Важны момант у жыцці Касцёла той або іншай краіны — наладжванне трывалай дзейнасці ў дыяспары. Пра арганізацыю такой працы, а таксама пра свае ўражанні ад наведвання Беларусі і знаёмства з яе рэлігійным жыццём апавядае рэктар польскай каталіцкай місіі ў краінах Бенілюксу ксёндз Рышард Штылька.

– Ксёндз рэктар, раскажыце, калі ласка, пра дзейнасць вашай місіі і яе рэктарата.

– Наш рэктарат існуе з 1923 года, я з’яўляюся яго чарговым, дванаццатым рэктарам. Польская каталіцкая місія ў краінах Бенілюксу займаецца евангелізацыяй і рэлігійнай адукацыяй дзяцей у школах гэтага рэгіёну Еўропы. Найбольшая з такіх школ знаходзіцца ў Бруселі. У ёй навучаецца каля 800 дзяцей. Рэлігію выкладаюць ксяндзы і законныя сёстры, так што апроч агульнаадукацыйнай нашы юныя суайчыннікі маюць магчымасць атрымліваць і належную духоўную падрыхтоўку.

– Ці маеце свае друкаваныя выданні?

– Маем. У Бенілюксе выходзіць разлічаны таксама і на Францыю часопіс «Głos katolicki». Асобныя душпастырскія асяродкі маюць і ўласныя бюлетэні.

– Якія найбольш значныя рэлігійныя і свецкія польскія асяродкі ёсць у краінах Бенілюксу?

– Са свецкіх магу назваць «Звяз палякаў», які налічвае каля 400 чалавек. З рэлігійных – «Жывы Ружанец» (у яго ўваходзіць больш за паўтысячы асобаў). Гэта найстарэйшыя арганізацыі, створаныя яшчэ падчас першай хвалі нашай эміграцыі 1830 года.

– Краіны Бенілюксу – аднаканфесійныя?

– Не. У Люксембургу большасць вернікаў католікі, але ёсць і праваслаўныя. У Бельгіі ёсць і католікі, і пратэстанты, і праваслаўныя, і кальвіністы, і метадысты. У Нідэрландах католікаў і пратэстантаў амаль пароўну. Для нас такая стракатасць веравызнанняў не перашкода, бо канфліктаў між канфесіямі няма.

– Якія вашы ўражанні ад наведвання Беларусі?

– У Беларусі я першы раз. Не спадзяваўся сюды калі-небудзь трапіць і, пэўна, не трапіў бы, калі б не зычлівасць вашага біскупа Уладзіслава Бліна. Калі казаць наогул пра краіну, то я ўражаны і яе памерамі, і геаграфічным становішчам. У параўнанні з краінамі Бенілюксу тут відавочна лепшыя кліматычныя ўмовы, больш, так бы мовіць, спрыяльныя для жыцця. Не магу не адзначыць гасціннасць тутэйшых людзей, іх добразычлівасць і шчырасць. На Захадзе такое рэдка сустрэнеш. Там кожны жыве сваім жыццём і найчасцей клопат кожнага скіраваны на сябе і ўласныя праблемы. Беларусы больш адкрытыя для кантактаў, больш цікаўныя. Прыемна ўразіла пабожнасць беларускіх католікаў. Усюды назіраў яе ў святынях, усюды дзівіўся ёй і радаваўся. Падчас знаходжання ў Мінску прысутнічаў у адзін дзень на пяці Св. Імшах, і падчас усіх касцёл быў поўны. У нас такое немагчыма. Гэтулькі людзей у Бельгіі і ў нядзелю не прыйдзе на Эўхарыстыю, колькі ў вас прыходзіць у будзённы дзень. Гэта сведчыць пра вялікае жаданне вашага люду да размовы з Богам. Чаму? Можа, таму, што доўгія гады не мелі такой магчымасці. А вазьміце Віцебшчыну! Звыш 80 новых парафій за такі кароткі тэрмін – хіба гэта не дзіва? Ні ў адной еўрапейскай краіне гэткага не пабачыш. А самаахвярнасць вашых святароў! Усё гэта вельмі радуе.

– Цяпер у нас нават польскія ксяндзы стараюцца праводзіць набажэнствы на бела-рускай мове...

– Ваша мова вельмі спеўная і прыгожая. Не ўсё разумею падчас Імшы, але адчуваю, што яна нясе ў сэрца незвычайную цеплыню. Думаю, што ўжыванне святаром роднай мовы народа спрыяе адкрытасці, разуменню паміж ім і парафіянамі.

– Што вы маглі б сказаць пра ўладкаванне нашага ўнутрыпарафіяльнага жыцця?

– Гэта таксама мяне ўразіла. Як рыхтуюцца людзі да Святой Імшы! А як упрыгожваюць свае святыні! Мы на Захадзе можам толькі марыць пра такое. У нас за ўсё трэба заплаціць, і тады толькі будзе нешта зроблена. Тут жа робяць бясплатна і часцей за ўсё – добраахвотна. Бо і святары падаюць у гэтым добры прыклад, стараючыся быць як мага бліжэй да людзей. Біскуп Віцебскай дыяцэзіі жыве ў звычайным блочным доме, побач з парафіянамі – такое ў нас і ўявіць немагчыма.

– Ці ведаюць у краінах Бенілюксу пра нашу Беларусь?

– Крыху ведаюць. На тэрыторыі Бенілюксу ёсць колькі дзесяткаў сем’яў, якія паходзяць з Беларусі. Звычайна вашу краіну мянуюць у нас Белай Руссю – так склалася гістарычна. Што да ментальнасці вашага народа, то тут праблем больш. Можна сказаць, у гэтым плане беларусаў у Бельгіі ці Нідэрландах амаль не ведаюць. Таму і варта пашыраць кантакты на ўсіх узроўнях, у тым ліку і на ўзроўні супольнай працы ў справе служэння Богу, Касцёлу. Сардэчна вітаю ўсіх католікаў Беларусі і вельмі спадзяюся на кантакты ў будучыні.

– Дзякуй за размову. Поспехаў вам і вашай місіі.

Запісаў Ф. ДУБРАЎСКІ.