Папа ў Гватэмале

Пасля заканчэння XVII Сусветных дзён моладзі ў Таронта, 29 ліпеня г.г., Папа Ян Павел ІІ прыляцеў у Гватэмалу. У аэрапорце Святога Айца вітаў прэзідэнт гэтай краіны разам з прэзідэнтамі шасці краін Цэнтральнай Амерыкі.

«Я прыбыў у Гватэмалу, каб абвясціць святым брата Пэдро ад св. Юзафа дэ Бэтанкура, які быў выказнікам любові Бога да свайго люду», — сказаў падчас прывітання Ян Павел ІІ.

На кананізацыйную Святую Імшу благаславёнага брата Пэдро на іпадром дэль Сур у сталіцы Гватэмалы сабралася каля 800 тыс. гватэмальцаў. Трохкіламетровы шлях да алтара быў высланы жывымі кветкамі. На вуліцах Папу віталі тысячы людзей, якія горача выказвалі сваю любоў і павагу да наступніка св. Пятра.

Многія на гэту сустрэчу з Папам ішлі цэлую ноч. Прыбылі шматлікія пілігрымы з Гандураса, Сальвадора, Мексікі і Нікарагуа, а таксама група пілігрымаў з Тэнэрыфэ, дзе нарадзіўся св. Пэдро дэ Бэтанкур.

Святы Айцец звярнуў асаблівую ўвагу на актуальнасць прыкладу жыцця новага святога, «які так велікадушна прысвяціў сябе службе найбяднейшым і пакінутым». Гэта быў чалавек глыбокай малітвы, — падкрэсліў Папа, заахвочваючы ўсе хрысціянскія супольнасці Гватэмалы і іншых краінаў, каб былі сапраўднымі школамі малітвы. Ян Павел ІІ заклікаў наследаваць новага святога, дапамагаючы ўбогім і хворым, ахвярам злачыннасці і наркаманіі... Звяртаючыся да індзейцаў, шматліка сабраных на літургіі, Святы Айцец запэўніў, што не забывае пра іх і заахвочвае з надзеяй пераадольваць цяжкасці, якія спадарожнічаюць іх жыццю. На заканчэнне заклікаў усіх прысутных, каб не змарнавалі спадчыны свайго святога.

Адным з відавочных выклікаў гэтай пілігрымкі сталася забарона выканання кары смерці ў Гватэмале. Рашэнне ўвесці гэты мараторый прэзідэнт краіны Альфонсо Партыллё Кабрэра прыняў у адказ на заклік Папы.

Папа ў Мексіцы

31 ліпеня г.г. Папа наведаў Мексіку. У сталіцы краіны Яго Святасць прывіталі яе прэзідэнт Вінцэнтэ Фокс, прадстаўнікі епіскапату і прымас Мексікі кардынал Норбэрто Рывэра Каррэа.

Ян Павел ІІ нагадаў, што Мексіка была першаю краінаю, якую ён наведаў як Папа: «Надзвычай усцешаны, што пяты ўжо раз магу прыбыць на гэтую гасцінную зямлю, на якой распачаў сваё вандроўнае душпастырства...»

Згадваючы складаную гісторыю Мексікі, Святы Айцец заклікаў жыхароў краіны да святасці і вернасці хрысціянскай спадчыне.

У базыліцы Маці Божай з Гвадэлупы Ян Павел ІІ кананізаваў першага індзейца. Хуан Дыего з племя запатэкаў, які жыў на пераломе XV і XVI ст., з’яўляецца першым карэнным жыхаром Амерыкі, якога Касцёл прызнаў святым. Уся ўрачыстасць была багата і рознакалярова ўпрыгожана актыўным удзелам індзейцаў, іх самабытнаю музыкаю, спевамі і нават танцамі.

Па дарозе ў базыліку Святога Айца віталі шматлюдныя натоўпы мексіканцаў, якіх сабралася на вуліцах сталіцы каля 20 млн. Сама базыліка змяшчае каля 22 тыс. вернікаў, больш за 100 тыс. маліліся на дзядзінцы каля гэтай агромністай святыні, сочачы за ходам урачыстасці на вялікіх экранах.

У гаміліі Ян Павел ІІ запэўніў усе этнічныя групы Мексікі і Амерыкі, што, выносячы да хвалы алтароў індзейца Хуана Дыего, Касцёл і Папа пацвярджаюць сваю блізкасць з імі.

«Прымаючы хрысціянскае пасланне і не адракаючыся ад сваіх індзейскіх каранёў, Хуан Дыего адкрыў глыбокую праўду новай чалавечнасці, у якой усе закліканы быць дзецьмі Божымі ў Хрысце. Такім чынам новы святы паспрыяў плённай сустрэчы двух светаў і стаўся творцам новай мексіканскай тоеснасці, глыбока звязанай з Паннаю з Гвадэлупы, метысскае аблічча якой выяўляе Яе духоўнае мацярынства, што атуляе ўсіх мексіканцаў. Таму сведчанне яго жыцця павінна натхняць мексіканскі народ будаваць і пашыраць братэрства паміж усімі яго дзецьмі і ўсё больш спрыяць паяднанню Мексікі са сваімі вытокамі, сваімі каштоўнасцямі і традыцыямі (...) Мексіцы патрэбны яе індзейцы, а індзейцам патрэбна Мексіка».

Энтузіязм і жывая сардэчнасць, якія ўвесь час спадарожнічалі Святому Айцу ў Мексіцы, з асабліваю сілаю праявіліся падчас развітання Яна Паўла ІІ з гэтаю краінаю.

У гонар Папы ў неба ўзвіліся тысячы белых і жоўтых шароў. Увесь час гучалі мексіканскія развітальныя песні, прысутныя не стамляліся паўтараць: «Да сустрэчы, дарагі сябра, Ян Павел ІІ! Мексіка не забывае сваіх сяброў! Мы не забудзем цябе, Святы Ойча!»

Па матэрыялах «Gościa Niedzielnego» падрыхтавала Крыстына Лялько.