...А можа, i добра, што нам не дадзена гартаць наперад уласную Кнiгу лёсаў. I толькi пражыўшы жыццё, мы атрымлiваем у вечнае карыстанне пажоўклыя ад часу старонкi. Аднак — i ў гэтым парадокс icнавання — заглядваць у канец ужо няма сэнсу. А назад нічога не адгорнеш — не бывае вяртання ў мiнулае. Адна надзея на памяць...

Дык давайце паслухаем самую неверагодную гiсторыю пра веру, надзею i каханне. Пра чалавечую годнасць i настальгiю. А дакладней, пра тое, як сцiплы i малапiсьменны кравец Казючок з вёскi Заўруткi Мядзельскага раёна стаў спачатку савецкiм вязнем сумлення, потым польскiм лётчыкам i нарэшце англiйскiм бiзнесменам. I як вярнуўся да пакiнутай у Беларусi жонкi i сына, нараджэння якога чакаў, але не пабачыў.

Разлука, альбо Аповед пра законапаслухмянасць простага чалавека

Жыў-быў напярэдаднi другой сусветнай вайны ў глухой заходнебеларускай вёсачцы на Мядзельшчыне сцiплы i спрытны — амаль як у казцы Андэрсена — малады кравец Казючок. Шыў кажухi ды палiто, а яшчэ тое, што заказвалi пераборлiвыя, i не вельмi, клiенты, збiраў пакрысе грошы на ўласную гападарку. I калi надышла пара i зашапацеў важкаваты пачак асiгнацый за абразамi (а здарылася гэта акурат у 29 Казiкавых гадкоў), прыгледзеў сабе на танцах семнаццацiгадовую прыгажуню Адальфiну з суседняй Пятрэлеўкi. 7 лiстапада 1938 года — без усялякай прывязкi да рэвалюцыйнай даты, пра якую заходнебеларускiя сяляне не надта й ведалi, а проста пасля заканчэння сезоннай вясковай працы — зладзiлi маладыя вяселле. Аднак не паспелi i года пражыць, як 24 жнiўня 1939 краўца выклікалi на вайсковыя зборы ў Паставы. Пайшоў — а тут 1 верасня i вайна выбухнула. Пачуўшы неспадзяваную навiну, хiтраваты Казючок затрымаўся на хатняй пабыўцы, балазе, парадкi ў свежасабраным польскiм войску былi лiберальныя: па вечарах абмундзiраваныя «жанацiкi» бегалi з Паставаў на начлег да маладых жонак.

Здавалася б, толькi выгадаў — 17 верасня ў гiсторыi пачалася новая эпоха, калi новым уладам ва ўз’яднаўчым парыве было не да асобна ўзятага Казючка з яго абсыпанымi крэйдай трантамi. Ды мiрны цывiльны перапынак трымаўся нядоўга. 10 лютага 1940 года Яновiча выклікалi ў Слабадскi сельсавет: для удакладнення запiсаў у дакументах новага жыхара СССР.

Адклаўшы нажнiцы з напарсткам, кравец паiмчаў на ўладны выклiк. Праяўленая тубыльцам законапаслухмянасць была настолькi вялiкая, што Казiмiр спакойна згадзiўся на прапанову занятых савслужачых пераначаваць паблiзу i з ранiцы зноў з’явiцца ў сельсавет.

Каб жа прадчуваў, што будзе заўтра! З вышынi сённяшнiх 93 гадоў за плячыма Казiмiр Антонавiч так пракаментуе былое: «Калi б ведаў, што назаўтра мяне арыштуюць i толькi праз чвэрць стагоддзя ўбачу сына, які народзiцца без мяне, то далёка быў бы ад таго месца».

Яновiча арыштавалi. За тое, што распаўсюджваў рукапiсныя каталiцкiя малiтвы. Ну, ён i не вельмi адракаўся, што перапiсває рэлiгiйныя тэксты. Бог жа — паняцце святое. Аказалася, з якога боку паглядзець. З пiльнага боку асобай нарады НКУС СССР ад 21.08.1940 г. гэта быў 72 артыкул — «прапаганда цi агiтацыя, якая утрымлiвае заклiк да падрыву цi аслаблення Савецкай улады». Давалi за такую вiну паўгода, але Яновiчу крутанулi цэлых восем...

Пра першае знаёмства з няволяй Казiмiр Антонавiч расказваў так:

— Са Слабады пераправiлi нас у Мядзель, а потым на шасцi фурманках павезлі праз возера ў Паставы. Мароз — сорак градусаў. Хто лёгка адзеўся, той не вытрымаў... Кiнулi мяне ў Паставах у нейкай канцылярыi. Сяджу разам з возчыкамi, чакаю выклiку. Ноч настала — там i пераспаў. На другi дзень бачу праз акно, што па двары вядуць майстра, які мяне шыць вучыў. Я — да акна i давай клiкаць яго. А ахоўнiк з вiнтоўкай падскоквае i на мяне: «Чего орешь?» «Дзе ж ты ў мяне плуг бачыш, — пытаюся, — як я магу ў турме араць?»

