19 кастрычніка ў Слоніме адбыліся рэлігійныя ўрачыстасці з нагоды 60-й гадавіны мучаніцкай смерці благаславёных сясцёр непакалянак Марты Валоўскай і Евы Наішэўскай. Пасля паўгадзіннага малітоўнага чування ў касцёле Беззаганнага Пачацця Найсвяцейшай Марыі Панны адбылася Св. Імша, якую цэлебраваў кс. бп Аляксандр Кашкевіч. У канцэлебры ўдзельнічаў мясцовы кс. дзекан Вітальд Жэльветра OFMcap і святары з Гродзенскай дыяцэзіі, а таксама кс. праф. Тадэвуш Крахель з Беластоцкай духоўнай семінарыі, вядомы гісторык, аўтар шматлікіх публікацый пра святароў былой Віленскай архідыяцэзіі — ахвяраў 2-й сусветнай вайны, у тым ліку пра сясцёр са Слоніма. У Св. Імшы, акрамя мясцовых вернікаў, удзельнічалі сёстры непакалянкі, якія прыбылі з розных кляштараў з-за мяжы на чале з маці генеральнай с. Нінай Міхалак, а таксама старэйшыя жанчыны — былыя выхаванкі перадваеннай школы сясцёр непакалянак у Слоніме. Пасля літургіі ўрачыстасці працягваліся на Петралевіцкай Гары — месцы трагічнай смерці сясцёр Марты і Евы, што знаходзіцца сёння на адлегласці каля 1 км ад Слоніма. Там, перад вялікім жалезным крыжам, якім пазначана месца расстрэлу, вернікі і святары пад кіраўніцтвам бп Кашкевіча адмовілі Ружанец і малітву «Анёл Панскі» за ахвяраў, расстраляных у 1942 г. гітлераўскімі захопнікамі. Сярод дзясяткаў тысяч жыхароў горада і ваколіц, астанкі якіх спачываюць у гэтым месцы, ёсць і беларусы, і палякі, і яўрэі, і рускія.

Маці Марта, як яе называлі ў Слоніме, паходзіла з Любліна з сям’і вядомага польскага адваката. Перад вайной яна 20 гадоў працавала настаяцелькай кляштараў сясцёр непакалянак у невялікіх мястэчках тагачаснай усходняй Польшчы (сёння гэта тэрыторыя Украіны). Яе дух быў сфармаваны мудрасцю і высокай культурай, якія яна вынесла з роднага дому, а таксама набытым за часы працы глыбокім разуменнем грамадска-палітычных працэсаў, і гэта дапамагала ёй пераадольваць цяжкасці апостальскай працы ў складаны гістарычны перыяд.

Сястра Ева паходзіла з сям’і вядомага акуліста з Пецярбурга і сама была дыпламаваным урачом — выпускніцай Пецярбургскага універсітэта. Яна выбрала законнае пакліканне ва ўзросце 34 гадоў пад уплывам біскупа Зыгмунта Лазінскага — свайго спаведніка. Паводле сведчанняў выхаванак школы непакалянак, дзе яна выкладала розныя прадметы і працавала ўрачом, яе адрознівалі высокая інтэлігентнасць і сціпласць, глыбокія веды і сардэчныя адносіны да людзей.

Сёстры загінулі за тое, што не паддаліся ўсеагульнай атмасферы страху і прыніжэння, а працягвалі дапамагаць тым, каго пераследвалі фашысты, ва ўмовах акупацыі давалі прыклад хрысціянскай дабрыні і міласэрнасці. Яны былі арыштаваныя 18 снежня 1942 г. разам са сваім капеланам езуітам а. Адамам Старкам і ўначы расстраляныя на Петралевіцкай гары сярод сотняў іншых вязняў. Сведкі гібелі сясцёр апавядаюць, што ў момант расстрэлу маці Марта здолела падняць у руцэ крыж, а яе апошнімі словамі былі: «Езусе, гэта ўсё дзеля Цябе...».

Л. Міхайлік.