемна было і цёпла на сэрцы і ад той пахвалы, і ад павагі, якую выказвалі да нас, беларусаў, зусім незнаёмыя людзі.

Рэшту часу, што застаўся да ад’езду, мы правялі ў Катэдры на Вавэлі, слухаючы аповед экскурсавода, стомлена кіруючыся да крыптаў, дзе знайшлі свой вечны спачын Міцкевіч ды Славацкі, падымаючыся высока ўгору да цудадзейнага звона, заміраючы ў пашанотным маўчанні перад саркафагам Касцюшкі...

Ад’язджалі з Кракава ўначы. Так шмат зведалі за пяць дзён, а спаць зусім не хацелася. На тое ж і пілігрымка духу, каб, вяртаючыся ў памяць, абуджаць яе, рабіць высокаю і дзейснаю.

Францішак ДУБРАЎСКІ.
Фота аўтара, кс. Тадэвуша Дабравольскага, Ірыны Семенчуковай.