550 гадоў парафіі св. Мікалая ў Свіры

Многія стагоддзі таму прыйшла на нашыя землі Добрая Вестка — Евангелле, і да хрысціянскага Касцёла далучылася амаль усё мясцовае насельніцтва. Засноўваліся парафіі, узводзіліся святыні, стваралася духоўная спадчына народа. Сёлетні 550-гадовы юбілей парафіі св. Мікалая ў Свіры, а таксама 350-годдзе касцёла, якое будзе адзначацца ў наступным годзе, — выдатнае сведчанне і гісторыі каталіцкага Касцёла, і яго адраджэння.

Кардынал Казімір Свёнтэк.
З уступу да кнігі «Лёс касцёла ў лёсах людзей»

На адлегласці 85 км ад Вільні, у паўночна-ўсходнім напрамку, паблізу ад Полацкага тракту, альбо шляху Баторыя, знаходзіцца вельмі прыгожае возера Свір. Даўжыня яго з захаду на ўсход складае да 15 км, а шырыня — каля 2 км. На гарыстым паўднёвым беразе возера амаль што на 2 км уздоўж яго прыгожа раскінулася мястэчка Свір.

Паводле гістарычных звестак, старажытнае рыбацкае паселішча Свір уваходзіла ў склад Нальшчанскага княства. Да XIII ст. на гэтых тэрыторыях жылі балцкія плямёны. З XI ст. сюды пранікаюць славяне-крывічы, пачынаецца асіміляцыя мясцовых балтаў. У сярэдзіне ХІІІ ст. нальшчанскі князь Даўмонт заснаваў Свір, і яго нашчадкі, князі Свірскія, на некалькі стагоддзяў засталіся ў гэтых мясцінах. З XVI ст. Свір і ваколіцы належалі Радзівілам.

Першы рыма-каталіцкі касцёл у Свіры быў пабудаваны па ініцыятыве і на сродкі князя Яна (Івашкі) Свірскага ў 1452 г. Князі Свірскія і пазней рабілі ахвяраванні на карысць гэтага касцёла, які праслужыў вернікам роўна 200 гадоў.

У 1649 г. князь Фелікс Свірскі прыбудаваў да драўлянага касцёла каменную капліцу Рамановічаў-Свірскіх. У 1653 г. на месцы драўлянага касцёла пабудаваны новы мураваны касцёл св. Мікалая, урачыста кансэкраваны ў 1671 г. біскупам Мікалаем Слупскім. У гэтым мураваным касцёле свірскія парафіяне праслаўлялі Пана Бога 256 гадоў.

У сярэдзіне ХІХ ст. у выніку правядзення расійскім самадзяржаўем імперскай палітыкі былі зачынены многія касцёлы на Беларусі. Пакінутыя без святыняў вернікі з суседніх вёсак і мястэчкаў далучаліся да свірскай парафіі, якая такім чынам значна пашырылася. Барочны касцёл, што існаваў з сярэдзіны XVII ст., ужо не мог змясціць усіх парафіянаў. У 1903 г. намаганнямі свірскага дзекана кс. Казіміра Валюнаса пачалася рэканструкцыя святыні, якая скончылася ў 1909 г. поўнай яе перабудовай. 18 чэрвеня 1928 г., пасля пабудовы новага галоўнага алтара, касцёл быў урачыста кансэкраваны Мітрапалітам віленскім Рамуальдам Ялбжыкоўскім.

Касцёльнае жыццё ў тыя часы было даволі актыўным. У Свіры працавалі тры законніцы з манаскай супольнасці Місіянерак Святой Сям’і, якія займаліся катэхізацыяй у мястэчку і ў трох школах на тэрыторыі парафіі. Яны арганізавалі дзіцячы садок, працавалі з моладдзю, апекаваліся парафіяльнымі таварыствамі — Жывым Ружанцам, Эўхарыстычным Рыцарствам, Таварыствам каталіцкай моладзі, а таксама Брацтвам Маці Божай Святога Ружанца, якое дзейнічала ў парафіі з 1856 г.

Устаноўленая на тэрыторыі Заходняй Беларусі 17 верасня 1939 г. савецкая ўлада забараніла навучанне Закону Божаму, а таксама душпастырскую працу законных сясцёр.

