У 1997 годзе наш часопіс у інтэрв’ю з айцом Ігарам Лашуком расказваў пра з’яўленне ў Мінску рэлігійнай супольнасці св. Яна Боскі, ці, як яе яшчэ называюць, супольнасці салезіянаў. Гаварылася тады пра планы, задумкі, перспектывы. І вось прайшло ўжо 6 гадоў, як салезіяне ў Мінску.
Мы зноў сустрэліся з айцом Ігарам Лашуком, пробашчам касцёла святога Яна Хрысціцеля, каб пагаварыць пра тое, што ўжо зроблена, што ў планах і, вядома ж, аб праблемах.

- Айцец Ігар, раскажыце напачатку пра тое, што ўдалося зрабіць.

- Першую Святую Імшу ў новай мінскай парафіі св. Яна Хрысціцеля я адслужыў 8 снежня 1996 года ў свята Беззаганнага Пачацця Найсвяцейшай Марыі Панны. Уся мая святарская дзейнасць прысвечана Ёй, Найсвяцейшай Маці, апеку якой я адчуваю на працягу ўсяго свайго жыцця, за што вельмі ўдзячны Богу і Марыі.

Калі мы пачыналі маліцца, тут, у мікрараёне «Серабранка», на Святую Імшу прыходзіла ўсяго 20-25 чалавек. Мы тады арандавалі невялічкае памяшканне ў прыватным сектары - у вёсцы Маляўкі каля Чыжоўскага вадасховішча. Але ў хуткім часе я павінен быў працягваць вучобу ў Рыме на тэалагічным факультэце Папскага салезіянскага універсітэта. Вярнуўся ў Мінск у красавіку 1997 года. Гэты час маю парафію абслугоўваў ксёндз Ян Крэміс, які працаваў вікарыем касцёла святых Сымона і Алены.

Па вяртанні ў родную парафію я стараўся рабіць усё, каб развівалася катэхізацыя. Праз некалькі месяцаў прыехала на дапамогу адна сястра салезіянка. Цяжка было жыць у стане неўладкаванасці. Блукаў па кватэрах. Да таго ж, нас нечакана папрасілі з таго дому, дзе адпраўлялася Святая Імша. Ніколі не забуду таго шэрага дня. Ён сапраўды быў шэры. Ішоў дождж. А мне трэба было хуценька знайсці месца пад капліцу. Едучы, звярнуў увагу на будынак цікавай канструкцыі. Гэта быў ЖЭС № 80 з вялікай актавай залай. Мне вельмі пашанцавала, таму што яго дырэктарам аказаўся добры католік. Ён даў нам дазвол на малітву, якая трывала там амаль 5 гадоў. За гэты час мы рабілі ўсё магчымае, каб парафія духова ўзрастала. У год у нас у сярэднім было 33-35 дзяцей да Першай Камуніі. Мне дапамагалі тры законныя сястры салезіянкі і клерыкі нашай жа супольнасці. З часам сабралася ладная парафія. Відавочна было - мы павінны будаваць сваю капліцу. Што і зрабілі з Божаю дапамогаю менш чым за год. Яе асвячэнне і першае набажэнства адбылося 24 чэрвеня 2002 года ў дзень нараджэння св. Яна Хрысціцеля. І я ўпэўнены, што гэтая капліца ўжо збярэ людзей на добры касцёл.

- Плануеце будаваць касцёл?

- Я распачаў праектаванне касцёла і салезіянскага дома, дзе будуць жыць святары і дзе будзе знаходзіцца трэцяя частка маладзёжнага цэнтра.

- Айцец Ігар, вядома, што спецыфіка ордэна святога Яна Боскі грунтуецца на працы з дзецьмі, падлеткамі, моладдзю. Раскажыце падрабязней пра гэтую працу.

- З Божай дапамогай і з лёгкай рукі былога старшыні Ленінскага райвыканкама Мінска Валерыя Іванавіча Мяца я набыў дом для маладзёжнага цэнтра. Ён знаходзіцца недалёка ад нашай капліцы. Мы яго адрамантавалі, аднавілі і 8 снежня 2000 года асвяцілі. Там ёсць класы для катэхізацыі. У вялікай зале зрабілі прыгожы араторыюм, куды прыходзіць бавіць свой вольны час моладзь, як веруючая, так і няверуючая. У нас працуе секцыя настольнага тэнісу (трэнера аплочвае раён). Ёсць танцавальная група брэйк-дансу. Галоўнае, адцягнуць моладзь ад вуліцы, ад яе шкодных уплываў. Ну, і вядома ж, асноўны акцэнт робім на душпастырства. Хаця, шчыра прызнацца, у мяне шмат сілы і часу ідзе на будаўніцтва. Таму я вельмі ўдзячны сёстрам салезіянкам, якія працуюць у парафіі. Ёсць у нас яшчэ група аніматараў. Гэта 26 маладых людзей, якія дапамагаюць у працы з самой моладдзю. Яны сочаць за парадкам. Нагадваюць тым, хто прыходзіць у наш цэнтр, што нельга лаяцца і дрэнна сябе паводзіць. Асабістым прыкладам нясуць культуру ў тое асяроддзе.

