Мінулым летам у Удзеле, што на Глыбоччыне, адбылася адметная падзея: тут быў асвечаны кляштар Беззаганнай. У той жа дзень удзельнікі прыгожага свята прысутнічалі пры адкрыцці помніка і музея святога Максіміліяна Кольбэ. Вядома, не выпадкова, што ў кляштары Беззаганнай будзе стаяць помнік чалавеку, які не толькі прысвяціў жыццё Найсвяцейшай Панне Марыі, але і распачаў, а потым пашырыў па ўсім свеце прыгожае ў сваім высакародстве Рыцарства Беззаганнай.

Аб’яўленне
Яно адбылося 27 лістапада 1830 года ў капліцы закона сясцёр Міласэрнасці ў Парыжы. Тады перад маладзенькай навіцыяткай Кацярынай Ляборэ з’явілася Маці Божая. Святая Кацярына так апісвала гэтае аб’яўленне: «Падчас вячэрняга разважання я ўбачыла Найсвяцейшую Панну такой незвычайнай прыгажосці, якую немагчыма апісаць словамі. Яна стаяла ў белым адзенні, з белым вэлюмам на галаве, які спадаў да самых ступней. Пад нагамі – зямны шар, дакладней, паўшара, бо я бачыла толькі яго палову, якую абвівала зеленаватая вужака з залатымі плямамі. Рукі Яе... трымалі другі зямны шар з залатым крыжыкам наверсе...

Калі, уражаная аб’яўленнем, я ўглядалася ў Яе веліч, Маці Божая ласкава паглядзела на мяне, а ўнутраны голас прамовіў мне: «Зямны шар, які ты бачыш, уяўляе ўвесь свет і асобна кожнага чалавека». І тут я ўжо не магу апісаць уражання, якое перажыла, убачыўшы цудоўна ззяючыя промні. Тады Найсвяцейшая Панна прамовіла: «Промні, якія сплываюць з маіх далоняў, – гэта сімвалы ласкаў, якімі Я адорваю тых, хто просіць іх у Мяне, а каштоўныя камяні, ад якіх не зыходзяць промні, – гэта ласкі, якіх ніхто не просіць». І дала мне зразумець, якая Яна шчодрая да тых, хто да Яе звяртаецца. Потым наўкола Найсвяцейшай Панны, якая прасцірала рукі да зямлі, з’явіўся пас з надпісам залатымі літарамі: «О Марыя, без граху пачатая, маліся за нас, хто ў Цябе паратунку шукае». Потым я пачула голас: «Пастарайся, каб быў адліты медалік на гэты ўзор. Усе, хто будзе яго насіць, атрымаюць шчодрыя ласкі, асабліва, калі будуць насіць яго на шыі. Тых, хто мне верыць, Я адару ласкамі».

З таго часу сціплы медалік Беззаганнай стаўся прыладай надзвычайных ласкаў – духоўных і фізічных. Сотні людзей сведчылі аб тым, што праз пасрэдніцтва Беззаганнай яны атрымалі аздараўленне, выратаванне і асабліва навяртанне. Хутка людзі вельмі трапна назвалі яго Цудоўным Медалікам. Святы Айцец Пій ХІІ, абвяшчаючы Кацярыну Ляборэ святой, сказаў, што медалік нясе людзям «усе духоўныя і фізічныя злітаванні Беззаганнай».

Рыцарства Беззаганнай
Мабыць, няма на свеце католіка, які не чуў бы хоць штосьці пра Рыцарства Беззаганнай, заснаванае святым Максіміліянам Кольбэ ў 1917 годзе. Відаць, гэта таксама не выпадкова, што ў год аднаго з найстрашнейшых пераваротаў у гісторыі чалавецтва, які прынёс столькі бедаў свету, сціплы францішканін стварыў арганізацыю рыцараў Той, якая здольная ратаваць свет ад ягоных памылак, адступніцтваў, цяжкіх грахоў.

Маці Божая ратавала свет, абвясціўшы пра гэта ў Фаціме ў тым жа 1917-м. Але Ёй патрэбны былі такія памочнікі, на чыю бескарыслівасць, ахвярнасць, любоў Яна магла б разлічваць, патрэбны былі сапраўдныя рыцары. І яны з’явіліся – маладыя францішкане, напачатку – маленькая сіратлівая групка. Але гэтыя адважныя рыцары былі гатовыя з дапамогай Марыі і Яе бачнага знаку – Цудоўнага Медаліка – ваяваць супраць зла, што распаўзалася па свеце, нібы тая плямістая вужака пад нагамі Маці Божай у часе Яе аб’яўлення ў Парыжы.

