Вера Вайцюль нарадзілася ў вёсцы Сялец на Смаргоншчыне. У 1976 г. скончыла Войстамскую СШ, пасля якой 3 гады вучылася ў Віцебску па спецыяльнасці кравец жаночага і дзіцячага адзення. Жыве ў Смаргоні.

Зімні шлях
Цемень начная не выткала зор.
Месяц згубіўся, пакінуў дазор.
Страшна. Дарогі занесены снегам.
Цяжка ступаць супярок сваім бедам.
Толькі я бачу слядоў ланцужок:
След, яшчэ след, невыразны слядок.
Квола ступала па снезе нага
Смеласці сцежачка мне надала.
Божа магутны, даруй Ты мне, мілы,
Ты падарыў мне і мужнасць, і сілу.
Цвёрда ступаю, не паслізнуся,
На раздарожжы не разгублюся.
Ціша. Прастора. Ранак. Світае.
Ўцеха у сэрцы змарнелым блукае.
Зорамі ўсыпаны шлях мой да Бога,
І адпусціла, змякчэла трывога.

Касцёльны звон
Каб адвесці трывогу і стогн,
Над зямлёй загучаў перазвон.
Каб вы сэрцаў не замыкалі,
Калі нават засмужацца далі.
Каб удзячнасці не гублялі,
Калі крыгамі стануць хвалі.
Годзе гневацца, годзе ліць
Ненасытныя слёзы зайздросці,
На Зямлі мы усе – толькі госці,
Дык давайце па-людску жыць.
Покуль звоняць над храмам званы,
Не шкадуйце сваёй дабрыні.
Покуль веры агонь не пагас,
Для раскаяння ёсць яшчэ час.

* * *
Ну вось і старасць да цябе імчыць,
Альбо ад скрухі галава шчыміць,
Калі душа зноў б’е трывогу –
Прыйдзі і пакланіся Богу.

Калі ў цябе надзей не засталося,
І ўсё, чаго чакала, не збылося,
Калі згубіла ў цемры ты дарогу –
Тады прыйдзі і пакланіся Богу.

Калі ж у дом твой завітала шчасце,
І радасць на душы, спакой,
Устань пакорна на калені
З удзячнаю сваёй мальбой.

За ўсё удзячным трэба быць –
І Бог цябе благаславіць.

Яшчэ ёсць час
Яшчэ ёсць час...
На стрэчы і спатканні,
На слёзы чыстыя,
світанні.
На захад сонца любавацца
І першым промням усміхацца.

Яшчэ ёсць час...
У веснавой расе
убачыць яблыню ў красе,
Дачушку мілую у шлюбным строі,
Над полем хвалі льну, як мроі.

Яшчэ ёсць час...
Я гэта знаю...

* * *
Кросны тчэ на соснах павучок,
Кужаль тонкі, узоры вытыкае.
Серабрыцца ў восеньскай расе
Тых узораў шчодрасць незямная.

Слухаю бабуліну прадмову:
– Ад зямліцы трэба браць аснову.
Сэрцам шчыра ўзоры падбіраю,
А з чаго пачаць, сама не знаю.

То жыццё зусім без хмар здаецца,
То сініцай у сілку заб’ецца,
То ад роспачы душа заплача.
А чаўнок мой скача, скача, скача...

Думкі карагодзяць. Усплываюць
Прыгажосці і дзівосы майго краю.
З патаемных слоў сатку аснову,
Каб здаволіць смагу роднай мовай.