Марыя не раз выказвала сваю прыхільнасць да ружанцовай малітвы, Яна шмат разоў падкрэслівала таксама яе значэнне. Той, хто пранікне ў глыбіню Сэрца Маці, з лёгкасцю зразумее, што адказ на пытанне «чаму Ружанец?» – просты. Марыя палюбіла Ружанец, бо любіць кожнага з нас і прагне толькі аднаго – нашага збаўлення. Ружанец – гэта вялікая, невычэрпная крыніца ласкі, якую мы чэрпаем са збаўленчых падзей, а таксама надзейная зброя ў барацьбе з сатаной, праціўнікам нашага збаўлення.

Марыя ведае, што нельга атрымаць збаўленне інакш як праз удзел у збаўленні, здзейсненым Езусам Хрыстом. Дзякуючы разважанню над ружанцовымі таямніцамі, мы становімся ўдзельнікамі падзей, у якіх здзейснілася наша збаўленне. Сутнасць Ружанца – «упісанне нашага жыцця» ў збаўчыя таямніцы, у якіх Езус Хрыстус, Сын Марыі, перамог сатану і паяднаў нас з Айцом. Падчас ружанцовай малітвы мы аказваемся каля Езуса і Марыі, а там, дзе Яны, адбываецца збаўленне, на нас сыходзіць ласка Божая, адступаюць пякельныя сілы і не пагражае зло. Для Матчынага Сэрца няма большай радасці.

Марыя ведае, што дарогу да паяднання з Хрыстом вызначае нашае «так», якое мы гаворым Богу ўласным жыццём. Яна палюбіла Ружанец, бо гэтая малітва вучыць нас супрацоўнічаць з ласкай. Праз Ружанец мы знаёмімся з падзеямі жыцця Маці Божай, а праз гэта вучымся ад Яе той паставе сэрца, таму даверу і адданасці, служэнню бліжняму, цярпенню разам з Езусам, якія сведчаць пра Яе святасць. Марыя радуецца, што людзі ўсё лепш Яе пазнаюць і любяць любоўю, якая з’яўляецца наследаваннем Яе і якая робіць нас супрацоўнікамі Бога ў справе збаўлення.

Любоў Марыі да Ружанца вынікае з Яе любові і клопату пра нашую вечнасць. Але Найсвяцейшая Маці палюбіла Ружанец таксама таму, што гэта малітва Ёй самой прыносіць радасць. Мы паўтараем за Анёлам Габрыэлем словы, якія Марыя пачула першы раз у Назарэце, над якімі разважала ў сваім Сэрцы і якія напоўнілі Яе нечуванай радасцю: Яна павінна была стаць Маці чаканага Збаўцы! Тое радаснае адчуванне ажывае ў Ёй зноў і зноў, калі Яна чуе паўторанае намі «Вітай, Марыя, поўная ласкі, Пан з Табою». Калі мы молімся на ружанцы, то праз вымаўленыя малітвы і разважанні мы сплятаем вянок з ружаў, які ахвяруем Марыі як сімвал нашай любові. Гэта радуе нашу нябесную Маці.

І нядзіўна, што св. Людвік Марыя Грыньён дэ Манфор сказаў: «Я не ведаю лепшай дарогі да Валадарства Божага, чым спалучэнне вуснай і мысленнай малітвы ў чытанні Ружанца і разважанні над яго пятнаццаццю таямніцамі». Кожны, хто спазнаў Сэрца Маці, можа дадаць: «Не ведаю малітвы, якую б Марыя любіла больш за гэтую».

Вінцэнт Лашэўскі
Пераклад з польскай мовы Іны Ламакi «Różaniec» № 13 (532), 1996 г.