Ніна Фёдараўна Радзіловіч (23.02.1924—28.03.2002) памерла ў Чысты Чацвер, увечары, калі Пан Езус адправіў Першую Эўхарыстыю і ўстанавіў сакрамант святарства.

Ніна Радзіловіч у беларускай парафіі пры гродзенскай фары застанецца ў духоўнай памяці многіх — сястрою, духоўнаю маці, прыкладам таго, якім павінен быць чалавек, вернік каталіцкага Касцёла. Мы, парафіяне, будзем заўсёды ўспамінаць яе чыста і светла.

Яна кіравала Ружанцам перад Імшою — даручыў ксёндз, аднойчы пачуўшы, якою багатаю беларускаю моваю валодае Ніна. Яна сама ўкладала інтэнцыі, запісвала іх на лістку паперы. Калі хварэла, то дыктавала ўжо запісаную інтэнцыю па тэлефоне сп. Рэгіне. Даручыла гэтай верніцы прадаўжаць так маліцца, як яна малілася. Запісы яе малітваў, просьбаў і падзякаў Пану Богу засталіся як духоўная спадчына Ніны Радзіловіч, нашай мясцовай Маці Тэрэзы. Божы Провід падказаў ёй час, калі перадаць духоўную ініцыятыву сп. Рэгіне — яна падрыхтавала ружанцовую супольнасць, якая цяпер моліцца таксама і за яе душу, за наш край і за ўсё чалавецтва.

Апошні год жыцця Ніна часта ляжала ў бальніцы, яе сын Уладзімір — славуты нейрахірург — як мог, лячыў, ратаваў маці. У часе яе адсутнасці згарэла кватэра. Сталаму чалавеку цяжка пачынаць жыццё сярод новых рэчаў. Але Ніна Фёдараўна з Божаю дапамогаю годна перанесла гэтае выпрабаванне.

Калі мне далі новы нумар яе тэлефона, я пазваніла ёй і пачула яе спагадны голас. Яна прасіла наведаць яе ў любы час, сказала, што ёсць ужо сілы паразмаўляць дома.

Гэта было перад вербніцаю.

У суботу 23 сакавіка яна была ў касцёле на споведзі. У аўторак яе зноў паклалі ў бальніцу. У чацвер Ніна Фёдараўна памерла.

Мы наведалі яе ў Вялікую Пятніцу пасля вячэрняга пакутнага набажэнства.

Наша беларуская парафія асаблівая. Да нас прыходзяць людзі, якія робяць першыя крокі да Бога. Навучыўшыся маліцца, многія застаюцца з намі, а многія ідуць на польскамоўныя набажэнствы. З намі па-за Святой Імшой не працуюць законныя сёстры.

Спадарыня Ніна была нашаю духоўнаю сястрою. Па набажэнстве шмат людзей хацелі з ёю паразмаўляць. Мелі такую патрэбу.

У яе ў касцёле было сталае месца — на першай лаўцы злева ад цэнтра. Яна выслухоўвала і давала парады маладым і дзецям. Рэдка здаралася такое шчасце — выходзіць з ёю з касцёла разам, — яна ў апошнія гады хадзіла ўжо з палачкай. Нам было па дарозе ехаць два прыпынкі тралейбусам. Мы з Нінай Фёдараўнай давяралі адна адной свае хваляванні і клопат аб дзецях, дапамагалі адна адной парадаю.

У мінулым годзе зімою, пасля хваробы, я пазваніла Ніне і зайшла да яе. І яна мне пачала апавядаць пра сябе. Я запісала яе аповед і хацела перадаць споведзь маёй сяброўкі ў наш духоўны беларускі часопіс, але праз некалькі дзён яна пазваніла і сказала: «Сёння праваслаўныя грамніцы. У гэты дзень у 1947 годзе ў адзінаццаць гадзін памёр мой тата Фёдар Язэпавіч Курашэвіч, мама Настасся памерла праз 35 гадоў пасля таты таксама ў адзінаццаць гадзін на грамніцы ў 1982 г. Пахаваны яны на розных могілках. Спаткаліся яны ў маім сне сёння. Бацькі мне сказалі, што пакуты нашых продкаў глыбокія, пра іх і расказаць немагчыма. І ў мяне выпрабаванні яшчэ наперадзе. То не пішыце пра мяне ў часопіс, а схадзіце да касцёла на вячэрнюю навэнну да Маці Божай і ахвяруйце сваю сённяшнюю Імшу за маіх тату і маму, сама я не дам рады. Вельмі буду ўдзячная...»

