Мабыць, ужо ва ўсіх парафіях на Беларусі дзеці рыхтуюцца да Першай Святой Камуніі на працягу двух гадоў. Увесь гэты час яны сістэматычна ходзяць на катэхезу, а ў нядзелю і святы абавязкова ўдзельнічаюць у Святой Імшы. Цэлых два гады дзеці рыхтуюцца да таго дня, калі змогуць прыняць Езуса ў свае сэрцы. А як да гэтага свята рыхтуюцца іхнія бацькі?

Вельмі добра было б, калі б дзень Першай Святой Камуніі дзіцяці стаў вялікай урачыстасцю не толькі для яго, але і для ўсёй ягонай сям’і, калі б у гэты дзень бацькі разам са сваім дзіцем прынялі Святую Камунію, з’ядналіся з Езусам Эўхарыстычным, які не толькі яднае нас з сабою, але і яднае нашыя сем’і. Бацькі, якія сістэматычна прымаюць святыя сакраманты, добра ведаюць, як удзельнічаць у шчасці свайго дзіцяці, якое першы раз у жыцці прымае Бога ў сэрца. Тым жа бацькам, якія самі не прымаюць святых сакрамантаў, цяжка раздзяліць радасць дзіцяці, што перажывае сваю першую сустрэчу з Езусам, які прабачае ў сакраманце споведзі, і з Езусам Эўхарыстычным у Святой Камуніі. Таму вельмі добра было, калі б гэтыя бацькі задалі сабе пытанне: чаму яны не карыстаюцца той ласкай, якую Бог хоча даць кожнаму чалавеку, а значыць, і ім таксама. Можа няма ніякіх важных перашкодаў, але клопат аб матэрыяльным дабрабыце забірае ў іх так шмат часу, што яго, гэтага часу, не хапае ўжо на найважнейшае ў жыцці кожнага чалавка. А можа некаторыя бацькі паклапаціліся пра духоўнае жыццё свайго дзіцяці, а пра сваё проста забыліся? Дык, мабыць, варта ў чаканні першакамунійнай урачыстасці сваіх дзяцей падумаць таксама і пра сябе?

Нямала ёсць такіх бацькоў, якія пакуль што не могуць прыступіць да святых сакрамантаў. Тады варта паклапаціцца пра тое, каб не толькі дзеці, але і бацькі прайшлі патрэбную падрыхтоўку. У некаторых сем’ях ёсць пэўныя перашкоды, але хіба іх немагчыма адолець? На жаль, на Беларусі вельмі шмат сем’яў жыве без касцёльнага шлюбу, у граху, і часта толькі павярхоўнае стаўленне да свайго духоўнага жыцця, а то і простая лянота з’яўляюцца перашкодамі для таго, каб мамам і татам разам са сваім дзіцем цалкам карыстаць з Божае ласкі і з Яго невычэрпнае міласэрнасці.

У нас шмат каталіцка-праваслаўных сем’яў. Магчыма, не ўсе праваслаўныя вернікі ведаюць, што пасля споведзі ў царкве яны могуць прыняць Святую Камунію разам са сваім дзіцем у касцёле. Калі ж яны пажадаюць, то могуць таксама паспавядацца ў касцёле, але тады яны павінны прайсці кароткі курс падрыхтоўкі. Словам, усё магчыма для тых, хто хоча па-сапраўднаму разам з дзіцем перажыць вялікае свята – ягоную Першую Святую Камунію. Нельга забываць яшчэ і пра тое, што гэтая падзея дае плады для жыцця чалавека на працягу ўсяго яго жыцця.

Неяк у мінулым годзе да мяне падышла маці адной дзяўчынкі, якая рыхтавалася да Першай Святой Камуніі, і папрасіла: «Сястра, падкажыце нам, калі ласка, як найлепш арганізаваць для дачкі святочны стол, які ёй зрабіць падарунак у гэты дзень і якімі могуць быць нашыя пажаданні для яе?». Мяне вельмі ўзрадавала такая просьба, бо маці вельмі сур’ёзна ставілася да гэтай падзеі, яна ўспрымала яе як сапраўднае, вялікае свята. Бацькі наладжваюць святы для сваіх дзяцей па розных прычынах. Адной з іх, і ці не самай галоўнай, павінен быць дзень Першай Святой Камуніі. Толькі важна памятаць, што гэтае свята асаблівае, таму і святкаваць яго таксама трэба па-асабліваму, з трапяткой любоўю. Вядома, трэба зрабіць і святочны стол, і падарыць свайму дзіцяці падарунак, і пажадаць яму пастаянна жыць у сяброўстве з Богам. Самае важнае, каб гэта свята адрознівалася ад іншых, каб яно запамяталася сваёй незвычайнасцю, каб усё ў гэты дзень было добрым, прыгожым, чыстым, як сэрца вашага дзіцяці.

Успамінаю сваю Першую Святую Камунію... Ведаеце, што наймацней мне запомнілася з гэтага свята ў бацькоўскім доме? Не пачастункі, не прыгожыя падарункі, а тое, што мае бацькі ў гэты дзень памірыліся з суседзямі, з якімі яны не размаўлялі цэлы год. Колькі мне гэта прынесла радасці! А яшчэ я добра памятаю, як у гэты дзень у касцёле ўся наша сям’я была неяк па-асабліваму радаснай і ўрачыстай, і ўсе прынялі Святую Камунію. Нашы суседзі таксама радаваліся разам з намі і таксама маліліся за мяне. За ўсё гэта я дзякавала Пану Богу.

Дарагія мамы і таты! Зрабіце ўсё магчымае, каб дзень Першай Святой Камуніі вашага дзіцяці стаў святам не толькі для яго, але і для ўсёй сям’і. Няхай Езус Эўхарыстычны ў гэты асаблівы дзень з’яднае вашу сям’ю, а таксама і ва ўсе дні вашага жыцця. Трэба, каб клопат аб духоўным жыцці вашай сям’і не скончыўся гэтай урачыстасцю, каб Цела Хрыста стала частым спажыткам для вашых душаў. Няхай Бог умацоўвае вас, кіруе вашым жыццём у шчасці, радасці і выпрабаваннях, якія нашмат лягчэй перажыць разам з Ім.

Сястра Марыя-Магдалена з супольнасці Езуса Змёртвыхпаўсталага,
парафія Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў Наваполацку.