Беларускае Палессе вядомае не толькі як маляўнічы куток лясоў і балот, азёр і рэк, старажытных гарадоў і самабытных вёсачак, але і багатай духоўнай спадчыны. Як доказы жывой веры палешукоў будаваліся шматлікія святыні, паўставалі кляштары, кожны з якіх біўся нястомным сэрцам духоўнага жыцця вернікаў. Зямля, па якой хадзіў і дзе прапаведаваў святы Андрэй Баболя, можа ганарыцца сваёй гісторыяй, сваімі архітэктурнымі помнікамі. Але адраджэнне рэлігійнага жыцця было б проста немагчымым без людзей, якія прысвяцілі сябе ахвярнаму служэнню Хрыстоваму Касцёлу, пакутавалі за яго. Тых, хто аддаў свае жыцці за веру, асабліва ў часы Баболі і ваяўнічага савецкага атэізму, сёння ўшаноўваюць як пакутнікаў.

У цэнтры Мазыра ўзвышаюцца вежы былога касцёла бернардзінцаў, гісторыя якога складаная і сумная. У гады сталінскіх рэпрэсій у падзямеллях, сутарэннях святыні былі расстраляныя сотні жыхароў Мазырскага Палесся, многія былі там жа і пахаваныя. Ад рук сталінскіх катаў загінулі вернікі розных канфесій і нацыянальнасцяў, таму гэта месца святое для католікаў і праваслаўных, якія памятаюць пра бязвінныя ахвяры, узгадваюць іх у сваіх малітвах.

Для мазыранаў былы кляштар бернардзінцаў дарагі не толькі як помнік архітэктуры, што ўпрыгожвае горад, але і сваёй гісторыяй, бо гэта частка летапісу 400-гадовага існавання каталіцкага Касцёла на Мазырскім Палессі.

Ордэн манахаў-бернардзінцаў утварыўся з галіны манаскага ордэна францішканцаў. Назва «бернардзінцы» паходзіць ад імя Бернарда Сіенскага, святога, вядомага ў свой час прапаведніка, які ў 1415 годзе заснаваў ордэн. Бернардзінцы мелі шмат кляштараў у Польшчы, Літве і Беларусі. З’яўляючыся добрымі пастырамі, яны неслі людзям Слова Божае, вялі місіянерскую працу сярод насельніцтва.

Мазырскі кляштар бернардзінцаў існаваў у 1645—1832 гг. Яго заснаваў мясцовы маршалак Міхал Лошак, які ахвяраваў для кляштара пляц з агародам і садам. Кляштарны комплекс складаецца з касцёла і мураванага жылога корпуса. Астатнія забудовы былі драўляныя — бровар, стайня, вазоўня, конскі млын.

Мураваны касцёл святога Міхала Арханёла быў асвечаны ў 1775 годзе. Гэта цудоўны помнік архітэктуры барока. Касцёл трохнававы, двухвежавы. Галоўны фасад раскрапаваны пілястрамі і карнізамі, а ўваход аформлены кілепадобным парталам. Вежы касцёла, спачатку барочнага характару, перабудаваны ў стылі класіцызму — дабаўлены трохвугольныя франтончыкі, аркавыя праёмы ў прамавугольных нішах. Зала падзелена 4 слупамі на 3 навы. Пад касцёлам знаходзіцца крыпта. Жылы корпус двухпавярховы, мае вялікі рэфектар.

У кляштары была бібліятэка, у якой налічвалася 203 кнігі. Працавала школа для дзяцей і моладзі.

У 1673 г. манахі-бернардзінцы ўдзельнічалі ў пабудове капліцы для цудатворнай іконы Маці Божай Юравіцкай — апякункі Мазырскага Палесся. А ў 1820—1864 гг. валодалі кляштарам і марыйным санктуарыем у мястэчку Юравічы.

Мазырскі кляштар бернардзінцаў быў скасаваны царскімі ўладамі ў 1832 годзе. У 1839 г. у ім былі размешчаны бальніца і адміністрацыйныя ўстановы. У 1865 г. касцёл пераабсталявалі ў праваслаўную царкву. Будынкі добра захаваліся да нашых часоў. Сёння тут месціцца царква праваслаўнай тураўскай епархіі.

Айцы-бернардзінцы як паслядоўнікі вялікага святога Францішка Асізскага сваёй актыўнай душпастырскай дзейнасцю, падаючы палешукам хлеб Слова Божага і Хлеб Эўхарыстычны, пакінулі значны след у гісторыі Мазыршчыны.

Руслан Гародка.
Фота аўтара.