Неўзабаве грымнула вайна. У парафіі ў гэты час працавалі кс. дзекан Казімір Шылэйка, вікарый кс. Станіслаў Кучынскі, а таксама сёстры з манаскай супольнасці Місіянерак Святой Сям’і. Найбольш гора вайна прынесла жыхарам Свіры яўрэйскай нацыянальнасці (яны складалі амаль палову насельніцтва мястэчка). Тут было створана гета, з якога яўрэяў вывозілі ў канцлагеры Германіі, а таксама ў лясы Панары пад Вільняй, дзе расстрэльвалі.

Прыкладам хрысціянскай міласэрнасці ў адносінах да яўрэяў быў кс. Ян Сялевіч — каталіцкі святар, пасмяротна ўзнагароджаны Ізраілем ганаровым званнем і медалём «Праведнік народаў свету». Ксёндз Сялевіч ратаваў яўрэйскія сем’і, якія ўцякалі з віленскага гета. На ганаровым дыпломе «Праведнік народаў свету», які захоўваецца ў свірскім школьным музеі, ёсць надзвычай важныя для кожнага сумленнага чалавека словы: «Хто ратуе адно жыццё, той ратуе ўвесь свет».

Усе пасляваенныя гады ў свірскай парафіі працаваў пробашчам кс. Казімір Шылэйка, для якога парафія стала роднаю сям’ёю. Праз год пасля яго смерці, у лютым 1961 г., улады вырашылі зачыніць касцёл, але сёстры непакалянкі патаемна праводзілі ў парафіі душпастырства.

З 1961 г. свірскай парафіяй апекаваўся шэметаўскі святар Станіслаў Кучынскі.

Пасля закрыцця святыня разрабоўвалася і разбуралася. У 1981 г. у будынку касцёла ўладкаваўся новы «гаспадар» — Смаргонскі завод аптычнага станкабудавання. З вежаў былі скінуты крыжы, унутры залязгаталі станкі, але свірскія парафіяне не гублялі веры і надзеі. Дзейнасцю па вяртанні касцёла кіраваў кс. Станіслаў Кучынскі, і ўрэшце ў 1989 г. вернікі атрымалі станоўчы адказ на ліст, дасланы Міхаілу Гарбачову.

8 ліпеня 1990 г. кс. біскуп Тадэвуш Кандрусевіч прызначыў пробашчам свірскай парафіі кс. Войцеха Ляманскага, а 22 ліпеня 1990 г. кс. пралат Станіслаў Кучынскі кансэкраваў касцёл. На ўрачыстасць сабралася многа народу. Радасць панавала ў людскіх сэрцах, якія, нягледзячы на доўгія гады духоўнай пусткі, захавалі вернасць Богу і Касцёлу.

Шмат сілы ў справу аднаўлення святыні ўклаў кс. пробашч Войцех Ляманскі. Многае тут зроблена яго ўласнымі рукамі: ён меў талент і будаўніка, і цесляра, а таксама добры густ.

Як толькі касцёл аднавіў сваю дзейнасць, людзі пачалі штодзённа прыходзіць на Святую Імшу. Хрысцілі дзяцей, урачыста бралі шлюбы, адпявалі нябожчыкаў. Усё глыбей у людскія душы пранікала Слова Божае.

У кастрычніку 1997 г. пробашчам парафіі быў прызначаны кс. Багуслаў Маджэеўскі, які захаваў усе адноўленыя мясцовыя традыцыі і шмат зрабіў для паглыблення духоўнага жыцця парафіянаў.

Юбілейны 2000 год парафія перажывала як сведчанне падзякі Усемагутнаму Богу за вернутую і адноўленую святыню. Вернікі маліліся ў касцёле дзевяцітыднёвую навэнну. Падчас адарацыі, набажэнстваў і Святой Імшы свірскія парафіяне дзякавалі Пану Богу за дар веры, маліліся за ўсіх ахрышчаных, каб яны захавалі гэты бясцэнны скарб — веру ў Хрыста.

6 снежня 2001 г. фэстам св. Мікалая распачаўся ў свірскай парафіі юбілейны 550 год, святкаванне якога адбылося 6 снежня 2002 г.

Паводле кнігі «Лёс касцёла ў лёсах людзей:
Да 550-годдзя парафіі св. Мікалая ў Свіры».

Падрыхтавала Ірына Бурак.
Фота з архіва парафіі.