I была затым дарога далёкая — па рэйках i рэках, у сталыпiнских вагонах i на барках, разам з бяздольнымi жанчынамi-арыштанткамi i ахоўнiкамi. З гнiлой рыбай замест ежы пад Котласам i вядзёркам вады на 40 людскiх галоў. I нават без парашы ў вагоне-цялятнiку...

А ў прыгажунi Адэлi роўна праз тыдзень пасля арышту мужа нарадзiўся сын Пётра. Самае крыўднае — у апошнi дзень размiнулася з Казiкам. Прыляцела з чарговым пакункам-перадачай за 35 кiламетраў, а яго ўжо у Сiбiр павезлi, так i не даўшы бацьку кiнуць вокам на першынца.

Лагерны стаханавец, або Аповед пра добрых людзей

Бог не пакiнуў у бядзе Яновіча. Паслаў яму не толькi выпрабаваннi, але i добрых людзей.

Калi вязняў прывезлi ў Комi АССР, на станцыю Кiрпiчную, Казiмiр з Заўрутак хутка зарыентаваўся, што латаць на лёдзе бушлаты i валёнкi — гiблая справа. I прыкiнуўся сталяром — каб у цяпле працаваць (праз год сялянскi сын i польскiм лётчыкам назавецца...).

Але ж назваўся сталяром — рабi калi не стол, дык хоць аконную раму. Разам з 32 дабравольцамi стаў Казiмiр першую раму збiваць. I перакасiў, i заклiнiў. Але, на шчасце, рускi майстар Сiдараў пашкадаваў няўдалага сталяра: навучыў рамяству. Пасля руплiвы Яновiч не толькi рамы ладзiў, але i двух’ярусныя ложкi, i латакi для здабычы нафты. А паколькi перавыконваў норму, то нават стаў лагерным стаханаўцам. I ў першым лісце жонцы, які дазволiлi паслаць дадому, пахвалiўся, што пасля стаханаўца збiраецца стаць ударнiкам.

Толькi наважыўся дасягнуць пастаўленай мэты, як выклiкалі да начальства. I грознае пытанне ў лоб: чаму працаваць не хочаш — ва ўдарнiкi скацiцца збiраешся? Ледзьве ўцямiў новаспечаны сталяр, што стаханаўскiя нормы больш высокiя, чым ударнiцкiя. I больш ганаровыя. А ад нормы, дарэчы, i лагерны кацёл залежаў.

Польскi лётчык, або Аповед пра скарпiёнаў, кiшмiш i скiнутыя бомбы

...Акрамя парадоксаў у жыццi здараюцца яшчэ i цуды. Бо як iнакш можна назваць той факт, што выйшла неўзабаве рэлiгiйнаму пакутнiку Яновічу выдаць сябе за нябеснага летуна. Самае цiкавае, што паверылi. Пастрыглi, абмундзiравалi — i павезлi ваяваць. Спачатку рушылi на Балтыку, а потым павярнулi на Iран, адтуль чыгункай аж да Iндыi, праз Пакiстан i Афганiстан.

О, чаго толькi ні было па дарозе з валанцёрам-вандроўнiкам з глухiх Заўрутак: i скарпiёнаў з ботаў вытрасаў, i ад прыгажуняў-персiянак пад чадрой адварочваўся, бо на свае вочы пабачыў, што сталася з адным шустрым палякам, які парушыў камандзiрскi загад, i салодкiм кiшмiшам частаваўся напераменку з кансервамi пад вельмi пажыўнай, як аказалася, назвай «бiф». З Кейптаўна спрабавалi праз Мадагаскар дабрацца да англiйскага Лiверпуля, але прыйшлося вярнуцца — саюзнiцкi транспарт падсцерагала нямецкая субмарына.

У Шатландыi, дзе зрабiлi прыпынак, Яновiч здорава насмяшыў сваiх саслужыўцаў. Праз заднi борт армейскага грузавiка ўбачыў Казiмiр чырвоныя шатландскiя харугвы i куляй выскачыў з кузава ў кусты: рашыў, што падманулi саюзнiкi i зноў у савецкi лагер прывезлi.

А на лётчыка Яновiч усё ж вывучыўся! На спецыяльных падрыхтоўчых курсах асвоiў у Лiверпулi аднаматорныя вучэбныя «марцiнесы» i «вeлiнгтоны». I пасля трэнiровачных баражыраванняў пад англiйскiмi аблокамi пачаў вылятаць на баявыя заданнi за Ла-Манш — бамбiць Дортмунд, Гановер, Брэмен, Кiль, Плаўн, Патсдам, Берлiн. Каб я цалкам паверыла, што гэта не мiстыфiкацыя, Казiмiр Антонавiч дастаў з шуфляды сваю лётную кнiжку зялёнага колеру з датамi вучэбных i баявых вылетаў на пажоўклых старонках. Такое не сфальсiфiкуеш — 474 гадзiны ў небе. Як i баявую ўзнагароду — польскi Крыж з надпiсам «Заслужыўшаму на полi Славы».

