25 жніўня ў пінскай катэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ўпершыню ў гэтай святыні адбылася незвычайная ўрачыстасць – вечныя шлюбы складалі сёстры Кангрэгацыі Сясцёр Місіянерак Святой Сям’і.

Гэтая манаская супольнасць – адна з нямногіх, што ўзнікла менавіта на тэрыторыі Беларусі, у Магілёве, які з 1783 г. быў сталіцаю Магілёўскай Мітраполіі. Тут, у далёкім 1905 г., благаславёная сястра Баляслава Лямэнт заснавала так патрэбную Кангрэгацыю, галоўным дэвізам якой сталі словы «Каб усе былі адно» (Ян 17, 21). Няпросты і нялёгкі быў шлях манаскай супольнасці, але заўсёды дзейнасць іх цалкам адпавядала гэтаму дэвізу. Праводзячы апостальска-экуменічную дзейнасць, сёстры ў духу пакоры, сціпласці і прысвячэння Божаму Провіду займаюцца не толькі выхаваннем і адукацыяй падлеткаў і моладзі, але рэалізуюць сваю місію ў службе найбольш церпячым, вядуць дабрачынную дзейнасць, дапамагаючы хворым і нямоглым людзям, не пытаючыся пра іх канфесійную прыналежнасць. Сваю працу (можа, часам празмерную для іх кволых плячэй), малітвы і цярпенні сёстры гэтай манаскай супольнасці ахвяруюць за паяднанне хрысціянаў.

З асаблівай шчымлівасцю перажываў гэтую ўрачыстасць ксёндз кардынал Казімір Свёнтэк. Гэта было заўважна (як ён ні стараўся схаваць) па заімглёных слязьмі ўзрушанасці вачах, па інтанацыі голасу, калі іерарх каталіцкага Касцёла гаварыў словы рытуалу вечных шлюбаў. Пасля ўрачыстасці ксёндз кардынал падзяліўся тымі думкамі, якія напаўнялі яго ў гэты такі знамянальны і ўрачысты дзень.

«Безумоўна, сённяшняя гэтая незвычайная ўрачыстасць у пінскай катэдры зрабіла на мяне вялікае ўражанне, я вельмі моцна яе перажыў, бо ўпершыню ў гэтай святыні складаліся вечныя шлюбы. Падчас урачыстасці, калі гэтыя пяць кандыдатак да вечных шлюбаў з Кангрэгацыі Сясцёр Місіянерак Святой Сям’і (і ўсе яны з Беларусі) ляжалі крыжам у гэтай катэдры, у якой я таксама ляжаў крыжам перад сваімі святарскімі пасвячэннямі і перад біскупскай сакрай, прыходзілі розныя думкі менавіта пра пакліканне – святарскае і законнае. Які ж шчодры ў сваёй дзейнасці Божы Провід! Зусім жа не так даўно – нават не дзесяцігоддзі, а, можа, з пятнаццаць гадоў таму – ці можна было нават падумаць ці ўявіць сабе сённяшнюю ўрачыстасць, уявіць, што знойдуцца кандыдаты, кандыдаткі да пасвячэнняў, да вячыстых шлюбаў? І сённяшняя ўрачыстасць з’яўляецца відавочным доказам, сведчаннем, бясспрэчным аргументам таго, што Божы Провід чувае і над Беларуссю, каб Касцёл, каб вернікі, каб людзі добрай волі не былі цалкам пазбаўленыя тых асобаў, якія прысвячаюць сябе Богу і Касцёлу.

І здавалася б, што з пакліканнямі ніколі не будзе лёгка на гэтай зямлі, але рэчаіснасць паказвае, што з кожным годам павялічваецца колькасць пакліканняў і паміж дзяўчат, і паміж мужчынаў. Гэта – відавочны знак таго, што ў панаванні Божага Провіду прадбачана, каб Беларусь пасля столькіх гадоў пераследу, прыніжэння, знішчэння асягнула такі стан Касцёла, каб гэты Касцёл і вернікаў маглі абслугоўваць мясцовыя святары, мясцовыя законніцы.

І нібы палец Божы штодзённа ўказвае нам усім на гэта, нават тым, хто па-за Касцёлам, хто толькі назірае за развіццём Касцёла, а развіццё Касцёла без пакліканняў, без законніц, без законнікаў, без святароў – немагчымае. І я сказаў бы, што сённяшняя падзея – рэальнасць, звычайны вынік Божага Провіду. Мы, калі плануем нешта, робім нейкія разлікі – то па людскі, па-зямному. І часам страчваем сэнс усяго гэтага: «А, нічога ў нас не выйдзе, нічога не атрымаецца...» і г.д. Божы план – цалкам іншы. І досыць часта – хоць бы і сённяшні дзень – ставіць нас перад веліччу Божага Провіду. О Божа, які ж Ты магутны, які ж Ты добры, як цудоўна Ты ведаеш, што, калі трэба зрабіць, і каго чым трэба адарыць, што арганізаваць, каго паклікаць... І сённяшняя ўрачыстасць павінна нас напаўняць яшчэ большай упэўненасцю і вераю ў тое, што Касцёл – гэта справа Божая, што Касцёл быў, ёсць і застанецца ў руках Божага Провіду. І не трэба баяцца, што, можа, зноў настануць такія часы, што будзе не хапаць святароў, законнікаў і законніц. Не дай, Божа, каб не хапала, але сёння, калі глядзім на гэтае развіццё, бачым, што з кожным годам усё больш пакліканняў – і законных, і святарскіх. І трэба толькі дзякаваць Богу і прасіць Бога аб ласкавым далейшым панаванні Божага Провіду, аб тым, каб Божы Провід паспрыяў таму, каб як мага больш і дзяўчат, і хлопцаў пачулі голас Божы.

А. Р.
Фота М. Новікава.