Міждыяцэзіяльная вышэйшая духоўная семінарыя св. Тамаша Аквінскага ў Пінску пасля доўгіх «канікулаў», якія «пачаліся» ў 1939 г., аднавіла сваю працу 12 верасня 2001 г. З пытаннем, як пачынаеццца і праходзіць навучальны год у семінарыі, мы звярнуліся да ксяндза Яна Крэміса, віцэ-рэктара семінарыі, які завітаў да нас у рэдакцыю.

— Ксёндз Ян, раскажыце, калі ласка, пра пачатак навучальнага года ў семінарыі.

— Навучальны год у семінарыі пачынаецца 1 кастрычніка, а перад гэтым праходзяць рэкалекцыі для клерыкаў, грунтоўныя духоўныя практыкаванні, таму клерыкі павінны быць на месцы за дзень-два да вызначанай даты рэкалекцый. Падчас адкрыцця навучальнага года клерыкам уручаюць залікоўкі і студэнцкія білеты, нехта з выкладчыкаў чытае рэферат. Зразумела, збіраюцца ўсе выкладчыкі семінарыі, якія, у сваю чаргу, павінны скласці вызнанне веры біскупу, што будуць навучаць і выхоўваць клерыкаў так, як таго патрабуе Касцёл. Пасля афіцыйнай часткі мажліва музычная праграма.

— А як праходзіць звычайны дзень у семінарыі?

— У 6:30 — пад’ём, у 7:00 — ранішняя малітва ў капліцы, у 7:30 — Святая Імша, у суботу — на лацінскай мове, у аўторак і чацвер — на польскай, ва ўсе астатнія дні — на беларускай. У 8:30 — снеданне, з 9:00 да 13:45 — заняткі, вядома ж, з перапынкамі, у 13:45 — малітва перад абедам у капліцы, у 14:00 — абед, і пасля абеду вольны час да 16:00, потым самападрыхтоўка да 18:45. Перад вячэрай — супольная малітва ў капліцы, у 19:00 — вячэра, з 20:00 да 21:00 — самападрыхтоўка, а 21-й гадзіне духоўнае чытанне, у 21:30 — супольная вячэрняя малітва і ў 22:30 — адпачынак. На працягу ночы і да заканчэння ранішняй Святой Імшы клерыкі абавязаны захоўваць маўчанне. Робіцца гэта па некалькіх прычынах: маўчанне карыснае для самавыхавання і самадысцыпліны, а таксама клерыкі не павінны перашкаджаць адзін аднаму (напрыклад, падчас падрыхтоўкі да заняткаў і калі нехта з іх моліцца).

— Ці ўдаецца заўсёды алюмнам выканаць такі наказ?

— Увогуле, так. Здараецца, вядома ж, рознае... Але вялікі плюс нашай семінарыі ў тым, што праца пачалася з першага курса, і таму тое, што скажуць выхавацелі, так бы мовіць, — унутраны закон для клерыкаў. У семінарыі дысцыплінай займаецца ксёндз прэфект, духоўны айцец адказвае за выхаванне клерыкаў. Зразумела, што рэктар, віцэ-рэктар, пракуратар, іншыя выкладчыкі таксама ўносяць свой уклад у справу выхавання.

— Ксёндз Ян, ці шмат прадметаў вывучаюць Вашы студэнты?

— На першым курсе было 20 прадметаў... Гэта 420 гадзінаў на семестр... Я лічу, што праграма вельмі насычаная. Увогуле першы курс займаецца падрыхтоўкай да асноўнага навучання, асабліва першыя паўгода. Чалавеку даецца час, каб зразумець, куды ён трапіў... Ёсць такія прадметы, як уводзіны ў семінарыйнае жыццё, уводзіны ў хрысціянства, у духоўнае жыццё. А таксама гісторыя Касцёла, псіхалогія, літургіка, беларуская, польская, англійская мовы, касцельная музыка, пастаральная фанэтыка, логіка, тэорыя пазнання, urbanitas (гэта навука пра тое, як павінен сябе паводзіць святар), уводзіны ў філасофію... Другі курс цалкам прысвечаны філасофіі. Потым адбываецца пераход да тэалагічных прадметаў, ідзе вывучэнне Святога Пісання, выкладаецца кананічнае права, маральная, дагматычная, пастаральная тэалогія, гамілетыка, катэхетыка, сацыяльнае вучэнне Касцёла і г.д. Усяго нават і не пералічыш. А яшчэ будзе шмат факультатыўных заняткаў: вывучэнне папскіх энцыклік, гісторыі мастацтва, архітэктуры, сродкаў масавай інфармацыі, пастаральнай медыцыны.

— А што выкладаеце Вы, ксёндз Ян?

— Я цяпер выкладаю вельмі прыгожы і цікавы прадмет — літургіку. Гэта вывучэнне літургіі. Клерыкі атрымліваюць тэарэтычныя і практычныя веды аб рэлігійных абрадах, вучацца, як павінна цэлебравацца Святая Імша, іншыя сакраманты, розныя набажэнствы.

