Пачатак

4. Міністранцкі кумір

На першы ўрок Лёлек заўсёды ўскокваў задыханы, успацелы, у апошнюю хвіліну, але гэта зусім не азначала, што ён спазняўся. Лёлек быў міністрантам, а паколькі зазвычай служыў на Святой Імшы а 7-й гадзіне, пасля чаго яшчэ снедаў, таму і прыходзіў у школу ў апошнюю хвіліну. Ксёндз Казімір Фіглевіч апекаваўся сваім міністрантам, і Лёлек яго моцна любіў. Для хлопчыка ксёндз Казімір быў сапраўдным кумірам. Пад кіраўніцтвам ксяндза Лёлек заснаваў міністранцкі гурток і быў ягоным кіраўніком. Некаторыя ў парафіі ўжо думалі, што Лёлек пасля школы пойдзе ў семінарыю, але ў Лёлекавай галаве снавалі іншыя планы, бо ён вельмі любіў польскую мову і хацеў вывучаць яе далей.

Незадоўга да выпускных экзаменаў гімназію наведаў кракаўскі арцыбіскуп Адам Стэфан Сапега. Прывітальнае слова на той урачыстасці казаў Лёлек і вельмі спадабаўся біскупу. Шаноўны госць запытаў у Лёлека, куды ён пойдзе вучыцца пасля гімназіі.

— На паланістыку, — адказаў Лёлек.
— Шкада, — уздыхнуў арцыбіскуп.

5. Выручыў сябра

Надышлі выпускныя экзамены. Лепшы сябра Лёлека Юрэк Клюгель з усіх сіл стараўся сесці ззаду за сябрам, хоць і ведаў, што Лёлек ніколі не даваў спісваць. Але ж тут выключная сітуацыя...

Пачаўся экзамен. Юрэк не прасіў сябра аб дапамозе, стараўся сам справіцца з заданнем, але неўзабаве адчуў, што справы дрэнь і без дапамогі яму давядзецца цяжкавата. Ён ва ўсе вочы глядзеў на сябраву спіну, некалькі разоў нават умольна шапнуў: «Лёлек, памажы!», але сябра не чуў. Ды толькі праз нейкі час Лёлек адсунуўся і адкрыў сваю працу. Юрэк спісаў усё, што яму было незразумела.

Пасля экзамену падзякаваў сябру за выручку, на што той адно хітравата ўсміхнуўся.

Пачатак