А яшчэ, шчыра кажучы, былога краўца прымушаў лятаць меркантыльны iнтарэс. Каб разлiчваць на прыстойную пасляваенную пенсiю ў туманным Альбiёне, Яновiчу патрабавалася зрабiць не менш за 30 вылетаў. Затое потым два гады клопатаў з бiзнесам не меў — быў вызвалены ад падаткаў.

Сустрэча, або Аповед пра настальгiю i каханне

I чаго б, здавалася, чалавеку яшчэ трэба: на падсабраныя «бамбардзiровачныя» грошы купiў экс-пiлот прыстойны трохпавярховы домiк у Вульверхэмптане — з чырвонай цэглы i белым паскам пасярэдзiне фасада. На першым паверсе — майстэрня з манекенамi i ўзорамi адзення, на другiм — дзесяць жылых пакояў. Меў добрых клiентаў, раскошны садок з класiчным англiйским газонам пад вокнамi. Сем машын за дваццаць гадоў, як сапраўдны лонданскi дэндзi, змянiў, на шасцiцылiндравым «Трыумфе» па Пiкадзiлi раскатваў. Пры жаданнi добрую пурытанска-ангельскую жонку мог сасватаць, бо нi з мовай, ні з грашыма праблем не было. Але ж не — настальгiя замучыла, не мог забыць сваю пакiнутую ў Беларусi прыгажуню Адальфiну i нi разу не бачанага сына. I калi ў жалезнай заслоне з’явiлiся першыя дзiркi-прасветы, стаў шукаць сваю ненаглядную самотную Адэлечку. I знайшоў, i прыслаў ёй запрашэнне ў Лондан, а таксама прыгожую сукенку, каб жонка як лялечка-мадэлька выглядала. Сукенка, праўда, аж у Мурманск з пасылкай з’ездзiла, нават чамусьцi падмокла там, пакуль знайшла сваю адрасатку. Але ж — чыя рука шыла — аказалася Адзе як раз.

I адбылася ў 1966 годзе ў аэропорце Хiтроў незабыўная сустрэча жонкi з мужам пасля 26 гадоў разлукi. Каб адчапiцца ад усюдыiсных рэпарцёраў, Яновiч перадаў прама ў самалёт з палiсменам запiску, што чакае Аду ў новенькiм «Трыумфе». Ды толькi журналiсты шустрыя аказалiся — знайшлi Яновiчаў у iх лонданскай рэзiдэнцыi на Весбурн-роўд, 14, што знаходзiлася непадалёку ад савецкай амбасады, i зрабiлi сенсацыйны сюжэт.

А яшчэ праз год упершыню пабачылi адзiн аднаго Яновiч-старэйшы i Яновiч-малодшы. Пётра прыляцеў у Лондан i рашыў, што пазнае бацьку сам.

Вось як расказваюць пра гэта Адальфiна Iгнацьеўна i Казiмiр Антонавiч:

— Прыляцеў самалёт, я схавалася i чакаю. Бачу, Пiтэр выходзiць. Ну хай жа сам справiцца пазнаць бацьку...

— А я падышоў да хлопца i пытаюся: да каго прыляцеў i ў якi горад ехаць збiраешся. I ўсё цiснуся да яго бокам, цiснуся. А Пiтэр па баках аглядаецца i нават не можа Вульверхэмптон вымавiць. I бокам ад мяне — за жулiка бацьку прыняў...

I тады выйшла з-за вугла Адальфiна.

—Я стала памiж iмi, адну руку аднаму на плячо паклала, другую другому i кажу: «Першы раз у жыццi мая сям’я сабралася разам».

Вяртанне, або Аповед заключны

Адальфiна вытрымала ў прыгожай i багатай Англii толькi дзесяць гадоў, а потым угаварыла мужа вярнуцца ў Беларусь. «Каб памiраць на радзiме», як кажуць самi Яновiчы. I англамоўны пiлот-кравец згадзiўся — прадаў у 1976 годзе лонданскi дом на Весбурн-роўд. Купiў праварулявы «Масквiч» — прыгожы «Трыумф» савецкiя ўлады ўзяць не дазволiлi. «Англiчане» не без цяжкасцяў атрымалi беларускую прапiску — эпоха ж была брэжнеўская, набылi дом у мястэчку Крывiчы. З выгодамi на дварэ, як самi жартуюць.

Казiмiр Антонавiч i цяпер яшчэ, у 93 гады, можа сесцi за руль, каб звазiць каханую Адэльку ў касцёл. Муж i жонка Яновiчы атрымлiваюць англiйскую пенсiю, якая iм прызначана па брытанскiх законах. А Адальфiна яшчэ i беларускую — як былая паляводка мясцовага калгаса. Пётра жанiўся, мае дачку, працаваў, як i бацька, краўцом, аднак у апошнiя гады абзавёўся трактарам «Беларусь» i дапамагае землякам на сотках.

А нядаўна Казiмiр i Адальфiна перабралiся ў Маладзечна, набыўшы там кватэру.

Людмiла СЯЛIЦКАЯ.