Ксёндз пралат Юзаф Трубовіч – адзін са старэйшых святароў на Беларусі. Службе Пану Богу і людзям ён аддаў 46 гадоў жыцця, з якіх амаль 30 працуе на Беларусі – цяпер у пасёлку Паўднёвы (каля Гродна) у касцёле Беззаганнага Пачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. Наш карэспандэнт звярнулася да ксяндза Юзафа Трубовіча і задала яму некалькі пытанняў.

— Ксёндз Юзаф, раскажыце, калі ласка, крыху пра сябе.

— Нарадзіўся я 1 студзеня 1926 года ў вёсцы Нявярышкі плюскай парафіі, што на Браслаўшчыне, у сям’і Баляслава Трубовіча і Генаэфы з Міцкевічаў-Сташэўскіх. Хрысціў мяне ксёндз Ігнацы Мантвіла. Бацька быў шаўцом, маці – хатняй гаспадыняй. Мелі 4 гектары зямлі. Мы з сястрой хадзілі ў польскую школу праз дзень, па чарзе, і пасвілі кароў.

У касцёле я служыў міністрантам. Аднойчы арцыбіскуп Рамуальд Ялбжыкоўскі, які прыехаў у наш касцёл на бежмаванне, спытаў, хто з хлопчыкаў хоча стаць святаром. Я пасаромеўся падняць руку, але пасля моцна перажываў, бо вельмі хацеў стаць ксяндзом. Мне было тады 12 гадоў.

З нашай плюскай парафіі выйшлі, акрамя мяне, кс. Апячонак і кс. Чэслаў Вільчынскі. Пакуль я жыў у вёсцы, у парафіі працавалі ксяндзы Станіслаў Мажэйка, Казімір Радзішэўскі, Францішак Більша, Ян Жук. У савецкі час касцёл наш разрабавалі, а дырэктар школы з табэрнакулюма зрабіў будку для свайго сабакі, перанёс да дому касцельныя прыступкі, выкарыстаў дошкі на ўласны дом. Дом той згарэў, дырэктара забіла машынаю, калі ён ехаў на ровары.

У вайну немцы арыштавалі майго бацьку і тыдзень трымалі ў гміне, але потым адпусцілі. Мяне забіралі на 3 месяцы на вучэнні, але на вайну не ўзялі.

Пасля вайны ў 1947 годзе я перайшоў у польскую школу ў Даўгаўпілсе. Мяне прынялі адразу ў 9 клас. Дырэктар прачытаў перад класам мой рэферат, пахваліў і прапанаваў запісацца ў камсамол. Каталіцкая моладзь не хацела ўступаць у камсамол. Мы спявалі калядкі. Вучні арганізавалі палітычны гурток. Па даносе нам зрабілі вобыск у інтэрнаце: 6 чалавек арыштавалі. Пасля высылкі яны вярнуліся духоўна скалечаныя.

У 1949 г. у Латвіі зачынілі польскія школы. Я здаў экстэрнам экзамен за 10 клас польскай школы, а ў 11 класе ўжо вучыўся па-руску. Калі я скончыў 12 класаў, зачынілі каталіцкую семінарыю ў Рызе, таму давялося паступіць у радыётэхнікум. Калі семінарыя зноў пачала працаваць, я выплаціў у тэхнікуме 1200 рублёў (столькі складала мая стыпендыя), пазычыўшы грошы ў знаёмага святара.

Прынялі мяне на 2 курс духоўнай семінарыі, якую скончыў у 1956 годзе. Хацеў вярнуцца на Беларусь, але нельга было. Я застаўся ў Латвіі. Працаваў у Лібаве, у Курмэнэ. У 1975 годзе памёр пробашч францішканскага касцёла ў Гродне Аркадзь Вальтас. Праз год прыехалі з Гродна вернікі да рыжскага біскупа з просьбаю даць ім святара. Так я апынуўся ў Гродне. У францішканскім касцёле адпрацаваў 11 гадоў. Тады ў Гродне былі два ксяндзы: Міхал Арановіч у бернардынскім касцёле, а за Нёманам – я. Мяне штрафавалі ўвесь час. Прыехалі з Польшчы ксяндзы, крыху мне дапамаглі спавядаць, — аштрафавалі, а іх выслалі. За міністрантаў штрафавалі, што я «прыгнятаю» савецкіх дзяцей. Хлопчыкі прабіраліся ў касцёл на высокіх абцасіках, каб падмануць даносчыкаў. За год я хрысціў каля 300 дзяцей. Катэхізаваў і ўдзяляў першую Камунію. Хаваў памерлых.

