На пытанні адказвае кс. Юрый Касабуцкі, прэфект Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі св. Тамаша Аквінскага ў Пінску.

Калі мы молімся за памерлых, то тым самым нібы згаджаемся, што яны церпяць у чысцы, бо за тых, што ў небе, маліцца ўжо не трэба. Але як зразумець, хто ў чысцы, а хто не. І ці трэба маліцца за памерлых дзядоў, прадзедаў, якія адышлі даўно з гэтага свету?

Верніца з Лепеля.

Сабор у Фларэнцыі ў буле Laetentur Coeli ад 6 ліпеня 1439 года дае наступны выклад навукі Касцёла, якая датычыць нашых малітваў за памерлых: «Калі б праўдзіва пакутуючыя скончылі сваё жыццё ў любові Бога яшчэ перад дастатковым выпраўленнем віны пакутнымі ўчынкамі за зробленыя грахі і занядбанне, то душы іх будуць пасля смерці ачышчаныя чысцовымі карамі. Палягчэнню гэтых караў дапамагае заступніцтва вернікаў, якія яшчэ жывуць на гэтай зямлі, а менавіта ахвяры Св. Імшы, малітвы, міластыні і іншыя акты пабожнасці, якія згодна з пастановамі Касцёла адны вернікі ахвяруюць за іншых». Саборавая праўда аб салідарнасці паміж жывымі і памерлымі, паміж тымі, хто яшчэ жыве ва ўмовах зямных, і тымі, што знаходзяцца ўжо пазазямным часам, належала ад самага пачатку да зместу веры Касцёла.

Гэта малітва не з’яўляецца аднакірункавай. Памерлыя таксама моляцца за жывых, і калі апошнія просяць Бога аб радасці вечнай для памерлых, памерлыя, у сваю чаргу, моляць Бога аб ласцы добрага жыцця для жывых. Гэта малітва ўзыходзячая і зыходзячая, малітва жывых за памерлых і памерлых за жывых. У гэтым праяўляецца цудоўная лучнасць святых (communio sanctorum), у якой няма месца для зайздрасці, нянавісці, але ёсць прагненне вечнага шчасця для ўсіх людзей.

Касцёл моліцца за ўсіх сваіх памерлых. Падчас кожнай Святой Імшы, а асабліва ў Дзень Задушны, мы ўспамінаем усіх тых, хто ўжо скончыў сваю пілігрымку на гэтым свеце, і просім для іх ласку збаўлення. Гэта малітва, якая ахоплівае ўсіх памерлых, чэрпае сваю сілу з глыбокага пераканання, што ўсе мы належым да Цела Хрыстовага і ўсе пакліканы да прабывання ў Яго блізасці. Яна з’яўляецца выразам узаемнай любові ўсіх людзей, бо ў ёй жывыя просяць за памерлых, а памерлыя за яшчэ пілігрымуючых на гэтым свеце. Мы з’яўляемся як бы «спадарожнікамі» святых, бо Пасрэднік — Хрыстус, святыя — заступнікі, а мы — супрацоўнікі ў справе збаўлення. Святыя ў небе ўдзельнічаюць у збаўленні тых, хто жыве на зямлі, а тыя, хто пілігрымуе на зямлі, просяць за тых, хто перажывае працэс ачышчэння.

Мы не ведаем, ці знаходзіцца душа чалавека, які ўжо скончыў зямное жыццё, у небе альбо ў чысцы ці ў пекле. Мы можам даведацца аб гэтым праз нейкія незвычайныя знакі (цуды, аб’яўленні), якія па волі Бога могуць быць дадзеныя нам; у некаторых выпадках Касцёл пасля падрабязнага даследавання прызнае гэтыя знакі як дадзеныя звыш і кананізуе (аб’яўляе святым) пэўную асобу. У такім выпадку мы молімся да гэтага святога і просім аб заступніцтве, апецы і г.д. Аднак у большасці выпадкаў для нас застаецца таямніцай пасмяротны лёс канкрэтнага чалавека, таму мы молімся за ўсіх, і гэтая малітва недарэмная. Калі душа чалавека ўжо асягнула неба, то яго заступніцтва за нас перад Богам будзе яшчэ больш моцным. Таму трэба маліцца за дзядоў, прадзедаў і нават за тых, каго мы ўжо не памятаем. Такім чынам павялічыцца колькасць і нашых нябесных заступнікаў.

