Чароўная зорачка была зусім маленькай, і святло яе было вельмі слабым. Але яна з’явілася акурат у тую ноч, калі на Зямлі нарадзіўся Езус. Зорачцы хацелася знайсці нованароджанае Дзіця. Яна чула, што толькі праз любоў яе ззянне можа стаць мацнейшым. І маленькая зорачка вырушыла ў дарогу да Зямлі. На сваім шляху яна сустрэла аднаго зычлівага дзядулю, скупога караля, бабульку з аслом, пастушка і дзяўчынку, якая прадавала кветкі.

– Чаму людзі любяць кветкі? – спытала маленькая зорачка.

Дзяўчынка рассмяялася:

– Таму што ў кветках хаваецца таямніца.

– Раскажы мне пра гэта, – папрасіла зорачка.

І дзяўчынка расказала:

– Даўным-даўно наш народ трапіў у палон. Доўгія гады людзі жылі ў чужой краіне і павінны былі выконваць там самую цяжкую працу. Яны сталі вельмі сумнымі, больш не спявалі і не танцавалі. Аднойчы нейкі малады мужчына рашуча ўстаў перад людзьмі і сказаў: «Набярыцеся мужнасці! Бо хутка будзе народжана Дзіця, Збавіцель. Ён вызваліць нас з палону!» Але людзі не паверылі яму. Тады ён падняў з зямлі галінку і зноў звярнуўся да іх: «Паглядзіце сюды! Зімой дрэвы стаяць голыя, як гэтая галінка, і снег пакрывае палі. Але настае лета, на дрэвах набухаюць пупышкі і ўсюды распускаюцца кветкі. Гэтая галінка – сімвал надзеі на наша вызваленне!»

– Што такое надзея? – спытала маленькая зорачка.

– Надзея – гэта ружа, якая цвіце зімою, – адказала дзяўчынка усміхаючыся.

– Мне таксама хацелася б мець ружу, – папрасіла зорачка. Але тут яна ўспомніла, што не мае грошай.

– Зараз, – сказала дзяўчынка і выбрала надзвычай прыгожую ружу. – Вазьмі яе ў падарунак і не забывай пра яе таямніцу!

Але, здаецца, пошукі маленькай зорачкай Дзіцяткі Езуса пакуль не мелі поспеху...

Маленькая зорачка, зусім знясіленая, сядзела на ўзбочыне дарогі. Ужо шмат дзён яна шукала стаенку, пра якую расказаў ёй пастушок. Ружа ў яе руках амаль звяла. Раптам зорачка ўбачыла трох падарожнікаў. Іх адзенне было пакрыта дарожным пылам, абутак парваўся, а твары пацямнелі ад сонца. Падарожнікі мелі вельмі стомлены выгляд, але іх вочы ззялі.

– Чаму вы такія радасныя? – спытала маленькая зорачка, калі яны падышлі бліжэй і спыніліся каля яе.

– Мы бачылі Дзіця, – сказаў старэйшы з трох. І яны ўзбуджана заківалі галовамі.

Тут маленькая зорачка зусім зажурылася:

– Як і вы, я прайшла доўгі шлях, цярпела спёку і холад, голад і смагу. Але так і не знайшла Дзіцятка.

– Ты павінна набрацца цярпення, – сказалі чужынцы. – Мы – тры мудрацы і ведаем усё на свеце. Але нам спатрэбілася цэлае жыццё, каб знайсці тое, што мы шукалі.

Маленькая зорачка ўздыхнула.

– Я яшчэ вельмі юная, – сказала яна, – і, напэўна, ніколі не знайду Дзіцятка.

Падарожнікі глядзелі на яе збянтэжана. Часам і мудрацы не ведаюць, што рабіць далей.

– Паглядзі, – сказаў раптам старэйшы з іх. – Твая ружа амаль звяла! Мы павінны дапамагчы ёй, каб ты не страціла надзею!

І падарожнікі вырашылі павярнуць назад і паказаць маленькай зорачцы дарогу.

Вечарам гэтага ж дня маленькая зорачка і тры мудрацы падышлі да стаенкі.

– Вось ты і прыйшла, – сказалі мудрацы. – Зайдзі ўнутр, там ты знойдзеш тое, што шукала.

Але маленькая зорачка вагалася.

– У мяне няма нічога, што я магла б падарыць Дзіцяці, – уздыхнула яна.

– Ну што ж, – сказалі тры мудрацы. – Проста дай яму тое, што для цябе найдаражэй на свеце.

Тады зорачка сабралася з духам і ўвайшла ў пячору. Яна ўбачыла Дзіцятка і яго бацькоў, як гэта і апісаў ёй некалі пастушок. Маленькая зорачка падышла зусім блізка да ясляў і ледзь чутна прашаптала да Дзіцяці:

– Прабач, я толькі маленькая зорачка на вялізным небе. Усё, што ў мяне ёсць, гэта маё святло. Калі ты не супраць, я хацела б падарыць яго табе.

Дзіцятка усміхнулася, а Яго Маці сказала:

– Вялікі табе дзякуй! Цяпер ты ўжо не маленькая зорачка. Ты заззяла, калі нарадзіўся Хрыстус, таму людзі цябе ніколі не забудуць.

Зорачка адчула сябе вельмі шчаслівай. А калі яна зірнула на ружу, якую трымала ў руках, то ўбачыла, што яна надзіва прыгожа расцвіла.

З кнігі Вольфганга Пёплау
«Мая маленькая чароўная зорачка».

Пераклад з нямецкай мовы Ірыны Бурак.