11 кастрычніка 2002 г. мінула сорак гадоў ад пачатку ІІ Ватыканскага Сабору. За гэты час выраслі два пакаленні хрысціянаў, для якіх Сабор — ужо толькі гісторыя.
Прапануем нашым чытачам артыкул (у скарочаным выглядзе) галоўнага рэдактара польскага штомесячніка «Więź», дарадцы Папскай рады па справах свецкіх Збігнева Насоўскага, прысвечаны аналізу ўспрымання саборавага вучэння і яго ўплыву на сучасны Касцёл.

Пра гэтую падзею можна даць сухую энцыклапедычную даведку. У ёй гаварылася б, што ІІ Ватыканскі Сабор - гэта дваццаць першы паўсюдны Сабор, паседжанні якога праходзілі ў 1962-65 гадах у Ватыкане. Сабор быў скліканы Папам Янам ХХІІІ, а далейшая праца ішла пад кіраўніцтвам яго наступніка Паўла VІ. У Саборы ўзялі ўдзел амаль 2800 біскупаў - айцоў Сабору, сярод іх было звыш 60 палякаў, у тым ліку кардынал Стэфан Вышынскі і кракаўскі арцыбіскуп Караль Вайтыла. У Саборы бралі ўдзел некаталіцкія назіральнікі, якія прадстаўлялі 28 Цэркваў і хрысціянскіх вызнанняў, а таксама прадстаўнікі ніжэйшага каталіцкага духавенства ў якасці экспертаў і 36 свецкіх аўдытараў, сярод якіх быў адзіны прадстаўнік краінаў камуністычнага лагера - польскі гісторык філасофіі, сённяшні 95-гадовы прафесар Стэфан Свяжаўскі. Сабор абвясціў 16 канстытуцый, дэкрэтаў і дэкларацый. Гэта дакументы дагматычнага і душпастырскага накірунку. Іх мэта - прыстасаванне каталіцкага Касцёла да зменлівых патрабаванняў сучаснага жыцця, на што ўказваў і дэвіз Сабору - aggiornamento (з італ. «асучасніванне»).

У чым жа прычына незвычайнага феномену Сабору - з'езду біскупаў, які абудзіў - духоўна і інтэлектуальна - сотні тысяч людзей (не толькі католікаў!) ва ўсім свеце, падзеі, якую Ян Павел ІІ назваў «цудоўнаю вясною», спасланай Богам Касцёлу пад канец другога тысячагоддзя? На гэтае пытанне ўжо не адкажаш толькі энцыклапедычнаю даведкаю.

Духоўны аспект

Сапраўдная хрысціянская рэформа павінна распачынацца ад Літургіі і Слова Божага. Таму гэтыя пытанні былі ў цэнтры найважнейшай падзеі ў жыцці Касцёла ХХ ст., мэту якой Папа Ян ХХІІІ бачыў у глыбокай аднове ўсяго Касцёла і, тым самым, у набліжэнні яго да сучасных людзей. Сабор стаў ініцыятарам працэсу літургічнай і біблійнай адновы і праз гэта - ініцыятарам вяртання да вытокаў першапачатковага Касцёла.

Канстытуцыя пра Літургію стала першым дакументам, ухваленым айцамі Сабору […]. Гэты дакумент паказаў Літургію як вяршыню і крыніцу жыцця Касцёла. Адначасова саборавая канстытуцыя распачала рэформу рыма-каталіцкай літургіі. Прынцыповыя змены былі ўведзены ўжо пасля заканчэння Сабору. З мэтаю большай зразумеласці Літургіі лацінская мова была заменена нацыянальнымі мовамі, а святар пачаў цэлебраваць Святую Імшу, павярнуўшыся тварам да людзей, а не спінаю, як раней.

Сабор заахвоціў да больш шырокага доступу вернікаў да Святога Пісання, да прыватнага чытання Бібліі. Папа Ян ХХІІІ, каментуючы паседжанні саборавай камісіі, якая займалася падрыхтоўкаю Канстытуцыі пра Божае Аб'яўленне, сказаў, што «прабіў час Бібліі ў Касцёле, час выправіць хібы». У Літургіі таксама быў зроблены акцэнт на «стол Слова Божага» як на істотны элемент Святой Імшы (разам са «сталом Цела Хрыстовага»).

У духоўным вымярэнні - найважнейшым у Касцёле - Сабор рашуча нагадаў, што супольнасць Касцёла складаюць усе ахрышчаныя, і ўсе яны пакліканы да паўнаты хрысціянства, г. зн. да святасці. Невыпадкова пасля Сабору сярод беатыфікаваных і кананізаваных асобаў з'яўляецца ўсё больш свецкіх, а год таму была беатыфікаваная першая сужэнская пара.