- Напэўна, нялёгка працаваць сёння з моладдзю?

- Яшчэ як нялёгка. І галоўнае таму, што моладзь цяпер нейкая дзікаватая ў адносінах да рэлігіі. Такое ўражанне, што яна не разумее сэнсу веры. Бог успрымаецца як нейкая перашкода ў жыцці, дадатковы клопат. Атэізм глыбока зраніў душы. Але нам не трэба апускаць рукі. Калісьці Ян Боска адзін так шмат зрабіў для Турына, і гэта вялікі прыклад. Аднак, рэальна ацэньваючы сітуацыю, скажу, што нам патрэбныя памочнікі. Трэба, каб у Мінск прыйшлі яшчэ нейкія манаскія ордэны. Іх толькі трэба запрасіць...

- Ведаю, што акрамя парафіі Яна Хрысціцеля, вы духова апякуецеся яшчэ некалькімі парафіямі. Раскажыце крыху пра гэта.

- Як мог і колькі мог, стараўся абслугоўваць парафію святога Мацвея ў Раўбічах, дзе ўжо шмат гадоў ідзе барацьба за вяртанне касцёла. Арганізавалі парафію ў Бараўлянах пад Мінскам. Напачатку Св. Імшу адпраўлялі ў актавай зале ваеннага шпіталя. Цяпер заканчваем будаваць даволі вялікую драўляную капліцу. Пробашчам там зарэгістраваны айцец Станіслаў Лугоўскі, цудоўны душпастыр. А будаўніцтва зноў жа на мне.

Нядаўна атрымаў пад апеку яшчэ адну парафію - Маці Божай Ружанцовай у Лошыцы. Распачыналі маліцца ў будынку маёнтка, што ў Лошыцкім парку, але «Зелянбуд» нас адтуль, можна сказаць, выкінуў на падставе таго, што нібыта будынак аварыйны. Ёсць у новапабудаваным мікрараёне «Лошыца» зямельны надзел для культавых пабудоваў, і мы хочам атрымаць яго пад капліцу. Усе патрэбныя дакументы падрыхтавалі, і, думаю, хутка наша просьба пойдзе да прэзідэнта, бо толькі ён дае згоду на такія справы. Молімся і спадзяемся на Божую ласку.

- Малітва. Яе, напэўна, ніколі не бывае зашмат. Кожнаму чалавеку патрэбная малітва, а тым больш святару, які многа працуе. Кожная святая справа вымольваецца, і гэта агульнавядома. Адчуваецца, што вы маеце добрую малітоўную падтрымку.

- Пачну з таго, што за сваё пакліканне я да канца жыцця буду вельмі ўдзячны сёстрам назарэтанкам з Гродна. Бязмерна ўдзячны маім парафіянам, якія заўсёды за мяне моляцца. Маю моцную малітоўную падтрымку ад сясцёр кармэлітанак з кантэмпляцыйнага закону ў Рыме. Некалі я наведваў гэты кляштар, уступіў там у шкаплер і прасіў аб малітве.

- Кантэмпляцыйны кляштар - гэта той, дзе законнікі толькі моляцца. Безумоўна, гэта вялікая ласка - мець такія законы. Ці ёсць яны на Беларусі і якая перспектыва іх развіцця ў нас?

- Аб вялікай значнасці такіх кляштараў гаворыць той факт, што Ян Павел II, калі распачаў свой Пантыфікат, адразу арганізаваў у Ватыкане кляштар сясцёр кармэлітанак, якія пастаянна моляцца. Я ведаю, што ў Беларусі ёсць толькі адзін кантэмпляцыйны кляштар сясцёр францішканак у Слоніме. Былі ў Мінску кантэмпляцыйныя сёстры дамініканкі, але яны выехалі ў Вільнюс. Як быццам Літве патрэбная малітва, а Беларусі - не...

