Парафія ў Новым Пагосце, што на Мёршчыне, адна з найстарэйшых у Віцебскай дыяцэзіі. Сёлета ёй спаўняецца ажно 410 гадоў. Калі глядзіш на невялікі драўляны новапагосцкі касцёл Святой Тройцы, то нават цяжка даць таму веры. Але гэты касцёл – трэці ў гісторыі парафіі. Фундатарам першага, пабудаванага ў 1593 годзе, быў сам канцлер Вялікага Княства Літоўскага Леў Сапега. Другі быў пабудаваны ў 1656, а трэці, які і цяпер стаіць у гэтай прыгожай вёсцы з сумнай назвай, — у 1766 годзе.

Запавет канцлера ВКЛ
У фундушным дакуменце на пабудову касцёла Леў Сапега пісаў пра тое, што ён дорыць новастворанай парафіі будынак касцёла, а таксама свой «двор пагосцкі з усімі пабудовамі». Далей у дакуменце запісана, што ніхто не мае права на гэтую маёмасць, апрача Пана Бога.

Але хіба мог канцлер ВКЛ прадбачыць далейшыя дзеі гісторыі? Як не мог прадбачыць і таго, што знойдуцца людзі, якім святыня ў Новым Пагосце стане косткай у горле.

Пераслед
Касцёл у Новым Пагосце савецкая ўлада зачыніла ў 1949 г., пасля таго як ксёндз Юзаф Інгелевіч быў арыштаваны НКВД.

— Яго забралі ў першую нядзелю ліпеня, у нядзелю адарацыйную, — успамінае тэрціярка Аліна Туронак. – Памятаю той дзень да драбніцаў. Памятаю, як пабегла зранку назбіраць прыгожых рамонкаў да алтара, як ішла з кветкамі і пачула чужыя пагрозлівыя галасы на плябаніі...

Ксяндза Юзафа пасля вобшуку вывелі з дому, а на двары ўжо стаяў натоўп парафіянаў. Усчаліся плач, крыкі. Энкавэдзісты, жадаючы пазбегнуць пратэстаў, павялі святара не па дорозе, але адразу за гароды, дзе чакаў «чорны воран».

21 верасня 1952 года кс. Інгелевіч пісаў з выгнання сёстрам эўхарысткам: «Дзень за днём мінае аднастайна, як ціканне гадзінніка. Адзінае, што надае незямны бляск нашаму тут побыту, дык гэта ўсведамленне таго, што ты выконваеш Божую волю. Штодня мы паўтараем: «Будзь воля Твая», але не паглыбляемся ў змест гэтых слоў, часам не ўсведамляем, што мы ёсць і мусім быць удзельнікамі гэтай Божай волі праз свой добраахвотны ўдзел».

Так святар са свайго выгнання працягваў заставацца духоўным айцом для тых, хто жыў на волі, хоць гэтая воля мела горкі прысмак: касцёл быў зачынены, ператвораны ў склад, а ўлада не жадала разумець болю вернікаў. Такой была слынная свабода сумлення і веравызнання, «гарантаваная» савецкай канстытуцыяй. Ды ўсё ж вера трывала ў душах людзей, і гэтага ў іх ужо не мог ніхто адабраць. Калі толькі, вядома, чалавек сам не жадаў адмовіцца ад веры сваіх продкаў.

Моц малітвы
Дзіўная гэта і почасту незразумелая для чалавечага розуму моц. Спыненая ў святыні, яна трывала ў хатах. Насуперак ваяўнічаму атэізму яна жыла, калі святар быў на выгнанні, жыла і тады, калі ён вярнуўся, але не меў права служыць і надалей святаром. Нейкі час ксёндз Інгелевіч, вярнуўшыся са сталінскага лагеру, жыў у Новым Пагосце. Адзін толькі ён ды Пан Бог ведалі, што дзеілася ў ягонай душы, калі ён глядзеў на замкнёны касцёл, вакол якога буяла пустазелле. Але ўпотайкі ад уладаў кс. Інгелевіч нейкі час яшчэ працягваў заставацца для вернікаў святаром. Патаемна, па начах ён хрысціў дзяцей, спавядаў, адпраўляў Святую Імшу. Так ксёндз Інгелевіч выконваў Божую волю. Але пазней для яго была вызначана парафія ў Астраўцы, на Гродзеншчыне, дзе ён і праслужыў Богу і людзям ажно да смерці.

А ў Новым Пагосце трывала малітва. Без святара. Яна трывала ў хатах, асабліва ў тых, дзе жылі члены трэцяга закону святога Францішка – тэрціяры. Іх у Новым Пагосце ёсць шмат і цяпер – 32 чалавекі. Праўда, цяпер многія з іх не маюць здароўя, сілаў і не могуць часта быць у касцёле, у які зноў вярнуўся Хрыстус. Хто ведае, можа, вярнуўся ён у многім і дзякуючы іхным малітвам, іхняй вернасці Богу.

