«Дык не спіце, бо не ведаеце ні дня, ні гадзіны,
у якую прыйдзе Сын Чалавечы...»
(Мц 25,13)

У гэтай кватэры, здалося мне, жыве Пан Бог. Так спакойна і ўтульна ў ёй. На сценах вісяць абразы, на століку стаяць укрыжаванне і свечкі ў падсвечніках.

«Я лічу, што маё ўласнае жыццё, а таксама жыццё ўсіх маіх родных і маёй сям’і звязанае з Богам. Ён заўсёды даваў нам моцы, каб жыць і спадзявацца. Былі моманты, што толькі ад Яго дапамогі чакалі, — кажа гаспадыня кватэры Януковіч Ядвіга Панкратаўна. — Я нарадзілася на хутары недалёка ад Ваўкалатаў. Была самай меншай дачкой у сям’і Славінскіх (усяго ў таты і мамы нарадзілася шэсць дзяўчынак, адна з якіх памерла маленькай). Жыла наша сям’я пры Польшчы добра. Бацькі мае працавалі да змогі, таму і мелі ўсё. У таты наогул былі залатыя рукі, ён усё збудаваў сам: і хату, і хлявы. Пазычыў грошай і збудаваў млын-вятрак. А сусед яму зайздросціў, бо быў гультаём і жыў бедна. І калі прыйшла савецкая ўлада, пачаў даносіць на тату: буйны кулак, за ксяндза хоча быць (тата адпраўляў маёвае набажэнства ў вёсцы). У 1940 годзе тату выклікалі ў Дунілавічы на допыт. Дамоў ён не вярнуўся. Сядзеў у турме ў Беразвеччы, пасля яго выслалі ў Сібір на пяць гадоў. Так пачаліся выпрабаванні для ўсёй нашай сям’і. І дапамога нам прыходзіла толькі з Неба.

Калі тату пасадзілі, у нас забралі ўсю маёмасць — голыя сцены засталіся. У 1943 годзе адну з сясцёр, 15-гадовую Адальфіну, вывезлі на работы ў Германію. Падчас вайны згарэла наша хата, давялося кватараваць у людзей.

Мы горача маліліся і за тату, і за сястру. І так хацелася ведаць, ці жывыя яны. І аднойчы мне прыснілася, быццам стукае ў акно хаты хлопчык 7-8 гадоў і кажа: «Не бядуйце, ваш тата жывы».

Памятаю галечу нашу ваеннага і пасляваеннага часу. Як малая ішла ў касцёл на Вялікдзень: вераўчаныя лапцікі, шарсцяныя шкарпэткі. Але хоць і бедна апранутая была, адчувала вялікую радасць. Мама ўсіх нас прывучыла хадзіць у касцёл, і сама ўсё жыццё хадзіла на нядзельную Святую Імшу.

І вось скончылася вайна. Ні ад таты, ні ад сястры ніякіх вестак не было. У школе ж ўсіх запісваюць у камсамол, а хто не згаджаецца — здзекі.

— Хто не ўступіў у камсамол? Устаць! Сесці! Устаць! Сесці!..

І так шмат разоў. І адзнакі пачалі ставіць дрэнныя, хоць вучылася я заўсёды добра.

Скончыла я восем класаў, далей вучыцца не пайшла. У 1955 годзе старшыня калгаса загадаў ісці працаваць (восем класаў па тым часе — добрая адукацыя). Стала кладаўшчыцай. Спачатку ў калгасе каля дваццаці гадоў працавала, а пасля у Паставах касірам, аж да пенсіі. Усё працоўнае жыццё — аніякіх заўваг, адны падзякі.

Праз некалькі гадоў пасля вайны прыйшоў ліст з Англіі. Знайшліся тата і сястра! Праз ліставанне з імі мы паступова даведаліся пра іх жыццё.

У Сібір тату везлі ў таварных вагонах без даху, ліў дождж... Рухацца і ўставаць нельга было — канваіры пагражалі зброяй. У Сібіры давялося будаваць баракі ды пілаваць лес. Людзі паміралі адзін за адным. З татам здарылася няшчасце: на яго абваліліся верхнія нары і моцна пашкодзілі пазваночнік. Балела страшна, але так-сяк перавязаўся і хадзіў. А пасля злёг і памёр... Памерлых спецыяльная брыгада зносіла ў лес і складала штабялямі, бо зямлю там раскапаць нельга было. Праз які час, прынёсшы яшчэ адзін труп, заўважылі: мярцвяк рухаецца, аджыў... Яго — на насілкі і зноў у барак. Паправіўся! Ці ж не Божы цуд адбыўся?!

Праз шмат гадоў, прыехаўшы на Беларусь, тата цалаваў родную зямлю: «Я, як Езус, з мёртвых паўстаў!»

З Сібіры тата, як паляк, трапіў у войска Польскае, ваяваў у Паўночнай Афрыцы. Пасля паехаў у Англію: на Беларусь баяўся вяртацца, думаў, што зноў будуць мучыць. З дапамогай Чырвонага Крыжа адшукаў у Германіі дачку і забраў да сябе. Адальфіна таксама цудам выжыла. Былі ў лагеры дні, калі на сорак чалавек давалі вядзерца варанай бульбы. Бог дапамог ёй выжыць.

За Бога трымаліся, таму і жывыя, і ўсё ў нас добра. Мама вельмі цярпліва несла свой крыж. Колькі з яе здзекваліся як з жонкі ворага народа! А яна маўчала, толькі ў нядзелю ў касцёл ішла».

Ядвіга Панкратаўна лічыць, што Бог дапамог ёй з’ездзіць у Англію на пахаванне бацькі і на сустрэчу з сястрой. Тэлеграму пра смерць бацькі атрымала перад выхаднымі днямі, а трэба было тэрмінова зацвердзіць візу ў англійскай амбасадзе ў Маскве. Кінулася яна туды — консула няма: субота. Ад дзяжурнага патэлефанавала яму дахаты. І зноў Бог дапамог — аформілі паперы...

Бацькі Ядвігі Панкратаўны памерлі. Сёстры жывыя (апроч Гэлены, што адышла з гэтага свету ў лютым 2001 года), маюць сем’і, гадуюць унукаў. І — шчыра моляцца, дзякуюць Пану Богу за бацькоў, за жыццё, за духоўную сілу. Пэўна, не памылюся, калі скажу, што менавіта такія людзі, як Славінскія, неслі нам нашу святую веру і падтрымлівалі яе ў нашых душах. І менавіта з удзячнасцю такім людзям кожны з нас сёння можа сказаць: «Веру ў Адзінага Бога...»

Аліна Латыш, г. Паставы.
Фота з альбома аўтара.