Паводле слоўніка, канцлер – званне, якое прысвойваецца вышэйшай службовай асобе, а канцылярыя – аддзел установы, заняты справаводствам, і памяшканне гэтага аддзела. Пра тое, чым займаецца такая службовая асоба ў канцылярыі дыяцэзіяльнай курыі, расказвае канцлер курыі Віцебскай дыяцэзіі ксёндз Пётр Сялкоўскі.

— Ксёндз канцлер, раскажыце трохі пра сябе, пра свой шлях да Бога.

— Я нарадзіўся ў Бамбжэзьно, паблізу Торуня, дзе па сённяшні дзень жывуць мае бацькі. Паходжу з немаленькай сям’і, маю трох сясцёр і брата. Мой хрысціянскі шлях да Бога і да капланства пачынаўся менавіта ў сям’і. Вялікую ролю адыграла таксама школа, найперш – урокі рэлігіі. Таму адразу па заканчэнні школы я паступіў у вышэйшую духоўную семінарыю ў Влацлаўку. Пасля шасці гадоў навучання, атрымаўшы сакрамант святарства і тытул магістра тэалогіі ў Люблінскім каталіцкім універсітэце, пачаў працу. Першыя дзевяць гадоў працаваў святаром у Вроцлаўскай дыяцэзіі, потым атрымаў запрашэнне ад біскупа Віцебскай дыяцэзіі Уладзіслава Бліна пераехаць у Віцебск, што і зрабіў у мінулым годзе.

— Што ўваходзіць у Вашы абавязкі як канцлера дыяцэзіяльнай курыі?

— Кожная дзяржава мае сваё права, свае законы, без выканання якіх немагчымае яе існаванне. Гэтаксама і ў касцёле. Касцёльнае жыццё, як і жыццё дзяржавы, грунтуецца на пэўных законах, правілах, кодэксах. Галоўны абавязак канцлера дыяцэзіі – забеспячэнне выканання гэтых законаў і правілаў, захаванне правоў і абавязкаў як ксяндзоў і законных сясцёр, так і вернікаў. Напрыклад, паступіла заява ад верніцы-каталічкі і верніка-праваслаўнага аб удзяленні сакраманту шлюбу. Канцлер збірае ўсе неабходныя дакументы і падае іх на подпіс біскупу. Апроч такой працы, у кампетэнцыі канцлера знаходзіцца правазабеспячэнне пры зменах у дыяцэзіі, якія датычаць непасрэдна пробашчаў, святароў, вікарыяў, іх прызначэнняў, перамяшчэнняў і г.д. Словам, уся арганізацыйная праца. А таксама ў адсутнасць дзекана дапамагаю новапрызначаным пробашчам у правядзенні першай Святой Імшы. Удзельнічаю ў адпустовых Імшах ці проста нядзельных – у Віцебску, напрыклад, у парафіях святога Антонія, Езуса Міласэрнага, Маці Божай Салятынскай. Замяняю пробашчаў падчас іх ад’езду або хваробы.

— Нядаўна Вы вярнуліся з Англіі. Раскажыце, калі ласка, як там арганізавана каталіцкае жыццё.

— Дзякуючы біскупу Уладзіславу Бліну на працягу года двойчы меў магчымасць пабыць у гэтай краіне падчас адпачынку з мэтаю ўдасканалення ведаў па англійскай мове. Апошнім разам дапамагаў пробашчу адной з парафій Кальчостара, што ў гадзіне язды ад Лондана. Каталіцкая супольнасць у Англіі ў колькасных адносінах нагадвае беларускую, бо складае ўсяго 20% ад агульнай. Вернікаў у касцёлах няшмат, затое ўзаемадачыненні паміж пратэстантамі і католікамі вельмі прыязныя. Напрыклад, у любы момант, калі ўзнікае патрэба, католікі могуць правесці Імшу ў англіканскай царкве і наадварот. Праводзіцца шмат сумесных спатканняў, розных літургічных мерапрыемстваў. Так што ўзаемаадносіны паміж двума асноўнымі веравызнаннямі куды цяснейшыя, чым, скажам, паміж католікамі і праваслаўнымі на Беларусі. Адметнасць касцёла ў Англіі – вельмі дзейсны ўдзел у рэлігійным жыцці свецкіх вернікаў. Гэта выяўляецца не толькі, да прыкладу, у тым, каб пачытаць Слова Божае падчас Імшы, а і ў актыўнай апецы над хворымі, слабымі, нямоглымі, распаўсюджванні ці прапагандзе рэлігійнай літаратуры, штодзённай падрыхтоўцы да набажэнства, удзеле ў арганізацыі сустрэч, фестываляў, рэкалекцый.

— Вельмі цікава, але вернемся на Беларусь. Якое ўражанне склалася ў Вас ад нашых парафій? Як Вы тут пачуваецеся?

— Я трапіў на Беларусь падчас бурнага росту (у колькасным плане) каталіцкіх парафій, і гэта мяне вельмі радуе. З задавальненнем бачу, як усё больш людзей прыходзіць да Бога, як стараюцца рабіць усё дзеля гэтага святары і сёстры. Зразумела, каб вера стала больш трывалай, патрэбен час. Але праз далучэнне да святых сакрамантаў, вялікую асветніцкую працу ўсё гэта абавязкова прыйдзе. Наогул, мне падабаецца ў Віцебску і, прызнаюся шчыра, хацелася б тут працаваць і надалей.

— Вы займаецеся навуковай працай...

— Мяне цікавіць праблематыка рэлігійнага выхавання ў сям’і. Рыхтую доктарскую працу на тэму падрыхтоўкі да сакраманту шлюбу моладзі на Беларусі. Гэта вельмі важнае пытанне. Сям’я – ячэйка парафіі, і ад таго, якой яна будзе, залежыць і будучыня Касцёла. Таму і ўзяўся за такую тэму.

— Поспехаў Вам і Божае ласкі, каб здзейсніць усе намеры і планы.

Гутарыў Францішак Дубраўскі.