Гэтым летам мне давялося пабываць на Украіне, а менавіта ў г. Горлаўка, што непадалёку ад Данецка. І вось сёння хачу падзяліцца сваімі ўражаннямі, назіраннямі і перажываннямі.

Данецкі вугальны басейн займае значную частку тэрыторыі Украіны. Шахцёрскія гарады, практычна не маючы межаў, шчыльненька туляцца адзін да аднаго: Мікітаўка, Горлаўка, Канстанцінаўка, Макееўка, Енакіева і г.д. На гэтых тэрыторыях жыве ў большасці рускамоўнае насельніцтва, выхадцы з былога Савецкага Саюза, у тым ліку з Беларусі. У час росквіту вугальнай прамысловасці людзі ехалі туды, каб трошкі падзарабіць, бо праца шахцёра някепска аплочвалася. Вось так і мае сваякі апынуліся там.

Цяпер усё змянілася. Большасць прамысловых прадпрыемстваў зачынена. Шахты працуюць, як кажуць, з горам папалам. Яшчэ тры гады таму зарплату шахцёрам затрымлівалі на год. Цяпер стараюцца плаціць у час, але часткова: 30 альбо 40%. Пенсія чалавека, які 20 гадоў працаваў на шахце, а цяпер па выслузе ў 50 гадоў пайшоў на пенсію, складае 185 грыўнаў – прыкладна 37 долараў. Вялікая праблема – беспрацоўе, таму многія кінуліся ў гандаль…

Аднак не хлебам адзіным жыве чалавек

Нядаўна пачула такую статыстыку: з усіх краінаў былога СССР Украіна займае першае месца па духоўным узроўні. Мажліва, гэта і так. Хаця, безумоўна, ёсць раёны, дзе гэты паказчык вельмі нізкі, затое ў іншых, як, напрыклад, на Львоўшчыне, ён вельмі высокі. Памятаю, яшчэ ў канцы 80-х гадоў тут нават у курортнай зоне (г. Моршын) падчас Вялікага Посту былі зачынены ўсе клубы і дыскатэкі. І менавіта там я ўпершыню паглядзела відэафільм «Иисус», які прывозілі хрысціяне адной з пратэстанцкіх цэркваў.

Але вернемся ў Горлаўку. Адразу, што вельмі кідаецца ў вочы, — мноства сектаў, накшталт «Сведкаў Еговы». Пры размове з адным яе удзельнікам пачула, што самае галоўнае для іх –прыводзіць людзей у сваю супольнасць, бо толькі гэтым яны ратуюцца. Вось «сведкі» і стараюцца. І, на жаль, нярэдка маюць поспех. Шкада гэтых «заблуканых авечак», калі бачыш, з якім энтузіязмам яны адцягваюць людзей ад Хрыстовай веры, пераахрышчваюць, касуючы сапраўдны хрост, бо не вераць у Бога ў Тройцы Адзінага. І самае страшнае, пакланяюцца не Богу, а чалавеку (Чарльзу Расэлу), які 120 гадоў таму стварыў гэтую секту, перапісаў па сваім разуменні Біблію, якой «сведкі» і карыстаюцца. Але ж у Адкрыцці Яна Багаслова (22, 18—19) сказана: «...калі хто даложыць да гэтага, узложыць на яго Бог плягі, напісаныя ў кнізе гэтай; калі хто адыме ад слоў кнігі прароцтва гэтага, адыме ў яго Бог долю ягоную з кнігі жыцця і з места святога і з напісанага ў гэтай кнізе».

Няхай жа міласэрны Бог дапаможа гэтым людзям апамятацца!

Што тычыцца іншых канфесій, то большасць у Горлаўцы складаюць праваслаўныя. Нямала пратэстантаў. Ёсць грэка-католікі. І вось з 1995 года тут існуе рыма-каталіцкая парафія.

Пачыналася ўсё няпроста

Па гарадскім радыё прагучала аб’ява, што ў нядзелю а 12-й гадзіне на плошчы Перамогі вернікаў будзе чакаць ксёндз. Прыйшло ўсяго два чалавекі. Разам з айцом Яраславам Гежыцкім памаліліся Ружанец, паразмаўлялі і разышліся. Адразу ж газета «Социалистический Донбасс» надрукавала заметку, у якой не без іроніі гаварылася пра тое, што ў Данецк прыехаў з Польшчы каталіцкі святар, але парафіянаў няма.

Як ні дзіўна, газета зрабіла добрую паслугу, бо пасля яе інфармацыі вернікаў паболела як у Данецку, так і ў Горлаўцы, і ў Макееўцы. Менавіта ў гэтых гарадах кс. Яраслаў Гежыцкі планаваў стварыць парафіі.

У Горлаўку святар пачаў прыязджаць кожную нядзелю. Святую Імшу напачатку адпраўляў у хаце адной з першых парафіянак. Потым знялі памяшканне чырвонага кутка Гарводаканала, а пазней быў камунальны тэхнікум. І вось ужо чатыры гады вернікі рыма-каталіцкага веравызнання маюць сваю капліцу імя Найсвяцейшага Сэрца Езуса. Пад яе абсталяваны даволі прывабны дом, які парафіянам падараваў біскуп з г. Камянец-Падольска. У парафіі на сённяшні дзень налічваецца каля 50 вернікаў, але, як адзначыў айцец Павел Ганчарук, які часова замяшчаў тут ксяндза Рыгора Семянкова, «парафія не вельмі вялікая, аднак моцная духам». У гэтай супольнасці ёсць і яшчэ адна вельмі каштоўная якасць – сямейная роднасць.

