Сярод паселішчаў, да якіх маю асаблівую прыхільнасць, першае месца, безумоўна, належыць Вяце. А як інакш: там котлішчы прашчураў, хата, у якой нарадзіўся, магілы блізкіх людзей і найбліжэйшага з іх чалавека – маці. Высокі бераг Дзвіны, з якога добра бачныя пагоркі суседняе Латвіі і вежа друйскага касцёла Святой Тройцы, неадольна вабяць да сябе, і штогод, як толькі надараецца вольная часіна, спяшаюся туды. Хоць сённяшняя Вята – зусім не тая, што была калісьці. З дзесятак хат, з паўтара дзесятка жыхароў – вось усё, што засталося ад гаманлівай некалі, шматгалосай вёскі.

Адзінае, што, бадай, нагадвае пра тыя, лепшыя часы, – будынак драўлянае капліцы святога Яна Хрысціцеля з прабітымі падчас вайны дошкамі вежы. Немцы, адступаючы, патрапілі пры абстрэле з латышскага боку акурат у яе...

Як і кожная святыня на тамтэйшых абшарах, вяцкая капліца спазнала на сабе ўсе нягоды лёсу памежнага краю. Яна была пабудавана ў самым пачатку трыццатых гадоў, калі Вята паводле рашэння духоўнага суда (дваццаццю шасцю галасамі супраць трынаццаці) адышла ад друйскай парафіі да лявонпальскай. Як сведчыць зроблены на адным з тагачасных здымкаў капліцы запіс солтыса Зянона Казакевіча, канфлікт нейкім чынам датычыўся прабеларускай дзейнасці друйскіх святароў. Фундаваў узвядзенне святыні ксёндз Бародзіч, а будоўляю займаўся лявонпальскі пробашч Ян Завістоўскі. Ён жа праводзіў тут набажэнствы, а пазней у Вяту прыязджалі ксяндзы Маліноўскі, Прэйсер, Ляшчэвіч, Заёнц, Рагоўскі. Пані Мірская з Устшэжа ахвяравала капліцы абраз, сяржант Траяноўскі са стражніцы – другі – Маці Божай Анёльскай. Новую капліцу з амбонам і балконам для хора асвяцілі ў гонар Яна Хрысціцеля. У 1937 годзе яна займела адмысловы звон.

Звесткі пра тое, якім было каталіцкае жыццё ў Вяце ў перадваенны час, можна знайсці ў «Календары Каралевы Святога Ружанца Лявонпальскай парафіі» за 1938 год. Згодна з ім, набажэнствы ладзіліся тут 12 разоў на год. Рэгулярна праводзіліся спевы Гадзінак і Ружанца, існавала каталіцкае згуртаванне мужчын, два разы на год адбываліся зборы Круцыяты Эўхарыстычнай, школьныя рэкалекцыі.

Пасля вайны, як і паўсюль на ўз’яднаных землях, капліца Яна Хрысціцеля на доўгі час была ператворана спачатку ў збожжасховішча, потым – у склад для ільну і воўны. Вячане ратавалі рэліквіі і аздабленне як маглі. Абраз Маці Божай Анёльскай Марыя Піваваронак схавала ў сваёй хаце, другі абраз забрала да сябе сям’я Голубаў, звон Антоля Лісоўскі прыхаваў да часу ў куратніку.

На пачатку 90-х у выніку хадайніцтва капліца зноў была перададзена вернікам. Людзі вычысцілі памяшканне, калгас дапамог будматэрыяламі для рамонту. Вярнуліся на сваё месца абразы і звон. Ідолтаўскі пробашч, святой памяці айцец Антоні Лось, урачыста адкрыў адноўленую святыню, асвяціў яе. Узнавіліся набажэнствы, удзяленне сакрамантаў. «У 43-м, падчас вайны, мяне тут хрысцілі, – апавядае Броня Голуб. – А восем гадоў таму мёрскі пробашч Уладас Пятрайціс ахрысціў у капліцы маю ўнучку Караліну. Які гэта быў шчаслівы дзень!»

Ды Вята да таго часу ўжо спусцела: не вытрываўшы паднявольнага калгаснага жыцця, людзі параз’язджаліся хто куды ў пошуках лепшае долі. Так і сталася: мясціна для жыцця найпрыдатнейшая, а жыць няма каму.

Сёння зрэдку прыязджае ў капліцу хто са святароў, а найчасцей яе датклівую цішыню вартуе вялікі замок. І трывожыць пытанне: што будзе далей? Няўжо яшчэ адну арыгінальную культавую пабудову, апірышча Боскага ў чалавеку, напаткае лёс шматлікіх святыняў, што адышлі ў нябыт пад ціскам часу і новых рэалій жыцця?

Франц СІЎКО. Фота з архіва аўтара.