— А ў Вашай практыцы здараліся нейкія неардынарныя сітуацыі?

— О, так! На практычных занятках бывалі цікавыя моманты. Напрыклад, хлопцы вучыліся апранаць альбы, павінны былі правільна падвязаць пасы, ну і, вядома, як часам апрануць адзін аднаго, то выглядаюць вельмі дзіўна... А яшчэ мы спецыяльна ўскладнялі для іх заданне: для невысокага семінарыста давалі вялікую альбу... Ох, па-рознаму ў іх выходзіла... Гэта ж першыя крокі... З кадзільніцай смешна было таксама. Калі вучацца размахваць ёю, то, бывае, кадзіла рассыплюць па ўсёй падлозе альбо незнарок у лоб каму-небудзь патрапяць кадзільніцаю...

— А чым займаюцца клерыкі ў вольны час?

— Адпачываюць ад заняткаў... Зразумела, могуць пагуляць у футбол, пакатацца на веласіпедах, пайсці ў спартыўную залу. Ёсць час і тэлевізар паглядзець. Дарэчы, семінарыю прыбіраюць самі клерыкі і робяць гэта таксама ў вольны час. У сераду ў нас — выхад у горад, у нядзелю — супольная прагулка, можна наведаць маляўнічыя мясціны Піншчыны...

— Але ж, пэўна, бываюць і непаслухмяныя клерыкі?

— Ну, зразумела, бываюць. Гэта як у сям’і: усе дзеці розныя. Адны больш паслухмяныя, другія менш, але да ўсіх трэба ставіцца аднолькава і з любоўю. Нельга, каб хтосьці больш падабаўся, нельга камусьці аднаму прысвячаць больш увагі. Трэба імкнуцца быць аднолькавым да ўсіх. Справа ж у тым, каб з непаслухмяных клерыкаў зрабіць паслухмяных Божых людзей. І вось на гэта ёсць 6 гадоў супольнай працы і малітвы.

— Скажыце, ксёндз Ян, ці лёгка выхоўваць будучых святароў?

— Ой, не ведаю, пакуль што адзін толькі год працую ў семінарыі... (смяецца). А калі сур’ёзна, то пэўна ж нялёгка. Святар з людзей узяты і да людзей пасланы. Такая праўда. Святары не падаюць з неба, яны выхоўваюцца ў нашых сем’ях, вучацца ў нашых школах, жывуць, працуюць... Бог кліча многіх, аднак некаторыя не дапускаюць у сваё сэрца гэты голас, заглушаюць яго, выбіраюць нешта іншае. А некаторым Бог дае ласку адказаць на пакліканне не толькі вуснамі, але ўсім сваім жыццём.

— Ці трапляюць у семінарыю выпадковыя людзі?

— Можа, не зусім выпадковыя. Калі чалавек прыйшоў у семінарыю, то значыць яго нешта прывяло. Напэўна ж, адпаведна рыхтуецца, бо гэта вельмі адказны крок — сказаць сабе «пайду ў семінарыю», асабліва ў сучасным свеце... Таму няма выпадковых людзей. Толькі некаторыя разумеюць потым, пражыўшы нейкі час у семінарыі, паўгода ці год, што гэта не іх справа, не іх шлях, і тады самі адыходзяць альбо па розных прычынах іх выключаюць з семінарыі.

— А па якіх прычынах могуць выключыць з семінарыі?

— Ну, напрыклад, чалавек адмоўна ўплывае на іншых, не можа жыць у супольнасці, дрэнна вучыцца, а можа проста не жадае вучыцца альбо лянуецца. Розныя прычыны... У такіх выпадках выкладчыкі і выхавацелі збіраюцца разам з рэктарам і вырашаюць, ці можа такі клерык працягваць далей вучобу. Звычайна такія сустрэчы адбываюцца два разы ў год, пасля зімовай і летняй сесій. А яшчэ кожны месяц праходзяць паседжанні выхаваўча-адміністрацыйнай рады, дзе абмяркоўваюцца бягучыя справы.

— Ксёндз Ян, адкуль паступаюць кандыдаты ў духоўную семінарыю?

— Семінарыя наша — Міждыяцэзіяльная, таму прыходзяць хлопцы з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, Пінскай і Віцебскай дыяцэзій. У мінулым годзе з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі вучылася 9 клерыкаў, з Пінскай — адзін, з Віцебскай — 4. А колькі і адкуль клерыкаў будзе ў гэтым годзе, яшчэ паглядзім. Я ўжо гаварыў, што будучыя святары прыходзяць з сем’яў. Калі ёсць добрыя каталіцкія сем’і, то будуць і пакліканні. Так што адказнасць за выхаванне будучых святароў ляжыць не толькі на семінарыі, але і на мясцовым пробашчу і на сям’і. Гэта наша супольная справа.

— Дзякуем, ксёндз Ян, за размову і жадаем, каб з кожным годам колькасць святарскіх пакліканняў і добрых святароў у нашай краіне павялічвалася.

Гутарыла Элвіра Ваўчок