Сваю вернасць Маці Божай Максіміліян Кольбэ пацвердзіў справамі: заснаваннем і пашырэннем Рыцарства Беззаганнай (Militia Immaculatae), а таксама часопісам «Рыцар Беззаганнай», які ў свой час выканаў агромністую задачу па навяртанні тысячаў людзей у розных краінах і нават на розных кантынентах Зямлі. Ён быў верным рыцарам, святы Максіміліян Кольбэ. Апафеозам гэтай вернасці стала ягоная пакутніцкая смерць у Асвенцыме, калі ён аддаў сваё жыццё за іншага чалавека.

Дык што ж трэба для таго, каб быць добрым рыцарам Беззаганнай?

Праграма Рыцарства Беззаганнай
Мэта: намагацца навяртаць грэшнікаў, ерэтыкаў і г.д., асабліва масонаў, імкнуцца да святасці ўсіх пад апекаю і праз пасрэдніцтва Беззаганнай.

Варункі:

  1. Цалкам прысвяціць сябе Беззаганнай Маці Божай, каб быць прыладаю ў Яе Мацярынскіх руках.
  2. Насіць Цудоўны Медалік.
  3. Запісацца ў кнігу Рыцарства Беззаганнай (у мясцовым касцёле).
Сродкі:
  1. Па магчымасці раз на дзень звяртацца да Беззаганнай Маці Божай малітвай: «О, Марыя, без граху зачатая, маліся за нас, хто ў Цябе паратунку шукае, а таксама за тых, хто ў Цябе паратунку не шукае, асабліва за ворагаў Касцёла і за даручаных Табе».
  2. Выкарыстоўваць для справы Беззаганнай усе магчымыя сродкі, якія дазваляюць стан, умовы і абставіны. Галоўныя сродкі – малітва, пакаянне і прыклад хрысціянскага жыцця.
  3. Расказваць людзям пра Цудоўны Медалік Беззаганнай Маці Божай.
У Удзеле з’явіліся рыцары Беззаганнай
Напярэдадні ўрачыстасці Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў удзельскім касцёле, які носіць імя Беззаганнай, вернікі маліліся навэнну, падчас якой айцец Міраслаў Капчэўскі распавядаў людзям пра Рыцарства Беззаганнай, пра абавязкі і адказнасць ягоных удзельнікаў і пра тое, якія ласкі сплываюць на тых, хто шчыра аддаў сябе пад Яе апеку. А гэтыя ласкі шчодрыя: шматлікія аздараўленні, дапамога ў цяжкай жыццёвай сітуацыі і, што вельмі важна для нашай Бацькаўшчыны, шматлікія навяртанні. Не адна маці горка ды скрушна ўздыхае па сваіх дзецях, што трапілі ў палон атэізацыі, жорсткасці і несправядлівасці гэтага свету, хамства і абыякавасці. Як вярнуць іх да нармальнага змястоўнага жыцця? Што зрабіць, каб аберагчы сваіх дзяцей ад спакусаў свету? У гэтай вельмі нялёгкай і няпростай справе можа дапамагчы Яна, якая не мела на сабе плямы граху, – Беззаганная Панна Марыя. Шчырая малітва з Яе дапамогай выратавала не адну душу, што заблукала ў спакуслівым «шчасці без Бога». Памятайма, што ў сваім аб’яўленні святой Кацярыне Ляборэ Найсвяцейшая Панна паказала, як шмат ласкаў можа даць тым, хто звяртаецца да Яе з просьбаю.

«Прасіце – і атрымаеце, шукайце – і знойдзеце, стукайцеся – і будзе адчынена вам», – гэта заклік Евангелля да ўсіх нас. А прасіць, шукаць і стукацца да Пана Бога, мабыць, надзейней з дапамогай нашай Апякункі, Лекаркі, Суцяшальніцы. У літаніях да Маці Божай Яна мае так шмат імёнаў! Але мы часта проста не паглыбляемся ў іхны сэнс, забываем, што малітва – гэта зусім не замова.

Малітва і разважанні напярэдадні ўрачыстасці Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў удзельскім касцёле прынеслі свой плён: 43 парафіяніны пажадалі ўступіць у Рыцарства Беззаганнай. 9 снежня на Святой Імшы ў прысутнасці пробашча, святароў, усіх вернікаў яны ўрачыстым актам аддалі сябе Маці Божай Беззаганнай. Кожны з іх у гэты дзень надзеў на шыю Цудоўны Медалік, каб ужо ніколі не расставацца з ім. Няхай жа Маці Божая заўсёды апякуецца імі, аберагае, пасылае свае ласкі ўзамен на іхнюю шчырую да Яе любоў і вернасць!

