Ірына БУРАК

* * *
«Глянь, мама! А чаму ляцяць аблокі?»
«Iх гоніць вецер над асенняю зямлёй.
Але каму тут выкажаш папрокі?
Напэўна, гэтак жа няўтульна ім, як нам з табой.

Мы можам захінуцца ў плашчык ці накінуць капюшоны,
Схавацца ў сценах дома ад парываў ветру і нягод.
Яны ж, пакорныя вандроўнікі нябёсаў,
Адданы Божай волі з году ў год.

Шчаслівыя яны - не душаць іх жаданні,
Хоць вецер гоніць, скручвае, трасе,
Iх існаванне звязана з чаканнем -
Аднойчы ранкам сцішыцца ў расе.

А мы... Нашто нам гмахі, злепленыя з клетак,
Машыны і вандроўкі ў віртуальны свет.
Пакрыем хутка ўсю зямлю асфальтам замест кветак,
А замест душаў ўставім мікрасхемы - гэта не сакрэт.

...Ты вырасцеш разумнай і прыгожай,
Але няшмат нам трэба, каб шчаслівым быць:
Жыць, як трава, як воблака, як кветка з ласкі Божай,
Спакойна ўсё прымаць і Божы свет любіць».

Бог чакае цябе
Ты ідзеш не ў касцёл
і не да святара,
што адпусціць грахі без папрокаў.
Ты да Бога ідзеш!..

Ён чакае цябе
у сваёй неабсяжнай любові,
у бясконцым цярпенні
і ў пакутах за кожнага з нас.

Ён чакае цябе,
тваіх спеваў, малітваў, падзякі,
твайго шчасця ад еднасці з Iм
і спакою, што Ён табе дасць.

Бог чакае цябе...
Дзе блукаеш ты ў скрусе?
Хіба ж знойдзе душа твая
лепшы прытулак сабе?!

Ave Maria
Ave Maria на скрыпкі смычку.
Ave Maria узносіць у высі.
Ave Maria ачысціць душу.
Ave Maria - не словамі, сэрцам маліся.

Светлая, шчодрая музыкі плынь
Ціха прыгорне душу пад крыло -
Пэўна, анёлы нясуць удалячынь
З грэшнага цела, дзе шчасце і гора было.

Так і ляцець ў непарушным спакоі
Ў край, дзе спрадвеку пануе Любоў...
Маці Ласкавая, з нашай нядолі
Выслухай сэрцаў адчайныя просьбы
                                        і сцішы іх боль.

Маліся за сябе...
Маліся за сябе!
Каб ты аддаў з таго, што маеш,
Таму, хто папрасіў цябе.
Душу сваю ты ад каго хаваеш?
Аддай на волю Божую яе!

Маліся за сябе!
Каб розум твой дзівіўся
На ўсё, што створана Яго рукой.
Каб ты ў жыцці ніколі не згубіўся
І ведаў, дзе знайсці сабе спакой.

Маліся за сябе!
Каб ў сэрцы тваім міласць
Цвіла, як ружа, дзівячы красой.
Каб добрай думцы мог надаць ты сілы,
Каб свет і ласку нёс заўжды з сабой.

Маліся за сябе!
Каб ў гонцы мітуслівай,
У натоўпе, што забыў, нашто мы ёсць,
Ты мог спыніцца і знайсці хвіліну,
Падзяку Творцу Свету каб узнесць.

Маліся за сябе!
Каб помніў: ты адна расінка
Сярод мільярдаў, ссыпаных з нябёс.
І ў кожнай ззяе водбліск Божай волі
Маліся, каб ніводзін не пагас!

Маліся за сябе!
Маліся ўдзень і ўночы!
Малітвы час у вечнасць нас нясе.
Там, як пашчасціць, ўбачаць твае вочы
Спрадвечную Любоў ва ўсёй яе красе.

* * *
Завечарэла...
Ціхі вераснёўскі вечар ласкава атуліў зямлю.
На небе асядаюць па краях аблокі.
I як дзяўчаты на гулянне,
На змену ім выходзяць зоркі-сплюшкі.
Спачатку сціплыя красуні мігнуць там-сям, бы незнарок,
Як быццам сёння і чакаць няма чаго:
Звычайны вечар...

Але неўзабаве
Ўзнялося неба ажно у бясконцасць,
I як магутны гімн з анёльскіх трубаў
З-пад полагу яго з'явіліся мільярды зорак.
Шле кожная душы знямелай прывітанне
I напаўняе сэрца дзіўным адчуваннем
Бязмежнасці Сусвету і ўсясілля Прыгажосці,
Якая выратуе свет...

* * *
Гэтай ноччу раздзеліся клёны,
I з каштанаў зляцелі лісты...
Ды не шлюць яны небу праклёнаў -
Навучыся пакорнасці й ты!