Сябры! Многія з вас, напэўна ж, ведаюць, што 16 кастрычніка мы штогод адзначаем дзень абрання Папы Рымскага Яна Паўла ІІ на Святы Прастол, а сёлета мы святкуем 24-ю гадавіну гэтай цудоўнай падзеі. Які ён, наш Святы Айцец? Чаму ім захапляецца ўвесь свет, чаму ён — жаданы госць на ўсіх кантынентах Зямлі? У чым сакрэт такой вялікай любові людзей да яго? Гэтую таямніцу вам прыадчыняць кароткія апавяданні пра жыццё і дзейнасць Яна Паўла ІІ, якія год таму былі надрукаваныя ў польскім часопісе «Mały gość niedzielny». Гэтыя апавяданні мы аб’ядналі адною назваю — «Наш найвялікшы сучаснік».

1. Шабля паліцыянта Цьвенка

Калі пані Эмілія вазіла ў калясцы па вуліцах Вадавіцаў малога Караля Вайтылу, якога ўсе называлі тады Лёлькам, яна, магчыма, казала суседзям: «Вось пабачыце, мой Лёлек будзе некалі вялікім чалавекам». Цяпер дакладна невядома, ці так гэта было. Але добра вядома, што малы Лёлек сапраўды стаў вялікім чалавекам – найвялікшым, якія цяпер жывуць на свеце.

А ўсё пачалося вельмі звычайна 18 мая 1920 года ў Вадавіцах. Тады і нарадзіўся Караль Вайтыла, цяперашні Папа Ян Павел ІІ. Як і ва ўсіх хлапцоў, былі таксама і ў яго гарэзныя забавы. Калі яму было шэсць альбо сем гадоў, Лёлек і яго сябра Юрка Клюгер вырашылі, што мясцовы паліцыянт Цьвенк мае драўляную шаблю. Аднаго разу, калі Цьвенк драмаў сабе на базары, хлопцы надумаліся спраўдзіць свае здагадкі і пачалі выцягваць шаблю з похваў, але ад страху страцілі раўнавагу і абодва паляцелі на соннага ахоўніка парадку, якому, мабыць, нашмат непрыемней было тое, што вісусы перарвалі ягоны салодкі сон, чымсьці тое, што ў яго хацелі адабраць зброю.

Бесклапотныя гульні перапыніліся, калі Лёлеку было дзевяць гадоў. Тады памерла ягоная мама. Лёлек з татам засталіся адны, бо старэйшы брат вучыўся ў Кракаве на доктара.

2. Смяяўся нават Тыла

– Смярдзючыя смарчкі! – крычаў прафесар Дамасевіч, калі чуў у класе пах выкуранай цыгарэты.

Раззлаваны, ён адразу ж пачынаў пытаць у вучняў хатняе заданне, а калі ніхто нічога не ведаў, то сканчваў Лёлекам. Але выклікаў ён яго, дзіўна скарачаючы прозвішча, і атрымлівалася не «Вайтыла», а «Тыла». Здаўленыя смяшкі хлопцаў былі прычынай новага прыліву гневу ў настаўніка грэцкай мовы.

– Што там ёсць у вашых дурненькіх галоўках? Там нават саломы няма!

Але потым ён ашаломлена глядзеў на Лёлека:

– Што, нават «Тыла» смяецца?! Немагчыма!

Аднак такія сітуацыі былі рэдкія, бо Лёлек зазвычай добра ведаў адказы на ўсе пытанні. Сярод амаль сарака вучняў класа ён быў найлепшы. Ягоны дзённік выглядаў нуднавата: ад пачатку і да канца амаль што адны «выдатна». Зрэшты, ён цудоўна гуляў і на футбольным полі. Найчасцей быў на варотах, і на яго крычалі тады «Марцін» – у гонар слыннага футбаліста. Падобна так некаторых хлопцаў цяпер называюць «Ранальда» або «Дудэк».

Шмат гадоў Лёлек сядзеў за адной партай са Збышкам Сілкоўскім. Будучы Папа Рымскі хутка заўважыў, што сябра рэдка моліцца, не ходзіць у касцёл. Пачаў яго пераконваць, і хутка Збышак палюбіў Касцёл і нават уступіў у Марыянскую Садаліцыю, шэфам якой быў Лёлек.

3. Падручнік на кленчніку

Лёлек прачнуўся сярод ночы. Асцярожна ўзняў галаву, агледзеўся. У густым змроку ўбачыў прыгорбленую пры суседнім ложку постаць бацькі, які маліўся. Лёлек не хацеў яму перашкаджаць і ціхенька апусціў галаву на падушку. Але заснуць хлопчык не мог: думаў пра маміну смерць, успамінаў брата Мундэка, якога вельмі любіў і які таксама нядаўна памёр, заразіўшыся ад пацыенткі шкарлятынай. Сумна было Лёлеку. Яму было ўсяго толькі дванаццаць гадоў, а ён ужо зведаў столькі стратаў. Але яго супакойвала думка, што ён мае лепшага на свеце тату, які нават начамі моліцца. Напэўна ж, ён моліцца таксама і за Лёлека.

Лёлекавага тату называлі ў Вадавіцах «паручнікам», бо да таго як пайсці на пенсію, ён служыў у аўстрыйскай арміі. «Паручнік» навучыў Лёлека не толькі маліцца, але і спрытна хадзіць па гарах, плаваць і нават гуляць у футбол.

Пераклад Ірыны Жарнасек.