Праз 11 гадоў працы ў Гродне мяне зноў паклікалі ў Рыгу ў семінарыю. У той час там вучылася каля 30 хлопцаў з Украіны і каля 20 з Беларусі. Мне захацелася падтрымаць іх духоўна. Тады вучыліся Станіслаў Садоўскі, Вітальд Жыльветра, Ігар Лашук, Тадэвуш Крыштопік і шмат хто яшчэ. У семінарыі працавалі групы на рускай, польскай, латышскай, літоўскай, нямецкай і эстонскай мовах. А пасля біскуп Яніс Пуятс, цяперашні кардынал, перавёў семінарыю на латышскую мову.

Мяне кс. біскуп Аляксандр Кашкевіч запрасіў пробашчам у парафію Францішка Ксаверыя ў гродзенскі Фарны касцёл у 1991 годзе. Я займаўся душпастырствам і рамонтам, будаваў плябанію, займаўся рэстаўрацыяй былога кляштара, каб злучыць усё ў адзін комплекс, як было ў сярэднявеччы. Меў шмат клопатаў. Калі пачалі фарбаваць звонку будынак Фары, дапаможным біскупам прызначылі Антонія Дзям’янку, ён стаў выконваць абавязкі пробашча Фары, а мяне перавялі ў Каменку, а пасля – у пасёлак Паўднёвы ксяндзом пры маладым пробашчы Антонію Абухоўскім.

— Ойча, пазнаёміўшыся з Вашым вялікім святарскім досведам, хацелася б запытаць: хто, на Вашу думку, можа быць святаром?

— Святаром можа быць той, хто пакліканы Богам. Пакліканне нараджаецца ў душы. Бывае, што яно прыходзіць ужо ў сталым узросце. Прымусіць стаць святаром не могуць ні бацька, ні маці. Без паклікання святар не будзе шчаслівым, пакіне святарства, не зважаючы на грэх, сорам і ганьбу.

У святога Паўла ў пасланні да Цімафея чытаем: «…Бог выбавіў нас і паклікаў прызваннем святым не паводле ўчынкаў нашых, але паводле пастановы сваёй і ласкі, дадзенай нам у Хрысце Езусе перад вечнымі часамі» (2 Цім 1, 9).

Дык вось, Бог нас кліча. І хто пярэчыць пакліканню, той грашыць перад Богам. Адзін святар пакінуў святарства і ажаніўся са стараабрадкай. Яго спыталі, ці шчаслівы, а ён адказаў на латыні: Amplexatus sum cum sterkore («Я запэцканы гноем»).

Не будзе шчыслівым той, хто здрадзіў пакліканню, бо святарства даецца з Божага прызвання, з Божай установы і ёсць справаю Божаю. Пан Езус кажа: «Жніво багатае, ды работнікаў мала. Дык прасіце Пана жніва, каб выслаў работнікаў на жніво сваё» (Мц 9, 37-38).

Трэба прасіць, каб гэтых работнікаў паклікаў Бог. Пакліканні патрэбныя для збаўлення людзей і для Божай хвалы. Пакліканая асоба не можа змарнаваць Божы дар, інакш гэта будзе няўдзячнасцю да самога Бога, да Яго ласкі і дабрыні, а таксама небяспекаю не быць збаўленым. Сёння, на жаль, многія мала клапоцяцца пра вечнасць і збаўленне. Але святы Аўгустын, святы Тамаш, святы Францішак, зрэшты, як і кожны святы, клапаціліся менавіта пра вечнае жыццё. Хто пераступіў парог семінарыі, той не памыліўся ў сваім пакліканні служыць Пану Богу. Цяжка зрабіць першы крок. Але малітва ўмацоўвае. Маліцца трэба увесь час вучобы ў семінарыі, бо святар – гэта Vir orationis («чалавек малітвы»). Некаторыя пакідаюць семінарыю таму, што не моляцца. Сумесна моляцца, а паасобку – забываюць. Забываюць размаўляць сам-насам з Богам і выконваць тое, чаму Езус навучыў Апосталаў, а яны пераказалі нам...

— Калі мы кажам «Святы Айцец», то не падкрэсліваем у першую чаргу святасць асобы на Святым Пасадзе. Тут маецца на ўвазе найперш святасць Езуса, якога рэпрэзентуе Папа. Ці кожны хрысціянін, на Вашу думку, можа стаць святым?

— Некаторыя думаюць, што святасць надзяваецца, як шапка на галаву.