Схадзіла і малілася за тых, што далі жыццё гэтай цудоўнай жанчыне, і за здароўе Ніны Фёдараўны.

Яна была родам з вёскі Кажамякі, што на Сенненшчыне ў Віцебскай вобласці.

Калі ў 1937 годзе бальшавікі пачалі раскулачваць заможных сялян, вывозіць мужчын з вёсак і расстрэльваць, Нінін бацька Фёдар Язэпавіч Курашэвіч працаваў на чыгунцы Орша—Лепель. Ён застаўся жывы, бо не начаваў дома. Бацька Нінінага мужа Станіслаў Радзіловіч быў дома. Яго арыштавалі, вывелі за вёску і расстралялі. Засталося шасцёра дзяцей. Фёдар і Станіслаў сябравалі, былі пчалярамі, хадзілі ў адзін касцёл, хоць Фёдар быў праваслаўны. Фёдар апекаваўся дзецьмі сябра, дапамог ім стаць на ногі, атрымаць адукацыю...

Ахрысцілі Ніну ў царкве ў Смальнянах. Калі дзяўчынцы прыйшла пара ісці ў школу, бацька пасадзіў яе на лаве і сказаў: «Калі настаўнік будзе гаварыць, што Бога няма, ты маўчы. Калі будуць задаваць чытаць супраць Бога вершы, не вучы, атрымаеш дрэнную ацэнку — і ўсё, я цябе за гэта караць не буду».

Пасля 7 класаў Ніну адправілі ў Мінск, дзе яна скончыла сярэднюю школу і два курсы медінстытута. У Мінску яе застала вайна. Дзяўчына ўцякла з горада, дайшла да Смаленска. Вярнулася дадому, калі пачалі вызваляць Беларусь...

Пасля вайны скончыла мінскі медінстытут. Будучы муж, сын бацькавага сябра, Міша Радзіловіч, быў старэйшы за Ніну на 6 гадоў. Ваяваў на фронце. Яшчэ да вайны скончыў фінансава-эканамічны факультэт. Іх накіравалі працаваць у Гродна.

Шлюб бралі ў Сянно. Сыноў хрысцілі тайна: Валодзю ў царкве ў Коматаве, Расціслава ў бернардынскім касцёле ў Гродне.

Ніна ўсё жыццё працавала ў гродзенскай інфекцыйнай бальніцы...

Калі муж Міхал Станіслававіч Радзіловіч памёр (12.10.1918—03.01.1987), Ніна Фёдараўна пайшла ахвяраваць за яго на Св. Імшу. З таго часу яна й пачала хадзіць у касцёл.

З кастрычніка 1992 года ў нашым бернардынскім касцёле Св. Імша адпраўляецца на беларускай мове. Ніна Фёдараўна адчула, як добра размаўляць з Богам так, як некалі з бацькам. У яе з’явілася сталае каталіцкае асяроддзе, яна хадзіла з моладдзю на гарадскія сустрэчы, да дзяцей-сіротаў, да Крыжа на месцы касцёла Вітаўта ў дзень яго разбурэння, на літаратурныя вечары. Яна прыносіла ў касцёл кветкі са свайго лецішча. Ніхто не бачыў Ніну Фёдараўну разгубленаю, заплаканаю, злою, яна заўсёды і ўсюды была спакойная. Гэта быў прыклад прыгожай, дужай жанчыны, якая цалкам даверыла сябе Богу...

Пахавалі яе ў Вялікую Суботу. Яе касцельныя сяброўкі былі супакоены тым, што ў цёплы святы дзень у прыгожым месцы побач з мужам прыгожыя людзі і прыгожы святар правялі на вечнае спачыванне спадарыню Ніну, якую мы ўсе так любілі...

Пахавальная Імша па Ніне Фёдараўне адбылася на другі дзень Вялікадня. Хочацца верыць, што яе тунэль да Святла Божага будзе кароткім, што калісьці мы абавязкова спаткаемся з ёю ў вечнасці.

Данута Бічэль.