Яўген БАРТНІЦКІ

Нарадзіўся 13 красавіка 1976 года ў вёсцы Лугамовічы Іўеўскага раёна. Скончыў Вышэйшую духоўную семінарыю ў Санкт-Пецярбурзе. Магістр тэалогіі Латэранскага універсітэта ў Рыме. Вершы друкаваліся ў часопісах "Дыялог", "Беларусь", у газетах "Наша слова", "Голас Радзімы", "Царква". Выйшаў зборнік паэзіі "Летуценнік" (1998). Жыве і працуе на Урале (г. Перм).

* * *
Зайшоў ужо над рэчкаю
Круг сонца залаты,
І шэпчуць казку даўніх дзён
У жоўцені лісты.
Далёкі голас чутны стаў,
Далёкі чутны спеў,
Калыша на траве расу
Лагоднасці павеў.

Казыча промень ночы дол,
Трывожыць сон лясоў,
А пах мядовы траў сухіх
Завіс вакол палёў.
У водары цвіцення зёл
І цьмяных зор балад
Паэзіяй пячэ душу
Радзімы далягляд.

Паўцень зямліцу ахінуў,
Настаў час дзіўных мар,
На фарбы дня калматы цень
Сцягнуў сівізну хмар.
Раскінуў крылы скрозь свае,
Як свету назнарок,
Спяшыць зашыць ён дня сляды,
Каб заўладарыў змрок.

Дуб ля Каложы
Стала рыжаю Гародня,
Прычасаў ёй Нёман чуб;
Мо, гуляць пайсці сягоння,
Прывітаць маўклівы дуб?

Ён расправіў ля Каложы
Так адважна плечы ўшыр,
Што здзіўляецца прахожы:
Сапраўды, дуб — багатыр!

Ля яго спынюся часам,
Напужаю там варон.
Іх заўсёды чорным пасам
Тут віхурыць легіён.

* * *
Сярод людзей, дзе чалавек?
Ау! Крычу — яго ж няма.
Няўжо такі наш час, наш век,
Такая вось няўжо зямля?

Трывожыць сэрца неспакой:
Навошта спрэчкі, слёзы, здзек?
А мова робіцца нямой —
Сярод людзей, дзе чалавек?

* * *
Зноў сумуеш, сябра мілы мой:
Вочы апусціў — і твар журыцца.
Дзівіць свет нясталасцю сваёй —
І няма табе дзе прыхіліцца.

Колькі ты прайшоў ужо дарог,
Колькі страціў сіл, і колькі планаў
Лёс змяніць, бы чараўнік той, змог,
Колькі здрад спаткаў ты і падманаў.

Так жадаў ты шчасце даганяць
Бегчы, крочыць — тое ж уцякае.
Крыж з плячэй хацелася так зняць,
Сэрца ж кажа: Бог цябе чакае.

Нас чакаюць! Дай сваю далонь —
Разам пойдзем віхрам на сустрэчу.
Што нам дождж, і што для нас агонь —
З Богам пераможам страх, пустэчу.

* * *
І праз жыццё лятуць каметы,
Святлом апальваючы зрок —
Стае тады усё бяз мэты,
Спаўзае ў думкі едкі змрок...
Што ж, і ў жыцці бываюць спрэчкі:
Нібы каметай пралятуць,
Зімовым жарам жвавай рэчкі
Глыбока ў сэрцы запякуць,
А так хацелася б спакою,
Без клопатаў і без журбы,
Сваёй ішлі каб чарадою
Хвіліны, дні, гады, вякі...