Тэалагічны аспект

ІІ Ватыканскі Сабор часам называюць Саборам Касцёла пра Касцёл. Ключавым дагматычным дакументам Сабору стала Канстытуцыя Lumen gentium. Гэта - вялікая скарбніца для тэолагаў, якія даследуюць таямніцу Касцёла. Сабор вярнуўся да першапачатковай канцэпцыі Касцёла як супольнасці ўсіх веруючых. Свецкія з'яўляюцца ўжо не «кліентамі» Касцёла, а яго «грамадзянамі», і ўсе яны нясуць адказнасць за яго. Удзельнічаючы ў стварэнні гэтай супольнасці, свецкія нясуць адказнасць і за рэалізацыю яе місіі ў свеце.

У канстытуцыі Lumen gentium асабліва выразна пастаўлены на пярэдні план вобраз Касцёла як пілігрымуючага люду Божага. Згодна з саборавай тэалогіяй, вернікі не толькі прыходзяць у касцёл, не толькі належаць да Касцёла, але, перадусім, з'яўляюцца Касцёлам! Людам Божым з'яўляюцца ўсе ахрышчаныя, а духоўныя асобы і біскупы знаходзяцца ў Касцёле, а не па-над ім. Аднак пасля Сабору з'явілася тэндэнцыя да залішне сацыялагізаванага разумення вобразу люду Божага, таму ў 1990-х гадах у афіцыйных дакументах быў пастаўлены націск на ключавое значэнне бачання Касцёла як communio, г.зн. духоўнай супольнасці людзей з Богам і паміж сабою.

У дакументах Сабору Касцёл паказаны як адначасова святы і грэшны, «якому пастаянна патрэбна ачышчэнне». Ён з'яўляецца сакрамантам збаўлення, але Сабор дэкларуе таксама, што вечнага збаўлення можа дасягнуць таксама і той, хто не па сваёй віне не ведае Евангелля і Касцёла. […]

Аспект дыялогу

Вялікім пераломам ІІ Ватыканскага Сабору было адкрыццё каталіцкага Касцёла на дыялог з сучасным светам, а таксама з людзьмі, якія інакш вераць і інакш думаюць.

Праз Дэкрэт пра экуменізм каталіцкі Касцёл далучыўся да руху за еднасць хрысціянаў. Да Сабору наш Касцёл непрыязна ставіўся да экуменізму, зыходзячы з таго, што дасягненне еднасці магчыма выключна шляхам вяртання астатніх хрысціянаў у Рымскі Касцёл. У саборавых дакументах іншыя вызнаўцы Хрыста былі названыя «адлучанымі братамі», а не так, як раней - ерэтыкамі і схізматыкамі. […] Пасля Сабору распачаліся шматлікія тэалагічныя дыялогі, скіраваныя на аднаўленне бачнай еднасці Касцёла. Іх развіццё, хоць і няпростае, дазваляе Яну Паўлу ІІ выказаць надзею, што трэцяе тысячагоддзе хрысціянства будзе часам вяртання да страчанай еднасці.

Дэкларацыя Nostra aetete пра адносіны Касцёла да нехрысціянскіх рэлігій распачала эпоху дыялогу каталіцкага Касцёла з іншымі рэлігіямі. У ёй мы чытаем: «Каталіцкі Касцёл не адкідвае нічога, што ў гэтых рэлігіях праўдзівае і святое». Гэтая дэкларацыя адыграла асаблівую ролю ў адносінах паміж католікамі і габрэямі, бо Сабор указаў на глыбокую ўнутраную сувязь хрысціянства з юдаізмам і асудзіў усялякія праявы антысемітызму. Гэта стала пераломнай падзеяй, паколькі ў ранейшых традыцыях тэалогіі і касцёльнай практыкі дамінавала пазіцыя непрыязнасці да габрэяў і юдаізму. […] Пасля Сабору Папы рымскія працягвалі гэтую адкрытасць у адносінах да габрэяў і юдаізму, што наймацней праявілася падчас пантыфікату Яна Паўла ІІ. Пераступіўшы 13 красавіка 1986 г. парог сінагогі, ён стаў першым Папам, які ўчыніў такое, з часоў… св. Пятра.

