Прашу расказаць пра парадак правядзення Святой Імшы, а менавіта: калі вернікі павінны кленчыць, стаяць падчас Імшы.

Раіса Лазаковіч, г. Бабруйск.

На пытанне адказвае ксёндз Юрый Касабуцкі, кандыдат тэалагічных навук, прэфект Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі св. Тамаша Аквінскага ў Пінску.

Каб адказаць на гэтае пытанне, звернемся да «Агульных уводзінаў да Рымскага Імшалу»:

42. Жэсты і паставы цела як святара, дыякана і прыслугоўваючых, так і народу павінны быць скіраваныя на тое, каб уся цэлебрацыя вызначалася гожасцю і высакароднаю прастатою, каб добра ўспрымалася сапраўднае і поўнае значэнне розных яе частак і забяспечваўся ўдзел у ёй усіх прысутных. Такім чынам, неабходна браць пад увагу тое, што вызначаецца літургічнымі нормамі і традыцыйнай практыкай Рымскага Абраду і што спрыяе агульнай духоўнай карысці Божага народу больш, чым задавальненню яго схільнасцяў ці жаданняў.

Аднолькавая пастава цела, якая павінна захоўвацца ўсімі ўдзельнікамі, — гэта знак еднасці членаў хрысціянскай супольнасці, сабраных на святую Літургію, бо яна выяўляе і падтрымлівае думкі і пачуцці вернікаў.

43. Вернікі павінны стаяць ад пачатку спеву на ўваход, альбо калі святар падыходзіць да алтара, да калекты ўключна; падчас спеву «Аллелюя» перад Евангеллем; калі абвяшчаецца само Евангелле; калі адбываецца вызнанне веры і агульная малітва; а таксама ад закліку (invitatorium) «Маліцеся, браты і сёстры...» перад малітваю над дарамі і да канца Імшы, за выключэннем выпадкаў, пра якія гаворыцца ніжэй.

Вернікі сядзяць, калі гучаць чытанні перад Евангеллем і рэспансарыйны псальм, падчас гаміліі і калі адбываецца прыгатаванне дароў на ахвяраванне, а таксама, калі гэта дарэчы, падчас захавання маўчання пасля Камуніі.

Кленчаць яны падчас кансэкрацыі, калі толькі гэтаму не перашкаджаюць стан здароўя, недахоп месца, вялікая колькасць прысутных альбо іншыя слушныя прычыны. Тыя ж, хто не кленчыць падчас кансэкрацыі, чыняць глыбокі паклон у той час, калі святар кленчыць пасля кансэкрацыі.

Канферэнцыі Біскупаў, аднак, маюць права дапасоўваць жэсты і паставы цела, апісаныя ў Парадку Імшы, да характэрных рысаў культуры і традыцыяў асобных народаў згодна з нормамі права. Неабходна толькі ўлічваць значэнне і характар адпаведнай часткі Імшы. Там, дзе ёсць звычай, каб народ кленчыў ад заканчэння акламацыі «Святы, Святы...» аж да канца эўхарыстычнай малітвы, яго належыць ухваліць і захаваць.

Для дасягнення аднастайнасці ў жэстах і паставах цела падчас адной і той жа цэлебрацыі вернікі павінны слухацца настаўленняў, якія даюць дыякан, свецкі прыслугоўваючы ці святар падчас цэлебрацыі згодна з нормамі, устаноўленымі літургічнымі кнігамі.

44. Да жэстаў залічваюцца таксама такія дзеянні і перамяшчэнні, калі святар з дыяканам і прыслугоўваючымі падыходзіць да алтара; калі дыякан перад абвяшчэннем Евангелля прыносіць Евангеліярый ці кнігу Евангелля на амбону; калі вернікі прыносяць дары і прыступаюць да Камуніі. У гэтых дзеяннях і перамяшчэннях павінна быць годнасць і стрыманасць. Яны могуць суправаджацца адпаведным спевам паводле ўстаноўленых для кожнага з іх нормаў.

45. У належны час неабходна захоўваць сакральнае маўчанне як частку літургічнага дзеяння. Характар гэтага маўчання залежыць ад часу, у які яно наступае ў асобных цэлебрацыях. Падчас чыну пакаяння і пасля закліку да малітвы кожны засяроджваецца ў сабе; падчас чытання альбо пасля гаміліі ўсе коратка разважаюць над тым, што пачулі, а пасля Камуніі вернікі ў сваім сэрцы хваляць Бога і моляцца.

Ужо перад самой цэлебрацыяй пажадана захоўваць маўчанне ў касцёле, у закрыстыі і ў бліжэйшых да іх месцах, каб усе пабожна і належным чынам рыхтаваліся да адпраўлення святых абрадаў.