Сёння мы ўсе забеганыя, заклапочаныя, «забудаваныя», але малітва - галоўнае. Без яе - нікуды. Вельмі добра было б аднавіць капліцу ў Лошыцкім парку і пабудаваць побач невялічкі кантэмпляцыйны кляштар, тым больш што ёсць мясцовыя кантэмпляцыйныя сёстры дамініканкі. Да таго ж, там парафія Маці Божай Ружанцовай. Усё, нават прырода, спрыяе таму, каб у цішыні Лошыцкага парка паўстаў кантэмпляцыйны асяродак. З уладамі можна дамовіцца, толькі трэба камусьці хадзіць. Патрэбна наша агульная зацікаўленасць у такіх кляштарах.

Думаю, калі з часам бернардыны вернуць свой касцёл святога Юзафа ў цэнтры Мінска (вуліца Кірылы і Мяфодзія), яны таксама ўнясуць той адчувальны дух малітвы.

- Гаворачы пра малітву, хочацца закрануць такую далікатную і вельмі балючую праблему, як экзарцызм. Не сакрэт, што вельмі многім людзям патрэбная дапамога экзарцыста. Католікі вымушаны звяртацца да праваслаўных святароў, бо ў Касцёле на Беларусі, на жаль, няма экзарцыстаў. Што Вы скажаце?

- Ведаю, што ў Гродне ёсць ксёндз, які займаецца малітвай экзарцызму. Ён афіцыйна назначаны Канферэнцыяй Каталіцкіх Біскупаў Беларусі. Я таксама калісьці практыкаваў малітвы экзарцызму. Два разы кардынал даваў мне дазвол на гэта. Аднойчы ў Турыне ўдзельнічаў у такой сумеснай малітве з айцом салезіянінам. Хачу сказаць, што гэта вельмі няпроста. Кожны ксёндз заўсёды мучыць д'ябла, калі адпускае грахі, калі ўдзяляе іншыя сакраманты ці благаслаўляе. Але, калі яго пачынаеш чапаць спосабам экзарцызму, ён асабліва лютуе. Пачынаюцца вялікія духоўныя цяжкасці. Апошнім разам, калі я практыкаваў малітву экзарцызму, на мяне напалі яшчэ і фізічныя праблемы, і з-за бясконцых хваробаў уся работа стала.

- Я недзе чытала, што экзарцызм - гэта вяршыня душпастырства. Галоўная зброя экзарцыста - сапраўдная любоў да бліжняга і добраахвотнае прыняцце пакутаў як ласкі Божай. Гэта сапраўдная святасць святара...

- Я згодны з тым, што гэта найвышэйшае душпастырства. Сапраўды, такі ксёндз павінен быць гераічным, адданым справе чалавекам. Пост, малітва... Узрастанне ў святасці. Але ён павінен займацца толькі гэтым, бо актыўнасці для іншых спраў будзе мала. Хаця - глянем на святога а. Піо: яму шмат чаго ўдавалася зрабіць. Вядома ж, кожны святар павінен быць пільным у святасці, больш клапаціцца пра духоўнае, чым пра матэрыяльнае. На жаль, пакуль яшчэ не ўсё так ідэальна.

- Душпастырства ў Мінску. Вашыя планы і пажаданні?

- Галоўнае - развіваць сваю парафію. Вельмі хочацца, каб нашая каталіцкая вера ўсё больш пашыралася, каб у Мінску хутчэй узнікалі новыя парафіі, прыязджалі новыя святары і законнікі. Наша будучыня - у гарадах. Сёння ў Мінску, напрыклад, жыве пятая частка насельніцтва Беларусі. Усе, нават найдрабнейшыя секты, імкнуцца мець тут свае цэнтры і маюць іх. Паводле самых прыблізных падлікаў, Мінску патрэбна 30-35 касцёлаў. Аграмадныя мікрараёны - Уручча, Малінаўка, Кунцаўшчына, Сухарава, Гатава і г.д. - па маштабах як цэлыя гарады. Яны павінны мець свае касцёлы. Так, не хапае святароў, але ёсць магчымасць запрасіць законнікаў. І яны прыедуць. Выйсце простае - умець супрацоўнічаць. Знайсці тых, хто хоча і можа нешта рэальна зрабіць.

А на заканчэнне ўсім нам хочацца пажадаць моцы Духа Святога і каб энергія маладых і мудрасць старэйшых заўсёды гарманізавалася.

- Дзякую Вам, айцец Ігар, за цікавую гутарку. Усіх Вам Божых ласкаў.

Гутарыла Галіна КАЛЕВІЧ.
Фота В. Кучаравага, А. Яроменкі.