Увайсці ў шчасце неба

Смерць — гэта канец зямной пілігрымкі чалавека, час ласкі і міласэрнасці, які Бог ахвяруе чалавеку, каб рэалізаваў сваё зямное жыццё паводле замыслу Божага і каб прыняў рашэнне аб сваім апошнім прадвызначэнні. Калі закончыцца «гэты адзіны шлях нашага зямнога жыцця», мы ўжо не вернемся да чарговага зямнога жыцця. «Назначана людзям раз памерці» (гл. Гбр 9, 27). Пасля смерці няма «рэінкарнацыі». (1013)

Касцёл заахвочвае нас падрыхтавацца да хвіліны нашай смерці («Ад раптоўнай і неспадзяванай смерці, захавай нас, Пане» — Літанія да Духа Святога); заахвочвае ўпрошваць Маці Божую, каб заступалася за нас «у хвіліну смерці нашай» (малітва «Вітай, Марыя»), а таксама даверыць сябе св. Юзафу, апекуну добрай смерці.

«Кожны твой учынак і кожная думка павінны быць такімі, як бы ты сёння павінен быў памерці. Калі б ты меў чыстае сумленне, то не вельмі б баяўся смерці. Лепш унікаць граху, чым уцякаць ад смерці. Калі сёння ты не гатовы, то ці будзеш гатовы заўтра?» (гл. «Аб наследаванні Хрыста» I, 23, 1).

Пахвалёны будзь, Пане мой, праз сястру нашу, смерць цялесную, якой ніводзін жывы чалавек пазбегнуць не можа. Бяда тым, хто памірае ў грахах смяротных. Благаславёныя тыя, каго смерць застане ў Тваёй найсвяцейшай волі, паколькі смерць (...) не прычыніць ім зла» (гл.: св. Францішак з Асізі, Cantico delle creature) (1014).

Усе мы ходзім па пероне, чакаючы, калі ад’едзе наш цягнік. Але часам так прывыкаем да гэтага чакання, што калі надыходзіць пара ад’езду, нас павінны сілком запіхваць у вагон. А ў такім стане сорамна паказацца ў небе...

А можа гэта ўжо заўтра? Няшчаснае здарэнне, катаклізм, інфаркт, фінал працяглай хваробы... Не, гаворка не пра тое, каб пачаць баяцца. Зусім наадварот. Давайце толькі сабе ўявім: мы зможам убачыць Бога тварам у твар, а ў Ім адшукаем усіх, каго любім (бо Ён іх любіць найбольш), адшукаем усё самае прыгожае, па чым мы сумавалі і аб чым снілі (бо ў Ім знаходзіцца ўсё добрае і прыгожае). Смерць — гэта сапраўды не занадта высокая цана, калі ўлічыць тое, колькі, дзякуючы ёй, мы павінны атрымаць.

Адзін чалавек аднойчы апавядаў, што быў вельмі здзіўлены, калі браму ў кляштары, які славіўся строгаю пакутнаю дысцыплінаю і цішаю, адкрыў яму вельмі ўзбуджаны брат. Убачыўшы ў вачах госця здзіўленне, законнік паспяшаў патлумачыць: «Сёння ў нас незвычайны дзень, вялікае свята: адзін з айцоў адышоў да Пана»...

Смерць — гэта свята, падобнае да нараджэння альбо шлюбу, бо гэта таксама пачатак новай жыццёвай дарогі. Таму, калі перад абліччам смерці мы й павінны чымсьці засмучацца, то толькі тым, што гэта можа быць смерць непадрыхтаваная. А мы найменш падрыхтаваныя да смерці тады, калі ў нас выстыла сэрца, калі мы перасталі любіць; толькі пра таго, хто страціў уменне любіць, можна сказаць, што ён памёр трагічна.

Смерць — гэта шлях да абяцанай зямлі нашай свабоды. Тут, у зямным жыцці, людская свабода стаіць перад цяжкім выпрабаваннем: магчымасці ў нас невялікія, а жаданні — касмічныя, бо мы хацелі б быць і тут, і там, адначасова перажываць нашае ўчора, сёння і заўтра; мы не хацелі б рабіць абавязковы выбар: альбо-альбо, а хацелі б мець усё... Там гэта будзе мажліва. Там нарэшце нашыя сэрцы атрымаюць спажыву, здольную задаволіць іх касмічныя жаданні. Там нарэшце нас перастануць сціскаць жорсткія законы часу, якога нельга павярнуць назад, і прасторы, якая не хоча пашырацца. Там мы ўжо нікога не паранім грубым словам, там усё будзе ясна...

Неба будзе апошнім этапам нашай любові. На нябеснай паляне мы спынімся здзіўленыя, бо сустрэнем там усіх, хто адышоў так хутка, што мы не паспелі сказаць, як моцна іх любім. Нарэшце мы зможам усё сказаць, нарэшце зможам спакойна маўчаць, не баючыся непаразуменняў. І любові нашай ніхто ў нас не зможа адняць, бо ўсім ва ўсіх будзе Бог. А Ён ёсць любоў.

Пераклад з польскай мовы Крыстыны Лялько.