У нядзелю, 6 кастрычніка гэтага года, Бог паклікаў да вечнасці ксяндза Антонія Самілу, які працаваў у парафіі святых Пятра і Паўла ў вёсцы Гожа Гродзенскай дыяцэзіі. З ксяндзом Антоніем мы пазнаёміліся ў 1991 годзе, калі я паступіў у Вышэйшую духоўную семінарыю ў Гродне. Ён быў ужо на другім курсе і мне, «навічку», які толькі рабіў першыя крокі ў якасці семінарыста, Антоні падказваў, што і як трэба рабіць, як паводзіць сябе. З гэтага распачалося наша з ім сяброўства. Мы часта збіраліся разам, размаўлялі, марылі пра будучую працу, дзяліліся сваімі думкамі наконт таго, якім павінен быць святар, а часам спявалі «народныя» песні, асабліва тыя, што спяваюць на пахаваннях, — нам абодвум яны вельмі падабаліся...

Прайшлі гады. Па волі Божай мы сталі святарамі. Ксёндз Антоні распачаў сваю працу ў парафіі ў вёсцы Гожа спачатку як вікарый, а пасля смерці тагачаснага пробашча ксяндза пралата Баляслава Гаўрыхоўскага як душпастыр гэтай парафіі. Вёска Гожа знаходзіцца недалёка ад мяжы з Літвой, на захадзе Беларусі. Я пасля атрымання святарскага пасвячэння быў накіраваны на працу ў Магілёў. Нягледзячы на тыя шматлікія кіламетры, якія нас раздзялялі, мы сустракаліся даволі часта, размаўлялі, дзяліліся сваімі праблемамі, поспехамі ці няўдачамі, успаміналі свае семінарыйныя «прыгоды» і дзякавалі Богу за тое, што сталі сябрамі...

Ксёндз Антоні быў вельмі працавітым чалавекам. Сваімі рукамі ён рабіў свечкі, якія ахвотна набывалі святары з розных парафій, займаўся земляробствам, меў сваю пасеку. Распачаў будаўніцтва новай плябаніі ў Гожы, адрамантаваў дах касцёла ў той жа парафіі, прыкладаў намаганні, каб арганізаваць будаўніцтва святыні ў Путрышках (Гродзенскі раён); з часам яго душпастырскай апецы былі даручаныя парафіі ў Прывалцы і Пераломе. На ўсе справы ў яго хапала часу, кожнага чалавека, які прыходзіў да яго з нейкаю патрэбаю, ён заўсёды выслухоўваў, і ніхто не адыходзіў ад яго з нявырашанаю справаю...

Уначы з 7 на 8 мая гэтага года на плябанію, дзе разам са сваёй мамай жыў ксёндз Антоні, напалі бандыты-рабаўнікі. Яны на вачах у маці моцна білі ксяндза Антонія. Пасля гэтага ён некалькі дзён правёў у бальніцы. Аднак яму не цярпелася вярнуцца як найхутчэй дадому, бо, як ён сам казаў мне па тэлефоне, «столькі працы, што няма часу хварэць». Нават нядаўна — дзесьці напрыканцы жніўня — калі мы з ім размаўлялі па тэлефоне, ён скардзіўся на дрэннае самаадчуванне, аднак да доктара ісці не хацеў, казаў, што прыйдзе зіма, будзе менш працы, то можна будзе абследавацца і ўжо тады лячыцца. На пачатку верасня стан яго здароў’я значна пагоршыўся, і ксёндз Антоні ўсё ж такі апынуўся ў бальніцы. На гэты раз уратаваць яго жыццё не ўдалося і раніцай ён памёр.

Пахаванне адбылося на касцельным цвінтары ў Гожы. Пахавальную цырымонію праводзіў ардынарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Аляксандр Кашкевіч, прысутнічалі таксама 132 святары, якія прыехалі развітацца з ксяндзом Антоніем з ўсёй Беларусі, а таксама святары з Украіны, якія вучыліся разам з намі ў семінарыі, законныя сёстры і шматлікія вернікі.

Ксёндз Антоні пражыў толькі 30 гадоў...

Вечны адпачынак дай яму, Пане,
А святло вечнае няхай яму свеціць.
Няхай адпачывае ў супакоі вечным. Амэн.

Кс. Юрый Касабуцкі.