«Душа шукае Бога»

«Манаграфіі-дысертацыі, шматлікія навуковыя артыкулы, навукова-публіцыстычны цыкл на тэму «Этыка здароўя». І нарэшце – вершы! Так, так, вершы, паэтычныя творы. Верш за вершам, паэма за паэмай, кніга за кнігай... Толькі ў Беларускім выдавецкім таварыстве «Хата» пабачылі свет апошнім часам тры яго вершаваныя зборнікі: «Поиску истины жизнь посвяти» (1997), «Гаючая памяць продкаў» (1999) і «Да ісціны і веры» (2000)», – так піша ў прадмове да кнігі Эдуарда Збароўскага «Таямніцы шчасця» вядомы беларускі паэт Анатоль Вярцінскі.

Сапраўды, Эдуард Іосіфавіч Збароўскі – асоба надзвычай шматгранная: доктар медыцынскіх навук, прафесар, загадчык кафедры сацыяльнай работы Белдзяржуніверсітэта і, як было сказана вышэй, паэт, які не стамляецца ў сваіх вершах прапаведаваць ідэі дабра, веры, любові да Радзімы, павагі і цікавасці да сваіх вытокаў. А яшчэ, як медык з вялікаю практыкаю, ён вучыць чытачоў здароваму ладу жыцця, вучыць духоўнай і фізічнай гаромніі. Паэт Э. Збароўскі «імкнецца паглядзець па-філасофску на чалавека і яго быццё, на рэаліі сённяшняга супярэчлівага і хутказменлівага часу. Фізічнае здароўе ён самым непасрэдным чынам звязвае са здароўем маральным, са здароўем духоўным, у прыватнасці, з патрыятычным пачуццём, пачуццём любові да Радзімы, да яе мовы і культуры, з вернасцю памяці продкаў».

«Кожны чалавек – непаўторнасць. – Піша ў сваіх празаічных мініяцюрах аўтар. – Знайдзі ў сабе тыя здольнасці, дзеля якіх ты з’явіўся на гэтым свеце, і якой нотай ты прызначаны ўпрыгожыць Сусветны хор жыцця. Не капіруй слепа іншых. Не ўсе нараджаюцца Моцартамі, Рафаэлямі, Пушкінымі... Калі б здарылася так, жыццё было б вельмі аднабокае. Ёсць тысячы іншых спраў, якія патрэбны людзям не менш, чым найлепшыя музычныя творы, карціны, вершы. Галоўнае – знайсці сярод патрэбнага сваю справу, што найбольш адпавядае тваім псіхафізічным здольнасцям. Свая справа робіць чалавека вольным, дае крылы, каб узняцца на свой уласны Алімп».

Мы з радасцю прапануем нашым чытачам вершы Эдуарда Іосіфавіча Збароўскага.

Сэнс жыцця
Перад выбарам стаю,
Што рабіць – гадаю,
Сцежку як знайсці сваю,
Каб вяла да раю.

Але што такое рай,
І дзе сэнс жыццёвы:
Каб віно цякло праз край?
Ці каб дом быў новы?

Віно ўсё не перапіць,
Пастарэюць рэчы,
Тканне ўсё не панасіць,
Не ўсцягнуць на плечы.

Хтосьці хоча ўвесь свой век
Кахаць, быць каханым...
Ды на землю чалавек
Не за тым пасланы.

Для людзей прынесці плён,
Кінуць след духоўны,
Даць жыццё – такі закон,
Рай і сэнс галоўны.

Здароўе лепей не губляць
Каб меней бегаць да аптэкаў,
Не звесці сэнс жыцця да лекаў,
Здароўе лепей не губляць,
Здаровы лад жыцця трымаць.

Кручок з роднай хаты
Ляжыць у сямейным музеі
Звычайны кручок паржавелы,
А з ім усплываюць падзеі
І подых часоў заімшэлых.

Кручок гэты бацька мой дбала
У кузні калісьці каваў,
І гэты жалеза кавалак
Цяпло яго рук захаваў.

Кручок у сцяну быў забіты
Бацькоўскай вясковае хаты,
Ён духам яе быў абвіты
І памяццю продкаў абцяты.

Дзіцячая памяць схапіла,
Як бацька папругу чапляў
На гэты кручок, як тачыла
І брытву на ёй напраўляў.

Паўвека ці болей у мамы
Трымаў рушнікі гэты крук,
Што стаў сёння знакам пашаны
За памяць, цяпло родных рук.

Цяплом і нямым запаветам
Ад гэткіх кручкоў і прылад
Нам вее зімою і летам,
Каб помніць збаўленчы уклад.

Не зіхоткія моды і рэчы
Ратуюць душу, зусім не...
І годнасць, і дух чалавечы
Шукайце ў святой даўніне.

Душа бачыць
Пытае нехта у сляпога,
Куды бяжыць тая дарога,
Якою шпарка ён ідзе,
І хто яго па ёй вядзе?

– Дарогу паказаў мне Бог,
Каб крочыць да Яго я мог.

Дык, можа, той, хто без вачэй,
Ідзе дарогаю шпарчэй,
Што бачыць ён душой, магчыма,
Лепш, чым бяздушныя – вачыма.

Шлях да Бога
Шукаюць людзі шлях да Бога.
Пытаюць, як сляпы глухога:
Ці ёсць, ці бачыў хто Яго?
Ці гэта выдумкі ўсяго?

З надзеяй хочацца зазначыць –
Не бачыў, хто не ўмее бачыць.
Шляхі да Бога чалавеку –
У тых учынках, што спрадвеку

Хрыстос вучыў рабіць з душою
І асвяціў сваёй крывёю.
У запаветах дзесяці
Не цяжка гэты шлях знайсці.

Душы нябачнае калецтва
Клапоцімся найперш пра цела.
Душа ж у голадзе здранцвела.
Яе нябачнае калецтва –
Галоўны вораг чалавецтва.