Гэтым летам у Полацку прайшоў першы Тыдзень касцёльнай музыкі. Яго ўдзельнікамі сталі арганісты, кіраўнікі касцёльных хароў, словам, тыя, ад каго ў многім залежыць музычнае аздабленне набажэнстваў у парафіях. Заявак на ўдзел у гэтай цікавай і, безумоўна, вельмі патрэбнай імпрэзе было нашмат больш, чым прыехала ўдзельнікаў. Можа, як гэта часта бывае, спрацавала асцярога: а ці патрэбны нам той Тыдзень і якая ад яго карысць? Аказалася, патрэбны. Прынамсі, многія яго ўдзельнікі былі вельмі задаволеныя і казалі, што такая вучоба, тыя веды і ўменне, якія яны тут атрымалі, вельмі важныя для іх.

Але ўсё ж, што гэта такое – Тыдзень касцёльнай музыкі? На гэтае пытанне я папрасіла адказаць галоўнага арганізатара Тыдня, арганіста, кіраўніка камісіі касцёльнай музыкі, кандыдата мастацтвазнаўства Уладзіміра Неўдаха.

— Наш Тыдзень касцёльнай музыкі, — сказаў ён, — своеасаблівая форма навучання музычных работнікаў, якія працуюць у парафіях. Па-свецку гэта назвалі б курсамі павышэння кваліфікацыі. Сярод удзельнікаў Тыдня – і тыя, што скончылі кансерваторыю, і навучэнцы музычных вучэльняў, і тыя, хто не мае спецыяльнай музычнай адукацыі. Усіх гэтых людзей аб’ядноўвае, так бы мовіць, другая прафесія – касцёльны музыкант. А яна, як вядома, патрабуе сур’ёзнага падыходу, спецыфічных ведаў, таму такое навучанне вельмі карыснае і для старэйшых арганістаў, і для пачаткоўцаў. Касцёльны музыкант павінен граць на аргане, дырыжыраваць хорам і спяваць. Гэта і вызначыла форму нашых заняткаў. Да абеду навучэнцы асвойвалі неабходную тэорыю: музычную літургіку, касцёльны спеў і грыгарыянку, уводзіны ў арганазнаўства, а пасля абеду былі практычныя заняткі, якія праходзілі ў касцёле святога Андрэя Баболі, Сафійскім саборы і ў дзіцячай музычнай школе. Дарэчы, мы нават не чакалі, што знойдзем такое ўзаемаразуменне ў Полацку. Мы, безумоўна, ведалі, што ксёндз Францішак прыме нас з радасцю, бо ён заўсёды адкрыты на такія справы і добра разумее іх важнасць, але тое, што будзе магчымасць праводзіць заняткі ў Сафійскім саборы і што сама арганістка сабора Ксенія Пагарэлая таксама будзе праводзіць практычныя заняткі, для нас было прыемнай нечаканасцю. Так што, вялікі дзякуй палачанам – тут нас цудоўна зразумелі. І вялікі дзякуй ксяндзу кардыналу Казіміру Свёнтку, які адразу падтрымаў ідэю правядзення Тыдня касцёльнай музыкі і быў вельмі зацікаўлены, каб наш Тыдзень прайшоў паспяхова.

І ён, сапраўды, склаўся ўдала – засталіся задаволеныя і ўдзельнікі, і выкладчыкі. Дарэчы, пра выкладчыкаў. І сам Уладзімір Неўдах, і яго калегі Святлана Шэйпа ды Святлена Немагай працавалі напоўніцу, з усіх сіл імкнучыся перадаць слухачам і сваё майстэрства, і веды, і, што немалаважна, сваю закаханасць у музыку, што асабліва адчувалася ў часе канцэрта арганнай музыкі ў Сафійскім саборы. Паўзмрок, напалову пустая зала і – найцудоўнейшая класіка. Арганісты ігралі для арганістаў, і таму купка нешматлікіх слухачоў была найудзячнейшаю аўдыторыяй.

А назаўтра, атрымаўшы пасведчанні аб удзеле ў Тыдні касцёльнай музыкі, удзельнікі з лёгкім смуткам пакідалі Полацк. Бо расстанне – заўсёды расстанне, і адценне суму цалкам зразумелае. Але ўсе ад’язджалі з надзеяй, што Першы тыдзень не стане апошнім, што ў наступным годзе Полацк зноў запросіць касцёльных музыкантаў на свой Другі тыдзень касцёльнай музыкі. Гэта, так бы мовіць, своеасаблівая абвестка для тых, хто па нейкіх прычынах сёлета не прыехаў сюды. Не ўсё страчана, шаноўныя! Да новых сустрэч на Тыднях касцёльнай музыкі!

Ірэна Задарожная.
На здымках: падчас правядзення заняткаў.
Фота аўтара.