У Касцёле Божым ёсць столькі магчымасцяў
і столькі шляхоў да Бога, колькі ёсць людзей.

Кардынал Стэфан Вышынскі

З 26 па 30 жніўня ў в. Гудагай, што на Гродзеншчыне, праходзілі рэкалекцыі для моладзі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, прысвечаныя чалавечым каштоўнасцям. Праводзіў іх кс. Уладзімір Русак, вікарый мінскай архікатэдры Імя Найсвяцейшай Панны Марыі.

У кожнага чалавека свой непаўторны і адзіны шлях да Бога. Але кожнага з нас аб’ядноўвае адно імкненне — быць блізка Бога, несці Евангелле іншым людзям, несці святло Божай любові ў нашае штодзённае жыццё. А дасягнуць Божай блізкасці лягчэй за ўсё на рэкалекцыях. Само слова «рэкалекцыі» ў перакладзе з лацінскай мовы азначае «зноў сабраць» (сілы, думкі), «зразумець наноў», а ў сённяшнім нашым разуменні — перагледзець, аднавіць сваё жыццё.

Так і быў запланаваны кожны дзень рэкалекцый: мы стараліся перагледзець сваё жыццё і аднавіць яго, каб жыць адпаведна з Божаю воляй.

Кожны дзень пачынаўся і заканчваўся супольнай малітвай, кожны дзень мы ўдзельнічалі ў Святой Імшы, а два разы на дзень праводзіліся сустрэчы, на якіх мы абмяркоўвалі набалелыя пытанні. Час быў размеркаваны так, што мы паспелі паразважаць над іерархіей каштоўнасцяў, вызначаючы для сябе галоўнае: будзь то сяброўства, салідарнасць, праца, улада альбо годнасць.

Асаблівае месца ў нашых рэкалекцыях заняў Крыжовы шлях: мы самі зрабілі і самі неслі на сваіх плячах вялікі бярозавы крыж, глыбока перажываючы пакуты Езуса на Галгофе. А падчас адарацыі Найсвяцейшага Сакраманту кожны меў магчымасць прыступіць да споведзі.

Зразумела, быў час на спевы на хвалу Пана Бога і Яго Найсвяцейшай Маці. Песня была нашым спадарожнікам і ў электрычцы, а сястра Агата з Кангрэгацыі сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэту дапамагала нам не сумаваць, падбадзёрвала сваёй ігрой на гітары.

Нашаму малітоўнаму настрою вельмі спрыяла прыгажосць Гродзеншчыны. Прыслухоўваючыся да цішыні прыроды, углядаючыся ў блакітнае неба, кожны раптам разумеў, што застаецца адзін на адзін з Небам, і толькі ад яго самога залежыць, якім будзе шлях да Бога...

Шчыра дзякуем сёстрам кармелітанкам Таццяне і Тэрэсіне, якія вельмі цёпла і гасцінна прымалі нас у сваім кляштары, і кс. Уладзіміру за яго апеку.

Удзельнікі рэкалекцый.

«Я зразумела, што даволі рэдка разважала над тым, якія каштоўнасці ёсць у розных людзей, альбо ў чым мэта майго жыцця, і як лёгка можна адабраць у чалавека яго годнасць і пачуццё павагі да іншых».

Таня Каралевіч.

«Агульная супольная малітва была як дотык да святла Божай любові. У гэтыя хвіліны невымоўная радасць і бязмежнае шчасце ўліваліся ў самую глыбіню душы і запаўнялі сэрца. У размовах мы шукалі праўду жыцця, крок за крокам набліжаючыся да Бога, адно да аднаго і да саміх сябе. Дзякуючы гэтым рэкалекцыям я адчула сапраўдную надзею на наша пакаленне, на тое, што яно зможа збудаваць сапраўды трывалы дом, дзе будуць панаваць святло і любоў».

Надзея Б.

«Ніколі не забуду Крыжовы шлях: мы нібы апынуліся каля нашага Збаўцы ў гадзіну Яго канання на крыжы. Я адчула, як прачынаецца, нібы ад сну, мая вера, як узрастаюць любоў і пашана да кожнага чалавека...»

Кацярына Каласоўская.

«Кожны з нас знайшоў на рэкалекцыях тое, што шукаў: нехта — сяброў, нехта — сябе, а нехта зразумеў, што трэба любіць і шанаваць не толькі сябе, але і іншых».

Людміла Ржэуцкая.

«Рэкалекцыі, на маю думку, былі незвычайныя. Навуку з вуснаў святара мы чулі толькі падчас Св. Імшы. А на спатканнях мы падводзілі вынікі розных тэстаў і анкет, якія нам «падкідваў» кс. Уладзімір. Мяне, напрыклад, здзівіла розніца ў рэйтынгу маіх жыццёвых мэтаў паміж «знайсці цікавую, задавальняючую патрэбы працу» і «стаць добрым, сумленным супрацоўнікам». Я зразумеў: калі першае ў мяне стаіць вышэй за другое, то яшчэ ёсць над чым у сабе папрацаваць».

Павел Рак.