Каму больш патрэбны святар?
Цяперашняя парафія Святой Тройцы ў Новым Пагосце і надалей застаецца вялікай. Вядома, як і паўсюль на вёсцы, тут катастрафічна змяншаецца насельніцтва, моладзь з’язджае ў горад, дзяцей усё меншае ды меншае. Цяперашні пробашч Валянцін Станкевіч прывёў мне надзвычай сумную статыстыку: прыкладна на адно хрышчэнне прыпадае 30—40 пахаванняў.

Трэба прызнаць, што час атэізацыі ўсё ж зрабіў сваю чорную справу нават у гэтай парафіі з устойлівымі традыцыямі. На жаль, яшчэ многія ўспрымаюць Касцёл як своеасаблівую пахавальную кантору: памрэ чалавек – і радня спяшаецца да ксяндза: «Пахавай, ойчанька». І неяк не хочуць яны тады памятаць, што чалавек той пры жыцці не спяшаўся адчыняць дзверы касцёла, не рупіўся і пра споведзь. Дык каму больш патрэбны святар на пахаванні такога чалавека: нябожчыку ці радні, якой так хочацца, каб усё было «як у людзей»? І таму ксёндз Валянцін прытрымліваецца пэўных правілаў пры вызначэнні, дзе, як і за каго маліцца.

— У касцёле малюся за ўсіх памерлых, калі, вядома, мяне аб гэтым просіць радня нябожчыка, – тлумачыць ён, – але ў хату іду, а потым і на могілкі разам з пахавальнай працэсіяй толькі да тых, хто пры жыцці не цураўся Бога. А яшчэ ёсць вельмі важкая прычына для святара не ісці на пахаванне тады, калі радня на хаўтурах не можа абысціся без гарэлкі. На вялікі жаль, ёсць такія «вернікі», для якіх гарэлка даражэй і за малітву, і за Бога.

Пасля гэтых слоў святара мне прыгадаўся і смешны выпадак, пра які неяк раней распавядалі парафіяне з Новага Пагосту. Сваякі аднаго нябожчыка, ведаючы пра негатыўнае стаўленне святара да гарэлкі ўвогуле, а тым больш на жалобным стале, вырашылі замест яе купіць мінеральнай вады. У краме была вада толькі ў шкляных бутэльках, што вонкава нагадвала гарэлку. Нясе чалавек скрыню з мінералкай, а насустрач святар. Ён, зірнуўшы на пакупку, падумаў, што гэта «зялёны змій», і сурова прамовіў:

— Што гэта такое? Вы ж абяцалі мне, што не будзе гарэлкі на пахаванні!

Чалавек жа, хоць і не быў вінаваты, так збянтэжыўся, што выпусціў скрыню з рук проста пад ногі.

Гэты выпадак прыгадваюць у Новым Пагосце, пасмейваючыся, а жанчыны зазвычай тады гавораць:

— Няхай Бог дае, каб яшчэ доўга служыў у нас ксёндз Валянцін – можа, парадак навядзе ды выпівохаў нашых прыпужае.

Сорак вёсак
Людзі святароў звычайна як называюць? Не па прозвішчах, а па назвах парафій: «Гэты – мёрскі, той – глыбоцкі, той – новапагосцкі». Але «новапагосцкі» ксёндз Валянцін абслугоўвае яшчэ і парафію ў Барадзенічах, па чарзе даязджае ў чатыры капліцы – у Стэфанова, Більдзюгі, Волкаўшчыну і Дзедзіна. Усяго ягонай пастырскай паслугай ахоплена ажно... сорак вёсак. Кожную нядзелю ён адпраўляе чатыры Святыя Імшы. Некаторыя вёскі маленькія, па тры альбо і дзве хаты, але ўсюды жывуць людзі, і калі яны вернікі, калі прагнуць слова Божага, то як ты не паедзеш на самы аддалены хутар? Часам прыезд святара на такі хутар становіцца падзеяй, пра якую людзі яшчэ доўга будуць успамінаць, прыгадваючы і перабіраючы ў памяці падрабязнасці таго візіту. Успамінаць і чакаць новага ягонага прыходу.

А ён, ксёндз Валянцін, найчасцей і сапраўды не прыязджае, а прыходзіць у тыя хаты, пакінуўшы машыну з прычыны бездарожжа за паўкіламетра, а то і больш.

— Запрасіла неяк адна з хутаранак наведаць іх, — усмешліва ўспамінае святар, — я, зразумела, адразу пытаюся, ці добрая да іх дарога. «Так, — кажа, — ойча, добрая – трактары ў нас ходзяць».

Ксёндз Валянцін распавядае пра сваіх парафіянаў з такім добрым гумарам і цеплынёю, што маё загадзя падрыхтаванае пытанне, ці сумна яму, карэннаму гараджаніну, працаваць на вёсцы, прагучала нібыта і недарэчы. Ксёндз Валянцін зрэагаваў на яго коратка:

— Дык а калі тут сумаваць? Часу ж няма.

І сапраўды: кожны дзень святара шчыльна запоўнены неадкладнымі справамі – катэхезы дзяцей і дарослых, Святая Імша, візіты да хворых...

