1 лістапада, у дзень Усіх Святых, на могілках у г.п. Сянно (на Віцебшчыне) адбылося асвячэнне Крыжа і сімвалічнай магілы ксяндза Аляксандра Астрамовіча (літаратурны псеўданім Андрэй Зязюля) (26.11.1878—17.01.1921), пробашча парафіі, які працаваў тут у 1919—1921 гг. Да ўшанавання памяці святара-паэта прычыніліся цяперашні пробашч сенненскай парафіі Святой Тройцы Януш Прусіноўскі і кіраўніцтва раённай суполкі Таварыства беларускай мовы. Урачыстасць пачалася Святой Імшой у мясцовай капліцы і працэсіяй, працягам якой стала малітва на могілках за памерлых ксяндзоў і біскупаў і ў прыватнасці за ксяндза Аляксандра Астрамовіча, а таксама за ўсіх памерлых, што знайшлі вечны супакой на тутэйшых і іншых могілках Беларусі.

2 лістапада, у Дзень памяці памерлых, асвечаную напярэдадні магілу наведалі сенненскія школьнікі і сябры патрыятычнага клуба пад кіраўніцтвам настаўніка краязнаўства Васіля Бандарэвіча. Падчас адкрытага ўрока памяці гучалі вершы Андрэя Зязюлі, Наталлі Арсенневай, Максіма Багдановіча. У наступным годзе спаўняецца 125 гадоў з дня нараджэння Аляксандра Астрамовіча, і вернікі парафіі і грамадскасць раёна маюць намер адзначыць ягоны юбілей больш шырока.

Ф.Д.
Фота В. Каржыцкай, А. Пазьняка.