Восеньскім суботнім днём (28 верасня) у лепельскім касцёле адбылася сустрэча моладзі лепельскага дэканату Віцебскай дыяцэзіі. З кожнай парафіі (Чашнікі, Ушачы, Бешанковічы, Нікалаева, Ула, Новалукомль) прыехалі свае ўдзельнікі. Галоўнай тэмай сустрэчы была Біблія.

Сустрэча пачалася са знаёмства, у якім кожны ўдзельнік расказаў пра сябе, а каб знаёмства праходзіла весялей, кс. Алег Буткевіч іграў на гітары і спяваў. Пасля знаёмства адбылося пакутнае набажэнства, якое правёў кс. Мечыслаў Янчышын. Кожны ўдзельнік сустрэчы мог паспавядацца, каб падчас Св. Імшы шчыра прыняць Бога ў сваё сэрца. Св. Імшу цэлебраваў кс. Мечыслаў, якому канцэлебравалі кс. Генрык, кс. Яцак, кс. Ежы і дыякан Андрэй Кулік. Кс. Алег сказаў прыгожае казанне пра месца Бібліі ў жыцці верніка.

Пасля абеду адбыўся конкурс «Хто лепш ведае Біблію», які вёў клерык Генадзь з Чашнікаў. Асноўныя пытанні былі звязаны з жыццём Езуса Хрыста і Яго навукай.

Апошняй часткай сустрэчы стаў футбольны матч паміж лепельскімі парафіянамі і іншымі ўдзельнікамі сустрэчы. Тым самым моладзі даводзілася, што Богу падабаецца ўсё, што будуе чалавека: малітва, спевы, споведзь, добрае слова з Бібліі і спорт. Матчам, які скончыўся нічыйным лікам, былі задаволены ўсе, таксама як і сустрэчай, што доўжылася адзін дзень, а праляцела, як адна хвіліна.

Кс. Генрык Дамашка,
пробашч лепельскай парафіі.