Кожнага разу, калі трапляю ў Павяцце, найперш шукаю позіркам тое, што помніцца змалку. Абсаджаная старымі жалівіцамі дарога з надрэчча да колішняй школы, хата, дзе мясціўся фельчарскі пункт і жыла сям’я галоўнага на ўсю акругу лекара Дзямідавіча, доўгі (а якім доўгім здаваўся тады, у дзяцінстве) будынак клуба і калгаснае канторы – усё тут будзіць успаміны, усё – святло ў вакне, мацунак душы і сэрца. Але як і ўсюды, шмат і новага ў Павяцці: школа-прыгажуня, вуліца з шыхтам хатаў-катэджаў, адміністрацыйныя забудовы. І, як прыкмета часу, — тое, пра што цягам доўгіх гадоў заставалася толькі марыць, — касцёл.

Спаконвеку павячане хадзілі ці ездзілі маліцца ў Мёры або ў Ідолту. Вёска, як і многія навакольныя, адносіцца да тамтэйшай парафіі Маці Божай Шкаплернай. Так было, пакуль не з’явіўся ў цэнтры калгаса даўгабуд: райсаюз узводзіў ды так і не давёў да ладу будынак гандлёвага цэнтра. Думка зрабіць на месцы даўгабуда святыню належала пробашчу ідолтаўскай парафіі Антонію Лосю. Яшчэ ў лістападзе 1995 года падавалі ў райвыканкам петыцыю за 354 подпісамі з просьбай перадаць недабудаваны аб’ект вернікам, але атрымалі адмову. А тым часам будынак гібеў.

Пытанне вырашылася станоўча ў 1998 годзе галасаваннем на агульным сходзе калгаснікаў. «Хто за тое, каб перадаць?» – спытаў старшыня. Паднялося некалькі рук (людзі, мабыць, баяліся). «Тады інакш паставім пытанне: хто супраць?» Супраць не быў ніхто. Так з’явілася надзея. Распачалася праца. А 1 кастрычніка 2000 года пастыр Віцебскай дыяцэзіі біскуп Уладзіслаў Блін асвяціў новы касцёл у гонар Маці Божай Фацімскай. Гэты дзень стаў пачаткам новага жыцця павяцкіх католікаў.

Цяпер касцёл Маці Божай Фацімскай наведваюць каля 500 вернікаў. Апроч павячанаў, прыходзяць і прыязджаюць сюды на набажэнствы католікі з Рачнёва, Чурылава, Орцаў, Чарнілова, Александрыны, Сташулёў, Міжрэчча, іншых навакольных вёсак. Каля 20 дзяцей праходзяць тут штогод катэхезу, працуе нядзельная школа, ладзяцца рэкалекцыі. Павяцкія вернікі – заўсёдныя ўдзельнікі пілігрымак у Будслаў і Росіцу, іншыя святыя мясціны. Шмат людзей збіраецца на Святую Імшу ў нядзелю і ў буднія дні – па панядзелках, серадах і пятніцах…

Душа і рухавік усіх справаў, якія адбываюцца ў святыні, – былая настаўніца матэматыкі і завуч мясцовай школы Алена Іванаўна Рачыцкая. На думку многіх парафіянаў, не было б яе – не было б і многага з таго, што ёсць сёння. Але Алена Іванаўна не любіць гаварыць пра свае заслугі: як ні ўгаворваў сфатаграфавацца для часопіса, так і не згадзілася. Нават «апеляцыя» да агульнай памяці (вучыла мяне – і як вучыла! – колькі гадоў матэматыцы) не дапамагла. Затое памочнікаў сваіх пералічыла ахвотна.

Людзей, якія робяць усё, каб жыццё парафіі Маці Божай Фацімскай было годным і паўнакроўным, у Павяцці шмат: Юзаф Мілашэвіч, Любамір Мутар, Генадзь Александровіч, Вольга Мілашэвіч, Ала Савуць, Юзаф Вармахоўскі, Станіслаў Савуць, Люся Капцюг, Марыя Шук, Франя Аніська, Тарэса Адамовіч, Люцыя Лаўрыновіч, Ірына Барысенка, Эльвіра Шук, сем’і Маслаў, Арсобаў – вось далёка не поўны пералік тых, хто заўсёды адгукнецца на патрэбу касцёла, ахвяруе часам і сіламі ў імя служэння Богу. Шмат дапамагаюць парафіянам мясцовыя настаўнікі.

Да адыходу ў вечнасць набажэнствы праводзіў кс. Антоні Лось. На змену яму прыйшлі маладыя ксяндзы – Ян Бабіцкі і Вячаслаў Пялінак. Энергічныя, адукаваныя, яны адразу прыйшліся даспадобы павячанам. Зрэшты, можа, і не ўсім: вунь жа якую барацьбу павялі з п’янствам ды самагонаварэннем. Цяжкая, няўдзячная справа, але ж і плён ужо ёсць – думаюць людзі, разважаюць, як зрабіць уласнае жыццё больш прыстойным, не нарабіць прыкрымі ўчынкамі шкоды сабе і іншым. Нядаўна кс. Бабіцкі ад’ехаў у Польшчу, а на яго месца прыйшоў кс. Ян Вайткевіч. І цяпер маладосць і сталасць будуць крочыць поруч, абуджаючы ў людскіх душах прагу да Боскага, лучачы сэрцы ў супольнай малітве.

Шмат гадоў марылі павяцкія вернікі, і асабліва Алена Рачыцкая, пра свайго ксяндза. І ўжо амаль здзейснілася мара: выпускнік школы Лёня Голуб рыхтаваў дакументы да паступлення ў Люблінскі каталіцкі універсітэт. Ды здарылася трагедыя: вяртаўся хлопец у Вялікую Пятніцу з набажэнства і загінуў на дарозе. Цяжка перажывалі тое няшчасце, але і надзеі не страчвалі. Чакалі. Спадзяваліся.

Надзею ажыццявіў іншы выпускнік школы – Міхал Цвячкоўскі. Ягонае пасвячэнне ў святары адбылося праз дзесяць гадоў пасля Лёневай смерці ў друйскім касцёле Святой Тройцы. Атрымаўшы сакрамант святарства ў гэтым годзе, ён працуе цяпер у Оршы.

Адмысловы будынак павяцкага касцёла Маці Божай Фацімскай паводле першапачатковай задумы меўся стаць цэнтрам хрысціянскай культуры са спортзалай і бібліятэкай. Ды, зважаючы на нялёгкія эканамічныя ўмовы, напэўна, цяпер гэта цяжка будзе зрабіць. А зрэшты, хто ведае? Можа, пройдзе час і станецца так, як задумвалася: ласка Божая не ведае межаў. Асабліва, калі дбаць пра яе штодзённа і шчыра. А гэта ў Павяцці ўмеюць.

Франц СІЎКО.
Фота з архіва касцёла Маці Божай Фацімскай.