У спецыяльнай дэкларацыі Сабор прызнаў права чалавечай асобы на рэлігійную свабоду. […] Паколькі Бог стварыў нас вольнымі людзьмі, паколькі Ён сам выбраў рызыку свабоды, то Касцёл павінен наследаваць Яго ў гэтым. Залатым правілам Сабору стала думка з Дэкларацыі пра рэлігійную свабоду: «Праўда не можа быць навязана ніякім іншым шляхам, як толькі сілаю самой праўды». […]

Слова «дыялог» сталася на Саборы ключавым і ў пытанні адносінаў Касцёла з сучасным светам. Айцы Сабору заклікалі хрысціянаў да распазнавання знакаў часу, альбо ўказальнікаў, якія Бог ставіць на шляхах свецкага жыцця чалавека. Дзякуючы працы многіх выдатных тэолагаў яшчэ да Сабору з'явілася так званая тэалогія зямных рэчаіснасцяў, дзе падкрэсліваецца рэлігійнае значэнне справаў, да якіх раней адносіліся абыякава, альбо лічылі іх увогуле шкоднымі з пункту гледжання веры. У такім жа духу ў саборавай Канстытуцыі пра Касцёл у сучасным свеце гаворыцца пра зямныя і свецкія справы як месца рэалізацыі хрысціянскага паклікання. Назва гэтай канстытуцыі, якая паходзіць ад першых словаў - Gaudium et spes, альбо «радасць і надзея», - стала сімвалам новага падыходу Касцёла да праблемаў свету. Нельга ўжо асуджаць свет, трэба знаходзіць у ім добрае і браць на сябе хрысціянскую адказнасць за яго развіццё. Трэба быць «прарокам надзеі» адносна праблемаў свету, а не «прарокам няшчасця» (гэтыя паняцці ўжыў Ян ХХІІІ у прамове падчас адкрыцця Сабору).

Вынікі Сабору

У сучасным Касцёле працягваецца дыскусія адносна вынікаў ІІ Ватыканскага Сабору. Вобразна кажучы, адны радуюцца, што Сабор, адчыняючы зачыненыя дагэтуль вокны, упусціў у Касцёл шмат свежага паветра; іншыя заўважаюць, што ў выніку такога праветрывання ўзніклі скразняк і тое, што з ім звязана - шматлікія хваробы, ад якіх пакутуе Касцёл пасля Сабору.

Несумненна, пасля Сабору ў Касцёле з'явіліся новыя праблемы (ёсць меркаванне, што гэтыя праблемы нават больш небяспечныя, чым ранейшыя цяжкасці, з якімі Сабор імкнуўся справіцца). Бясспрэчна, што ў некаторых краінах рэалізацыя рашэнняў Сабору часам набывае ўвогуле карыкатурныя формы, якія цалкам парываюць з касцёльнай традыцыяй. […] Аднак, як належыць інтэрпрэтаваць гэтыя выпадкі? Ці вінаваты ў гэтым сам Сабор, ці толькі яго мясцовыя інтэрпрэтатары і «ўдасканальвальнікі»? Ці здольныя крытыкі Сабору прадказаць, якім было б сёння жыццё Касцёла без той адновы, пачатак якой паклаў Сабор? Ці ў такім зменлівым свеце знайшлося б іншае месца, акрамя касцёльнага прытвору, для хрысціянаў, выхаваных у Касцёле замкнёным, недаверлівым у адносінах да ўсяго, што яго акружае? Сёння - ва ўмовах, калі культура так часта не адпавядае патрабаванням хрысціянскай рэлігіі, - Папа з'яўляецца найвышэйшым маральным аўтарытэтам сучаснага свету. Ці было б гэта магчыма без адкрыцця на свет, дэклараванага Саборам? […]

Ян Павел ІІ, які выбраў імя ў гонар сваіх вялікіх папярэднікаў - Папаў саборавай адновы, […] неаднаразова гаварыў пра актуальнасць задання рэалізацыі вучэння апошняга Сабору. Прывядзем тут толькі некалькі фрагментаў з кнігі «Пераступіць парог надзеі»: «Другі Ватыканскі Сабор - вялікі дар для Касцёла, для ўсіх, хто ў ім удзельнічаў, дар для ўсяе чалавечае сям'і, для кожнага з нас. […] пастаянна ўзнікае неабходнасць звяртацца да яго, паколькі гэты Сабор стаўся заданнем і выклікам для Касцёла і свету. […] У Саборы было штосьці ад Пяцідзесятніцы. Ён скіраваў Епіскапат усяго свету, а значыць і Касцёл, менавіта на тыя шляхі, па якіх ён павінен крочыць на мяжы другога тысячагоддзя».

Падрыхтавала Ірына Бурак.