Першачарговае
— Да хворых еду ў першую чаргу – абы паклікалі, — кажа ксёндз Валянцін. – І таксама не раблю розніцы: шчыры вернік кліча, які ўсё жыццё жыў поўным сакрамэнтальным жыццём, прымаў актыўны ўдзел у парафіяльным жыцці, «нядзельны католік» альбо той, хто ўпершыню захацеў паразмаўляць са святаром. Бо ніхто не ведае, калі можа адбыцца сапраўднае навяртанне чалавека.

Неяк на плябанію пастукаўся чалавек а дзевятай гадзіне вечара. Пераступіў парог і замест прывітання трывожна выдыхнуў: «Калі ласка, ксёндз, хутчэй – хворы ў нас, хіба што, памірае». Ксёндз Валянцін упершыню бачыў свайго позняга наведніка, але раздумваць не было часу, таму адразу ж паспяшаўся ў касцёл, каб узяць Найсвяцейшы Сакрамант, і сеў да незнаёмца ў машыну. Паехалі. Гразь, бездараж, цемра. Недзе праз гадзіну шафёр спыніў машыну і прамовіў:

— Вунь бачыш, ксёндз, свецяцца вокны хаты? Ідзі туды, а я буду табе свяціць фарамі.

Ісці давялося з паўкіламетра, святло фараў мала дапамагала. Але шчасліва дайшоў і паспеў да чалавека, які чакаў споведзі. Дарэчы, чалавек той памёр а чацвёртай гадзіне раніцы. Цяпер, па часе, ксёндз Валянцін прыгадвае гэты выпадак з асаблівым хваляваннем, бо адчуванне чагосьці вельмі важнага, неабходнага, што адбывалася і здзейснілася ў тую ноч, засталося ў душы як дотык Божага Провіду.

— Нас у семінарыі вучылі, што святар – гэта прадстаўнік Пана Бога на зямлі. І гэта – ні ў якім разе не званне, але абавязак.

Калядаванне
У тутэйшых мясцінах склалася такая традыцыя: калі ксёндз ідзе па Калядзе, то ў гэтай падзеі бярэ ўдзел уся вёска. Святар прыносіць у першую хату фігурку Езуса ў ясельках, моліцца, свенціць хату , а калі накіроўваецца ў суседнюю, то разам з ім ідуць і гаспадары, прычым цяпер ужо яны нясуць яселькі з маленькім Езусам. І так – па ўсёй вёсцы, ад двара да двара, з малітваю, песнямі, добрымі жартамі, з радасцю і найлепшымі пажаданнямі. Да апошняй хаты прыходзіць столькі людзей, што ўсім увайсці ў дом ужо не выпадае, але ці ж гэта бяда? Нашмат большая прыемнасць з тае прычыны, што суседзі разам са святаром раздзялілі тваю радасць – наведанне хаты самім Богам.

Шмат клопату нясе калядаванне святару: аб’ехаць сорак вёсак – не жарт. Але колькі адначасна і радасці прыносіць яно і яму, і парафіянам! Дарэчы, у калядаванні ксёндз Валянцін таксама не робіць розніцы для вернікаў розных канфесій альбо нават і для абыякавых да рэлігіі. Бо хто ведае, калі Бог прамовіць да чалавечага сэрца так, каб яно шчыра адгукнулася на той голас?

Калядаванне – не пахаванне: гэтыя гадзіны, дні, тыдні прыносяць шмат светлай радасці. Але як важна, каб і ў горы і ў шчасці чалавека не пакідала адчуванне той вялікай таямніцы, што яго, моцнага ці слабога, здаровага ці хворага, вясёлага ці сумнага, яго, такога рознага, а часам такога непастаяннага, любіць сам Бог! Любіць і не пакідае. Нават тады не пакідае, калі Яго, самога Бога, людзі насмельваюцца праганяць, як гналі ў 1949-м з Новага Пагосту, зачыніўшы касцёл, а прадстаўніка Бога, ксяндза Інгелевіча, выслалі ў сталінскі лагер. Ды ксёндз Інгелевіч нават у лагеры меў свой клопат, пра які пісаў сябрам: «Баюся, каб ў іх [парафіянаў – І.Ж.] не астыла святая вера, каб не зрабіліся яны раўнадушныя, каб пераслед, насмешкі і агрэсіўнае навучанне не пахіснулі іхных рэлігійных перакананняў. За гэта часта малюся і прашу Хрыста».

Мабыць, у вечнасці кс. Інгелевіч цяпер цешыцца, бо ягоныя малітвы былі выслуханыя, а ахвяраванне цярпенняў прынятае. Пра гэта сведчыць ужо адно тое, што праз паўстагоддзе пасля таго як ён пісаў тыя, поўныя трывогі, словы са сталінскага лагеру, ягоны наступнік, ксёндз Валянцін Станкевіч, мае шмат працы. І гэтая праца такая патрэбная тут, у Новым Пагосце, Барадзенічах, Стэфанове, Рафалове, Старым Пагосце, у Дубаўцы, Юндзялове, Каўшэлеве... – ва ўсіх сарака вёсках, якія ён абслугоўвае на 410-м годзе існавання парафіі ў Новым Пагосце – прыгожай вёсцы на Мёршчыне.

Ірына Жарнасек