Хрысціянская роднасць

Аднойчы на канферэнцыі, якая праходзіла некалькі гадоў таму ў Маскве і была прысвечана абароне жыцця, адзін з праваслаўных святароў сказаў літаральна наступнае: «Наши церковные приходы часто не соответствуют этому понятию. Скорее это приход и уход...». І сапраўды, існуе праблема, і не толькі ў праваслаўнай Царкве, калі паміж вернікамі няма хрысціянскай роднасці, узаемапаразумення і ўзаемнай дапамогі. Парафія, а па-руску «приход» – гэта адзіная сям’я хрысціянаў, а добрая сям’я немагчыма без любові, павагі, клопату адзін пра аднаго. І як жа прыемна было ўбачыць усё гэта ў горлаўскай парафіі Найсвяцейшага Сэрца Езуса. У радасці і ў горы вернікі разам. Напрыклад, у вігілійны вечар свята Божага Нараджэння збіраюцца сем’ямі ў каплічцы. У дольным памяшканні – сталовая. Супольна накрываюць сталы. Пані Апалонія Кушпіта, адна са старэйшых парафіянак, як заўсёды, гатуе смачную куццю. Потым – Пастэрка і начное чуванне да раніцы.

На жаль, парафіяне да гэтага часу не маюць свайго пастаяннага святара. Айцец Рыгор прыязджае з Макееўкі (раней прыязджаў кс. Уладзімір з Данецка). Святая Імша правіцца толькі ў нядзелю і святочныя дні, але парафіяне і за гэта вельмі ўдзячныя Міласэрнаму Богу і сваім добрым ахвярным пастырам, якія дораць ім ні з чым не параўнальную радасць спаткання з Езусам Хрыстом у Эўхарыстыі, а таксама і радасць спаткання паміж сабою, бо калі любіш усім сэрцам Езуса, то па-сапраўднаму любіш і свайго бліжняга. За кубкам кавы ці гарбаты, якія заўсёды гатуюцца пасля набажэнстваў, вернікі дзеляцца сваімі перажываннямі радасці ці суму, абмяркоўваюць парафіяльныя праблемы. І гэта іх таксама вельмі яднае. Ініцыятарам такіх сустрэч стала Ганна Цімафееўна Стахава, лідэр і душа супольнасці.

А вось за «духоўную кухню» адказвае Галіна Самойлава, якая вядзе ў парафіі катэхізацыю. Пра законных сясцёр, як і пра пробашча, тут толькі яшчэ мараць. Чакаюць з надзеяй – можа свае, дасць Бог, вернуцца: дзве дзяўчыны пайшлі ў супольнасць сясцёр уршулянак, а хлопец – у духоўную семінарыю. Дарэчы, адна з дзяўчат – дачка пані Галіны.

Дарога да храму

Духоўны шлях Галіны Самойлавай вельмі цікавы. Яна паходзіць з сям’і праваслаўных, якія не практыкавалі сваёй веры. Шукаючы Бога, трапіла неяк у Данецкі грамадскі універсітэт на факультэт рэлігіязнаўства. Паслухала нямала святароў розных канфесій і рэлігійных супольнасцяў. Спынілася на каталіцтве. Заняткі тады вёў кс. Яраслаў Гежыцкі. Вось так і прыйшла ў касцёл. Спачатку ездзіла ў Данецк, бо там парафія з’явілася раней.

З бацькамі, якія нядаўна навярнуліся да Бога, нярэдка ходзіць і ў праваслаўную царкву. Нават падумвала застацца ў ёй па просьбе бацькоў, але сэрцам ужо прыкіпела да роднай парафіі. Да таго ж, непрыязныя адносіны праваслаўных святароў да католікаў выклікаюць у душы крыўду і пратэст. Аднойчы ў размове з бацюшкам запытала, чаму яны так ставяцца да католікаў. У адказ пачула, што ў касцёле ўсё не так, як трэба. Напрыклад, за святыя сакраманты і святарскія паслугі існуе пэўная аплата. «Але ж гэта не так, — запярэчыла жанчына. – Я шмат гадоў у касцёле і такога ніколі не бачыла. Наадварот, у праваслаўнай царкве людзі з-за вялікай аплаты не могуць ахрысціцца ці ўзяць шлюб і ідуць да нас, і вы гэта добра ведаеце». У канцы яна запрасіла святара наведаць касцёл і ўбачыць усё на свае вочы. Той неяк збянтэжана, ціха адказаў: «Нас так вучаць...»

— А нас вучаць любові, бо Бог ёсць любоў, — сказала ў нашай размове Галіна. – За ўвесь час, што я ў касцёле, ні разу не чула, каб хоць адзін ксёндз сказаў штосьці дрэннае на праваслаўных братоў. Так, менавіта братоў, і нам гэта заўсёды гавораць з амбоны.

Адзін мой знаёмы неяк сказаў: «Як добра быць веруючым і менавіта католікам. Куды б, у які горад ці краіну ні прыехаў, нават не маючы сваякоў і знаёмых, прыйшоўшы да касцёла, адчуваеш сябе як дома. Усё роднае і блізкае. Ніколі не застанешся без падтрымкі». І гэта сапраўды так. Хаця на Украіне маю родных, але калі б іх і не было, ведаю, што ў кожным касцёле, у кожнай каплічцы знайшла б іх, як знайшла ў горлаўскай парафіі Найсвяцейшага Сэрца Езуса. Бо мы ўсе родныя ў Езусе Хрысце.

Галіна Калевіч. Фота аўтара.