Запавет Максіміліяна Кольбэ
«На ўсёй зямлі, дзе ў меншай, дзе ў большай ступені, – пісаў М. Кольбэ, – адбываецца барацьба супраць Касцёла і шчасця душаў. Вораг паказваецца ў розным адзенні і пад рознымі назвамі. Калі бачыш, як хутка распаўсюджваецца зло, часта сціскае душу прыгнечанасць: да чаго ўсё дойдзе? што будзе праз некалькі гадоў? І тады хацелася б сягнуць позіркам у будучыню, убачыць, ці заяснее там яшчэ святло?

Малой веры, чаму сумненне закрадваецца ў тваё сэрца? Усюды нясіце любоў і давер да Беззаганнай і ўбачыце, што хутка з вачэй самых закаранелых грэшнікаў пацякуць слёзы пакаяння...

Перадусім, Беззаганнай трэба давяраць кожную справу, якую мы збіраемся пачынаць, асабліва, калі гэта тычыцца «здабывання» для Яе душаў. А потым выкарыстоўваць кожную магчымасць для распаўсюджвання ўшанавання Маці Божай і любові да Яе. Няхай кожны ўспрымае сваіх родных, знаёмых, сяброў, супрацоўнікаў, а таксама месца свайго жыхарства як тэрыторыю сваёй місіі, каб «здабыць іх для Беззаганнай». Сапраўды, не трэба шмат часу, каб назаўсёды аддаць сябе Беззаганнай Маці Божай, каб насіць Яе медалік і прамовіць адзін раз на дзень караценькую малітву «О Марыя, без граху зачатая...» Трэба памятаць, што Беззаганная шчодра ўзнагароджвае нават і за найменшую пашану, Ёй выказаную. Няхай жа тыя, сярод каго мы пашыраем Яе валадарства, зробяць хоць што-небудзь для Яе, а Маці Божая ніколі гэтага не забудзе. Яна паступова ўвойдзе ў іхнія сэрцы, ачысціць іх і распаліць шчасліваю любоўю Езусавага Сэрца.

Трэба раздаваць Цудоўны Медалік, дзе толькі можна: і дзецям, каб з пашанаю яго насілі, і старым, і асабліва моладзі, каб пад апекаю Беззаганнай яны мелі досыць сілаў процістаяць, калі навокал столькі спакусаў і пасткаў».

Да ўсяго сказанага хочацца пажадаць айцам францішканам, каб высакародная справа пашырэння культу Беззаганнай Панны Марыі, якую яны распачалі ў Удзеле, знаходзіла усё большы водгук у людскіх сэрцах.

Ірына Жарнасек

Францішкане з кляштару Беззаганнай звяртаюць увагу ўсіх чытачоў «Аve Maria», што рыцарам Беззаганнай можа стаць кожны вернік, нягледзячы на ўзрост альбо род заняткаў. Калі вы, шаноўныя чытачы, таксама вырашылі аддаць сваё жыццё пад апеку святой Марыі, то напішыце пра сваё рашэнне на адрас:

Кляштар Беззаганнай
211806 в. Удзела
Глыбоцкага р-на
Віцебскай вобл.

Вам ахвотна вышлюць медалік і дыплом Рыцарства Беззаганнай, пасля чаго ў бліжэйшае свята Маці Божай трэба адбыць споведзь, прыняць Святую Камунію і скласці акт аддання сябе Беззаганнай. Францішкане заахвочваюць таксама рэгулярна чытаць часопіс «Маленькі рыцар Беззаганнай».
Акт аддання сябе Беззаганнай
Святога Максіміліяна Кольбэ

О Беззаганная, неба і зямлі Каралева, прытулак грэшных і Маці наша наймілейшая! Да Цябе, якой Бог даверыў увесь парадак міласэрнасці, я, нягодны грэшнік, падаю да ног Тваіх, пакорна просячы, каб прыняла мяне ўсяго і цалкам за рэч і сваю ўласнасць і ўчыніла са мной і ўсімі ўладаннямі маёй душы і цела, з усім маім жыццём, смерцю і вечнасцю, што толькі пажадаеш.

Вазьмі таксама, калі захочаш, усяго мяне цалкам, без усялякіх агаворак, для пацвярджэння таго, што пра Цябе сказана: «Яна раструшчыць галаву тваю», як таксама: «Усю ерась сама знішчыла ва ўсім свеце», каб у Тваіх беззаганных і найміласцівейшых руках я стаў карыснаю прыладаю для наймацнейшага ўзрастання Тваёй хвалы ва ўсіх заблуканых і абыякавах душах, а праз гэта – да найвялікшага пашырэння жыватворчага Валадарства Найсвяцейшага Сэрца Езуса:таму што, куды Ты ўвойдзеш, там ласку навяртання выпрошваеш, бо праз Твае рукі ўсялякія ласкі з Найсвяцейшага Сэрца Езуса на нас сплываюць.

Дазволь мне славіць Цябе, Панна Найсвяцейшая.

Дай мне сілы супраць непрыяцеляў Тваіх.