Размова з кс. др. Робертам Тыралам, ад’юнктам кафедры касцёльнай музыкі PAT у Кракаве, віцэ-старшынёй Польскай Федэрацыі Pueri Cantores

— Да літургічнай музыкі сёння прымешваюцца музычныя новаўвядзенні, рэлігійныя спевы і папулярныя рытмы. Як надаць ёй сучаснае гучанне і ў той жа час не пазбавіць яе ўзвышанасці, сакральнасці?

— Музычныя новаўвядзенні заўсёды «прасочваліся» ў Касцёл, і заўсёды было важна не згубіць сакральнасці літургічнай музыкі. Касцёл з’яўляецца святым месцам, у якім Божы люд ухваляе Бога, тут адбываецца асвячэнне чалавека. Літургія — крыніца і вяршыня жыцця Касцёла. І гэта — самы важны сэнс літургіі, а значыць і музыкі, якую мы называем літургічнай. А калі гэта так, то музыка, якую мы прапануем для ўпрыгожвання літургіі, павінна быць малітвай, нашым зваротам да Бога. Яна павінна даць чалавеку і радасць, і пачуццё супольнасці. Музыка павінна быць адным цэлым з літургіяй, іначай яна будзе «пустым гукам». Нельга не клапаціцца пра ўзвышанасць і сакральнасць літургічнай музыкі, бо калі яе не будзе, мы можам страціць мэту, дзеля якой прыходзім у касцёл, — малітву літургіяй.

— Магчыма, такая асцярожнасць у адносінах да новаўвядзенняў у літургічнай музыцы, высокія патрабаванні да яе выкліканы яе замкнёнасцю ў строга акрэсленым рэпертуары і афармленні?

— Можа нават здавацца, што гэта замах на новаўвядзенні, імкненне ўтрымаць старое. Літургічная музыка павінна садзейнічаць малітве, спрыяць аднадумнасці, надаваць урачысты характар святым абрадам, і з гэтай прычыны нельга апускацца ніжэй дасягнутага ўзроўню. Нельга неабачліва згаджацца на ўсе новаўвядзенні ў літургіі. Яна з’яўляецца святым часам, у ёй знайшлі сабе месца найлепшыя мелодыі і тэксты, а ўсё выпадковае проста паадсейвалася. І гэта не абмежаванне, але прадуманы і паслядоўны выбар.

— Якой жа павінна быць музыка ў касцёлах?

— Перадусім яна павінна быць самага лепшага мастацкага узроўню, а дакладней, яна павінна быць — як паўтаралі Айцы Касцёла — на ўзроўні сэрца, г.зн. гучаць на адной мове з тым, што знаходзіцца ў душы чалавека. Літургія — не рэпетыцыя спеваў. Гэта малітва Касцёла, і да яе трэба ставіцца сур’ёзна. А распачаць кожны павінен з сябе: бездакорныя спевы святара; добра падрыхтаваны спявак псальмаў паміж чытаннямі; арганіст, які грае арганную музыку і кіруе спевам, а не перакрыквае вернікаў; хор, які спявае на літургіі тое, што да яе падыходзіць, а не тое, што мае ў рэпертуары; а перадусім — шчырыя вернікі, якія хваляць Бога супольным спевам. Каб музыка ў літургіі была малітвай, яна павінна быць «нашай», а таму мы абавязаны актыўна, свядома і плённа ўдзельнічаць у літургіі, не так слухаць музыку, як у пэўным сэнсе ўдзельнічаць у яе стварэнні.

Гутарыла Ёанна Юрэчка-Вільк.
Пераклад Т. Мухляды.

Праф. Ян Мёдэк, мовазнаўца: Тое, што часам адбываецца на Св. Імшы для дзяцей і моладзі, з’яўляецца літаратурнай і музычнай кампраметацыяй. Я разумею, што шукаюцца новыя формы, якія б выклікалі ў дзяцей жаданне прыходзіць у касцёл маліцца. Аднак, калі пасля жудаснага брынкання гітары я слухаю арган, то адчуваю палёгку. Гітары і рэлігійныя песенькі дарэчы на аазіснай сустрэчы і ў пілігрымцы, але не ў касцёле. Тым больш што ўзровень гэтых твораў вымушае жадаць лепшага. Мяне, напрыклад, раздражняе іх моўная наіўнасць, безнадзейнасць, аднастайнасць — увесь час: «Езу, люблю Цябе», «Люблю Цябе, Езу». Мова касцёльных спеваў, асабліва старадаўніх, развівае літаратурны густ, натхняе на пошукі, ставіць пытанні, а таму я — супраць таго, каб рабіць яе больш адпаведнай духу сучаснасці. Цалкам дарэмна змяняць у каляднай песні словы «стары Юзаф» на «святы Юзаф». Усё ж-такі культура — гэта пераемнасць традыцыі.