 

Мы часта молімся: «ад раптоўнай і неспадзяванай смерці захавай нас, Пане». Але яна ўсё ж здараецца. Як успрымаць яе: як Божую кару альбо проста выпадак?

Аліна Базак, г. Гомель

Смерць — гэта аддзяленне душы чалавека ад цела. Момант смерці — гэта перамяненне сутнасці існавання чалавека: душа пакідае цела і распачынае новае жыццё. Гэта — канец выпрабавання, якое існавала падчас зямнога жыцця, цяпер душа атрымае адпаведную ўзнагароду (альбо кару) за сваё жыццё, за ўчынкі, словы і г.д.

Пачаткова чалавек, хаця і меў смяротную натуру, з волі Бога-Стварыцеля не павінен быў паміраць. Смерць прыйшла як наступства першароднага граху, стала «расплатай за грэх» (пар. Рым 6, 23), «апошнім ворагам» чалавека, які павінен быць пераможаны (пар. 1 Кар 15, 26). Таксама і Езус Хрыстус, Сын Божы, прайшоў праз цярпенне смерці, уласцівай чалавеку. Нягледзячы на сваю трывогу перад абліччам смерці (пар. Мк 14, 33-34, Гбр 5, 7-8), Ён прыняў яе праз сваё поўнае і дабравольнае падпарадкаванне волі Айца. Паслухмянасць Хрыста перамяніла пракляцце смерці ў благаслаўленне, бо Ён праз сваю смерць на крыжы перамог смерць і такім чынам адкрыў усім людзям магчымасць збаўлення. Хрысціянін, які злучае ўласную смерць са смерцю Хрыста, бачыць сваю смерць як пераход да Яго і як уваход у жыццё вечнае.

Смерцю заканчваецца для чалавека час, прызначаны на прыняцце альбо адмову ад ласкі Божай, праяўленай у Хрысце. Кожны чалавек у сваёй несмяротнай душы атрымае адразу пасля смерці вечную адплату на падрабязным судзе, які заключаецца ў суаднясенні яго жыцця з жыццём Хрыста і спаўняецца альбо праз ачышчэнне, альбо адкрывае непасрэдна ўваход да вечнага шчасця ў небе, альбо можа быць непасрэдным асуджэннем на вякі.

Касцёл заахвочвае нас падрыхтавацца да гадзіны нашай смерці. Пацверджаннем таму з’яўляюцца шматлікія малітвы, у якіх мы просім захаваць нас «ад раптоўнай і неспадзяванай смерці», просім Маці Найсвяцейшую, каб малілася за нас «у хвіліну смерці нашай» і г.д.

Якая смерць з’яўляецца так званай «добрай смерцю»? Перш за ўсё — гэта стан ласкі Божай, якую мы атрымліваем у сакраманце Споведзі і Эўхарыстыі, наша духоўнае яднанне з Хрыстом, падрыхтоўка да смерці (лепш сказаць — да спаткання з Езусам). Няма мовы пра спосаб смерці. (Выключэнне — самагубства, якое з’яўляецца адным з найбольш цяжкіх грахоў). Калі гаворым пра «раптоўную і неспадзяваную» смерць, то перш за ўсё перадаем гэтымі словамі момант смерці, які наступае «нечакана»: чалавек знаходзіцца ў стане граху і няма магчымасці ад яго пазбавіцца (нават няма часу на акт скрухі), бывае і так, што чалавек ведае, што ўжо наблізіўся момант расставання з гэтым светам (напрыклад, нейкая невылечная хвароба і да т.п.), аднак адкладае прыняцце Сакрамантаў (нават калі гэта было прапанавана!) на нейкі пазнейшы момант, і смерць наступае «нечакана» — чалавек да яе не падрыхтаваўся. І таму, калі мы просім Пана захаваць нас «ад раптоўнай і неспадзяванай смерці», то не столькі гаворым пра спосаб, колькі пра падрыхтоўку чалавека да смерці. Нават да смерці раптоўнай (напрыклад, у аўтакатастрофе) чалавек можа быць падрыхтаваны, калі заўсёды стараецца жыць у стане ласкі Божай. Таму нельга гаварыць пра тое, што такая смерць з’яўляецца карай. Мы павінны старацца заўсёды быць гатовымі да спаткання з Богам, бо «ані дня, ані гадзіны не ведае чалавек».