Неяк, адпачываючы ўлетку ў родных мясцінах, наведаў могілкі ў вёсцы Суромшчына. Убачанае надоўга ўрэзалася ў памяць: паламаныя крыжы, паваленыя помнікі і агароджы. Два вялікія бэйбусы, узброіўшыся кувалдамі, бэсцілі, крышылі, ганьбілі чалавечую памяць. Іх злавілі і нават судзілі, але што з таго: аднойчы пасеянае зерне зла рана ці позна праб’ецца ў іншым месцы...

Крыху пазней нешта падобнае, толькі ў дачыненні да здымкаў на помніках, давялося пабачыць на яўрэйскіх могілках у Гарадку.

Кожны раз сцінаюся ад няўтульнасці, наведваючы Старасямёнаўскія клады ў Віцебску, дзе над магільнымі курганамі ўвасабленнем бязмежнага дзікунства ўзвышаюцца некалі густоўныя, а цяпер спаганеныя пастаменты з надпісамі на розных мовах. І кожны раз міжволі агортвае сум, калі бачу беспрытульныя надмагільныя камяні і помнікі ля капліцы касцёла святой Барбары. Людзі перанеслі іх сюды з касцёльных могілак, ратуючы з-пад гусеніц ды колаў падчас будавання на тэрыторыі каталіцкіх могілак аўтабазы №4.

Першая хваля руйнавання гэтых найпрыгажэйшых некалі могілак у горадзе пачалася ў 1955 годзе. Бульдозеры крышылі тады помнікі, экскаватары жывасілам вырывалі з зямлі труны і засыпалі тыя месцы свежым грунтам, заасфальтоўвалі. У 1985 г. адміністрацыя аўтабазы без узгаднення з горадабудаўнічымі арганізацыямі пашырыла свае ўладанні, узвёўшы побач з базай новыя пабудовы.

А між тым у справе «Віцебскі касцёл св. Барбары» Цэнтральнага гістарычнага архіва Расіі неаднаразова згадваецца пра тое, што зямля, адведзеная пад могілкі, з’яўляецца ўласнасцю касцёла. Ды хто зважаў у тыя гады на гэткія юрыдычныя нюансы...

У 1995 г. 408 католікаў Віцебска звярнуліся з заявай да гарадскіх уладаў аб вяртанні парафіі касцёла св. Барбары яе спрадвечнай, законнай тэрыторыі, у тым ліку тэрыторыі могілак. Заява нібыта не засталася незаўважанай. У адказ на яе Віцебскі гарадскі савет прыняў 17 ліпеня 1996 года рашэнне знесці незаконна ўзведзеныя пабудовы, але тое рашэнне не выкананае па сённяшні дзень. Сноўдаюць машыны па людскіх касцях, засмечваецца тэрыторыя, наносячы непапраўную шкоду адзінай у абласным цэнтры ўзятай пад апеку дзяржавы каталіцкай святыні.

За гады няроўнага змагання за памяць пра сваіх нябожчыкаў (на могілках пахаваныя сваякі многіх з сённяшніх парафіянаў катэдральнага касцёла) вернікі дамагліся толькі ўстанаўлення памятнага Крыжа. Яго асвячэнне адбылося 2 лістапада. «Нельга знішчаць памяць, бо самі некалі станем тымі, каму будуць патрэбныя малітвы жывых. Толькі захоўваючы памяць можна дайсці да вечнага Святла», — сказаў падчас асвячэння Крыжа пробашч парафіі св. Барбары а. Міхал Ермашкевіч. «Як гэта мала для ўсталявання справядлівасці, — зазначыла падчас свайго выступлення верніца Валянціна Адамцова, якая аддала шмат сілы, каб хоць гэткім чынам засведчыць пашану да памяці памерлых. – Ды лепш хоць нешта, чым нічога».

Зрэшты, як для каго. Напрыклад, для Элеаноры Станіславаўны Сіўцовай, якая прыходзіла даглядаць сюды кветкі яшчэ ў 5-гадовым узросце і ў якой тут знайшоў вечны спачын у 1941-м родны брат, і такі сціплы драўляны Крыж з лаканічным надпісам «Прабачце нас» — вялікая радасць. Мець магчымасць прыйсці, узгадаць, запаліць свечку, памаліцца – ці так ужо мала для чалавека, які ўсё жыццё імкнецца жыць паводле Божых запаведзяў.

Нікога з прадстаўнікоў уладаў і тых, хто прыклаў руку да руйнавання могілак ля Крыжа, падчас асвячэння не было. Ды, можа, адумаюцца калі і наведаюць з цвёрдым намерам вырашыць праблему кладоў аднойчы і назаўсёды. Пакуль не позна яшчэ і бязлітасны вецер часу не сцёр дарэшты надпісы на помніках некаму блізкіх і дарагіх людзей ля касцёльнай капліцы. Адумаюцца. Каб зноў потым не каяцца і не ўзводзіць у выглядзе Крыжа помнік уласным чэрствасці і бяспамяцтву.

Францішак Дубраўскі.
Фота І. Ляскоўскага.