«Той факт, што на гэтай «кактусавай» тканіне знаходзіцца выява, якая з’яўляецца сапраўдным шэдэўрам, і што сама тканіна захоўваецца ў ідэальным стане на працягу 470 гадоў без аніякіх прыкметаў распаду, здзіўляе ўсіх, асабліва свет навукі», — піша пра выяву Божай Маці на плашчы св. Хуана Дыего а. Мечыслаў Пятроўскі — галоўны рэдактар двухмесячніка «Miłujcie się». Артыкул на тэму паходжання і навуковых даследаванняў плашча Хуана Дыего, якога Ян Павел ІІ кананізаваў 31 ліпеня ў Мексіцы, перакладзены з першага нумара гэтага часопіса.

Маці Божая пакінула свой адбітак на плашчы індзейца Хуана Дыего. Цілма — гэта верхняе адзенне індзейцаў, своеасаблівы шырокі плашч, сатканы з тоўстых і шурпатых валокнаў агавы. Колерам ён нагадвае сырое ільняное валакно. Матэрыял, сатканы з гэтых валокнаў, праз 20 гадоў цалкам распадаецца, а з прычыны таго, што ён мае шурпатую і няроўную паверхню, а таксама рэдкае перапляценне, намаляваць на ім нейкі абраз здаецца абсалютна немагчымым. Навуковыя даследаванні палатна, на якім знаходзіцца выява Маці Божай з Гвадэлупы, былі праведзены ў 1976 г. і пацвердзілі, што гэта матэрыял, сатканы з валокнаў агавы. Факт, што на гэтай «кактусавай» тканіне апынулася выява, якая з’яўляецца сапраўдным шэдэўрам, і што сама тканіна захавалася ў ідэальным стане на працягу 470 гадоў без аніякіх прыкметаў распаду, здзіўляе ўсіх, асабліва свет навукі.

Незвычайнай здаецца пастаянная свежасць фарбаў гэтага цудоўнага абраза, а таксама адсутнасць на ім забруджанняў, нягледзячы на тое, што больш за 100 гадоў ён вісеў не ахаваны нават шклом, падвергнуты непасрэднаму ўздзеянню розных разбуральных фактараў: дыму кадзільніц і падпаленых духмяных рэчываў, сажы і растопленага воску са шматлікіх свечак. Славуты мексіканскі мастак Мігель Габрэра піша, што ў 1753 г. бачыў, як на працягу дзвюх гадзін пілігрымы каля 500 разоў дакраналіся да абраза рознымі прадметамі, якія мелі з сабою. Кожны іншы абраз, які б апынуўся ў падобных умовах, вельмі хутка быў бы знішчаны, пачарнеў бы і зрабіўся непазнавальным. Абраз жа з Гвадэлупы ніколькі не змяніўся.

Навуковыя даследаванні паказалі, што па нявысветленых прычынах матэрыял, на якім адбіты абраз Маці Божай, увогуле не ўспрымае пылу, адпужвае насякомых, бактэрыі і грыбкі. Прафесар Філіп Калаган з універсітэта ў Фларыдзе, які даследаваў абраз з Гвадэлупы ў 1979 г., у сваім дакладзе напісаў, што адна запаленая свечка выпраменьвае болей за 600 мікраватаў. У закрытым памяшканні пры сотнях запаленых свечак і наплыве многіх тысяч пілігрымаў узнікае такое вялікае забруджванне, што за кароткі час абраз павінен быў знішчыцца, а фарбы цалкам паблякнуць. Аднак святы абраз Маці Божай з Гвадэлупы, здаецца, цалкам загартаваны для ўсялякага роду разбуральных уздеянняў. Факт дасканалага захавання палатна, а таксама далікатных колераў ва ўсім іх багацці і свежасці выклікае сапраўднае здзіўленне сярод усіх экспертаў і знаўцаў мастацтва. Многія скептыкі і рацыяналісты, сутыкнуўшыся з фактамі, якія адкрылі падчас даследаванняў святога абраза, адкінулі свой скептыцызм і бязвер’е і ўкленчылі перад таямніцай нябачнага Бога. Так, напрыклад, знакаміты мексіканскі архітэктар Раміра Васкес, якому ў 1975 г. было даручана праектаванне новай базылікі ў Гвадэлупе, атрымаў дазвол на дакладнае даследаванне абраза Маці Божай. Вынікі для яго былі настолькі вялікім інтэлектуальным і духоўным узрушэннем, што ён адкінуў свой агнастыцызм і зрабіўся шчырым католікам.

