Знак крыжа... Менавіта з яго пачынаецца нашае сведчанне хрысціянскай веры. Уваходзячы ў касцёл, на пачатку малітвы і пасля яе мы абавязкова робім на сабе знак крыжа. І гэта натуральна. Цяжка ўявіць практычнае вызнанне нашай веры без гэтага знаку, які паходзіць ад першых хрысціянаў. Хаваючыся ад пераследу, паслядоўнікі Хрыста пазнавалі сваіх братоў па гэтым знаку, які ўпотай рабілі на сабе.

Сёння, дзякуй Богу, нам не трэба хавацца, каб перажагнацца, але як мы гэта робім? Такое ўражанне, што большасць тых, хто знаходзіцца ў касцёле, альбо не ўмее правільна перажагнацца, альбо саромеецца гэта рабіць, ці нават кагосьці баіцца: хуценька штосьці пакруцяць перад носам, не думаючы над сэнсам таго, што і каму мы гэтым хочам сказаць ці паказаць. Вельмі добра на гэту тэму разважае ксёндз з Германіі Франц Рудроў у сваёй кніжцы «Святая Імша: таямніца нашай веры». Вось некаторыя вытрымкі з яе: «У імя Айца і Сына, і Святога Духа пачынаем мы святую Урачыстасць. Вось стаім мы ў імя Бога ў Тройцы Адзінага перад Ягоным алтаром. Гэта значыць, за мной і нада мной знаходзіцца ўся сіла, магутнасць і веліч Пана ў адносінах да таго, што я распачынаю. Аднак адчуць усё гэта магчыма толькі тады, калі мы свядома адчынім Пану свае сэрцы, уважліва ў скупенні перажагнаемся і прамовім поўныя таямнічай моцы святыя словы: «У імя Айца...»

Уважлівае, поўнае пашаны вымаўленне гэтых слоў і знак крыжа, які мы пабожна робім на сабе, шатан не пераносіць і адразу ўцякае. І, наадварот, ён цешыцца і трыумфуе, калі чалавек усё гэта робіць абыякава, мімаходзь, спехам. Праз знак крыжа, які робіцца з вялікай любоўю, пашанай, Божае дзіця здабывае сабе нябеснае благаславенне і атрымоўвае апеку нашай нябеснай Маці...»

На жаль, у касцёле святары толькі зрэдку гавораць вернікам пра тое, як трэба правільна жагнацца. Зразумела, што гэта аксіёма, але праблема існуе...

На пачатку шляху да Бога (а гэта было каля 13 гадоў таму) мне трапіла ў рукі кніга «Закон Божий», падрыхтаваная вернікамі праваслаўнай Царквы. Вельмі падрабязна, даступна там гаварылася пра знак крыжа, ці, па-руску, «крестное знамение». Напрыклад, было сказана, што крыж пачынаем рабіць з чала, даводзячы руку да сярэдзіны тулава. Бо калі мы зробім яго кароткім, то гэта будзе крыж, перавернуты да гары нагамі (менавіта перавернутыя крыжы ўжываюць сатаністы). Прыводзіўся і малюнак. Думаю, што ў гэтым ёсць рацыя.

Праўда, у каталіцкіх катэхізісах нічога такога я не знайшла. Можа, даўжыня крыжа, сапраўды, не мае асаблівага значэння. Дарэчы, святога Пятра ўкрыжавалі ўніз галавой. І перавернуты крыж — гэта крыж святога Пятра. Аднак пры ўсёй любові і пашане да аднаго з першых Апосталаў мы жагнаемся ў імя Айца і Сына, і Святога Духа: накладаем на сябе крыж нашага Збавіцеля Езуса Хрыста, на якім Ён у страшэнных пакутах адкупіў нас ад вечнай смерці. Дык чаму ж мы павінны яго перакручваць ці нядбайна рабіць на сабе?!

Галіна Горская, Мінск.