Пра незвычайнае паходжанне абраза Маці Божай з Гвадэлупы сведчаць таксама яго дзіўныя здольнасці захоўвацца ад знішчэння падчас розных неспрыяльных абставінаў і здарэнняў на працягу шматвяковай гісторыі. Напрыклад, у 1791 г. работнік, які чысціў сярэбраную раму, выпадкова выліў на паверхню абраза цэлую бутэльку азотнай кіслаты. На велізарнае здзіўленне і радасць работніка, пралітая кіслата не пакінула нават самага нязначнага следу. Падчас крывавага пераследу Касцёла ў 20-я гады мінулага стагоддзя, у часы праўлення Плутарко Калеса, за выкананне святарскай паслугі тысячы святароў былі пакараны смерцю. Атэістычна-масонскі рэжым зачыніў усе касцёлы ў Мексіцы, аднак не адважыўся зачыніць базыліку ў Гвадэлупе. І ўсё ж ворагі Касцёла звярнуліся да д’ябальскага плану знішчэння абраза Маці Божай і забойства большасці касцёльнай іерархіі. 14 лістапада 1921 г. агенты ўрада схавалі ў вазоне для кветак вельмі моцную бомбу з гадзіннікавым механізмам і паклалі яе пад цудоўны абраз. Бомба ўзарвалася ў 10.30, падчас Святой Імшы, якую адпраўляў біскуп. Магутны выбух страсянуў усю базыліку, разбурыў каменную падлогу, мармуровы алтар і вітражы ў вокнах. Цудам ніхто не загінуў, толькі некаторыя вернікі атрымалі лёгкія раненні. Калі пасля выбуху асеў пыл, аказалася, што абраз застаўся некранутым: ад знішчэння яго захавала вялікае металічнае ўкрыжаванне, якое выгнулася падчас выбуху.

На працягу шматвяковай гісторыі абраз з Гвадэлупы не аднойчы падвяргалі усебаковым даследаванням. Розныя вучоныя і эксперты ў галіне жывапісу жадалі ўпэўніцца, ці сапраўды магчыма растлумачыць яго ўзнікненне натуральным шляхам. Усе даследаванні, якія выконваліся пры дапамозе мікраскопаў, інфрачырвонага выпраменьвання і іншых самых сучасных метадаў, сведчаць, што абраз не быў намаляваны рукою чалавека.

Лаурэат нобелеўскай прэміі ў галіне хіміі, нямецкі прафесар Рычард Кун з Гэйдэльберга, у 1936 г. падвергнуў вельмі грунтоўным даследаванням валокны, узятыя з тканіны, на якой знаходзіцца абраз Маці Божай з Гвадэлупы. Гэты вучоны адкрыў, што фарбавальныя рэчывы, якія выкарыстоўваліся для перадачы колераў на карціне, навуцы ўвогуле не вядомыя. Іх нельга аднесці да рэчываў жывёльнага, расліннага ці мінеральнага паходжання. Выкарыстанне сінтэтычных фарбаў таксама было выключана. Даследаванні абраза ў 1946 г. пры дапамозе мікраскопу паказалі, што на ім увогуле няма слядоў пэндзля, уступнага эскізу ці подпісу мастака. Усё гэта пацвердзілі даследаванні іншай групы вучоных у 1954 і 1966 гадах пад кіраўніцтвам праф. Ф. Кампс Рыбера. Знаўцы праблематыкі згодныя ў тым, што абраз Маці Божай з Гвадэлупы — твор, які не змог бы намаляваць ні адзін, нават самы геніяльны, майстра.

Ужо ў 1929 г. прафесійны фатограф Альфонсо Ганзалес пасля шматразовага павелічэння аблічча Маці Божай адкрыў, што ў Яе вачах выразна відаць адбітак твару чалавека з барадой. Гэтае адкрыццё выклікала цэлую серыю дэталёвых даследаванняў вачэй Маці Божай, якія былі праведзены ў 50-80-х гг. XX ст. Усе даследчыкі згаджаюцца, што вочы Марыі выглядаюць як вочы жывой асобы і вылучаюцца незвычайнаю глыбінёю. У іх можна ўбачыць водбліск, характэрны толькі для вачэй жывых людзей, якога нельга перадаць нават пры дапамозе самай дасканалай тэхнікі жывапісу. Вучоныя зрабілі павелічэнне вачэй Марыі аж у 2500 разоў. Гэта дазволіла ім адкрыць у вачах Маці Божай адбітак постацяў 12 асобаў. У вачах Марыі была адлюстравана сцэна сустрэчы Хуана Дыего з арцыбіскупам Зумаррагам і яго суправаджальнымі асобамі, падчас якой адбыўся цуд узнікнення выявы Беззаганнай на плашчы індзейца. Адбітак гэтай сцэны ў вачах Марыі настолькі дасканалы, што на ім можна ўбачыць нават такія падрабязнасці, як, напрыклад, слёзы хвалявання, завушніцы, шнуркі сандаляў індзейцаў, лысага чалавека з белаю барадою, індзейца з арліным носам, барадою і вусамі і г. д. Дакладнасць і дасканаласць мікраскапічнага абраза выключаюць магчымасць таго, што ён быў намаляваны чалавекам. Вучоныя згаджаюцца, што такой з’явы не назіралася яшчэ ні на адным абразе ці фотаздымку. Гэтыя даследаванні былі праведзены самымі выдатнымі вучонымі ў галіне оптыкі і афтальмалогіі: праф. Чарльзам Валінгам, праф. Фрэнсісам Т. Авіньёнам, праф. Нойзам з Калумбійскага універсітэта (Нью-Ёрк), Эдвардам Гебхардам — тэлевізійным інжынерам і фатографам, праф. Аляксандрам Валінгам — хірургам-акулістам, праф. Італо Манэлі з Пізанскага універсітэта і іншымі. Дэталёвыя даследаванні абраза Маці Божай з Гувадэлупы сведчаць аб таямнічай крыніцы яго паходжання, непадуладнай навуковым доследам. Толькі вера можа нам падказаць, што аўтарам гэтага абраза з’яўляецца сам Пан Бог.

Пераклад з польскай мовы Таццяны Мухляды.