«Будзьце святымі», — заклікае ўсіх нас Бог. «Будзьце святымі, як Я святы». Можна падумаць, што гэта толькі запрашэнне і больш нічога, а гэта і ёсць кіраўніцтва да дзеяння. А мы часам слухаем, як Святы Айцец аб’яўляе імёны святых, і думаем: «Ну, дзе ж там, для мяне святасць недаступная...»

Але святыя не нарадзіліся такімі адразу. З Божаю дапамогаю яны аддавалі ўсе свае сілы, каб быць дасканалымі. Іх святасць злучае іх з Богам, і ад нас яны чакаюць не хвалы, а нашай святасці, бо толькі святасць людзей услаўляе Бога. Мы тады ўслаўляем святых, калі самі ідзем да святасці па слядах іх цнотаў. Калі мы самі не будзем імкнуцца да святасці, то іх святасць нам не дапаможа. У адной і той жа сям’і адзін можа стаць святым, а другі грэшнікам. Тое самае і ў любой іншай супольнасці. Святасць належыць толькі святому, яна нас не асвяціць, але можа быць штуршком, натхненнем да нашай святасці. Таму мы святкуем урачыстасці святых, вывучаем іх жыццёвы прыклад і просім у іх заступніцтва перад Богам.

Святы Антоні – жывы ўзор прыгожых цнотаў, дэклараваў святасць уласным жыццём: «Хто марнуе сваю навуку сваімі ж учынкамі, у таго пустая навука».

Бо калі хрысціяне выходзяць з касцёла злоснымі, нядобрымі, людзі глядзяць на іх і кажуць: «Не хачу я быць такім святым!»

— Ойча, сучасны чалавек не вельмі верыць у цуды. Святыя, якіх кансэкруе Папа, відавочных, бачных усім цудаў, як Пан Езус калісьці, не здзяйсняюць...

— Можна часамі пачуць, як нехта заяўляе, што ён у Бога верыць, а ў цуды не верыць. Але такі вернік сам сабе пярэчыць. Калі не верыць у цуды, то не верыць ва ўсемагутнасць Божую. А калі Бог ёсць пачатак і канец усяго, ёсць Творца, то чаму ж Ён, як Гаспадар у сваім доме, не можа ўпарадкаваць створаны Ім Сусвет і ўсе справы, усе рэчы ў гэтым свеце? Чаму, калі дае жыццё і форму ўсяму жывому, не можа ажывіць памерлых? Бог ёсць Жыццё і ад Яго залежыць кожнае жыццё і смерць. Бог ёсць Правадаўцам кожнага права ў прыродзе і змена гэтага права належыць таксама толькі Яму. Калі чалавек прыдумаў машыну, то ён яе заводзіць і спыняе…

Езус Хрыстус імгненна вылечыў хворага на праказу. Гэта быў цуд. У 1970 г. цяжкахворая на сухоты пані Россі прыбыла з Фларэнцыі ў Лурд і там раптоўна вылечылася. І гэта быў цуд, якога не здолела вытлумачыць медыцына.

Міжнародны медычны цэнтр прызнаў болей выпадкаў цудоўнага аздараўлення за мінулае стагоддзе, чым Касцёл. За гісторыю чалавецтва адбылося шмат цудаў, якія сведчаць пра тое, што Бог пастаянна дазваляе тварыць цуды, а гэта найлепшае сведчанне таго, што Ён ёсць. Бог умее вылечыць не толькі цела, але і скамянелую, як скала, душу. Ён разагрэе яе, зробіць чалавека зноў прыгожым. Кожны з нас можа назіраць, як мяняецца душа дзякуючы споведзі і ўзрастанню ў веры...

— Наша слабая вера перашкаджае нам рабіць глыбокі рахунак сумлення. На споведзі мы часта блытаемся і апавядаем святару пра тое, пра што трэба расказваць лекару ці сябру...

— Галоўнае на споведзі вызнаваць свае грахі, а не расказваць пра грахі іншых людзей. Калі за час ад апошняй споведзі няма грахоў, то варта ўспомніць з мінулага той грэх, памяць аб якім дакучае. Самае галоўнае – жаль за грахі.

— Да якой ступені святар можа прабачаць у імя Езуса? Ці не бывае ксяндзу страшна за людзей?

— Прабачаць людзям грахі – не наша святарская, а Божая справа. Ксёндз не думае пра чужыя грахі. Яго задача дабіцца праўды, высветліць, ці сапраўды чалавек шкадуе за свае грахі, ці па нейкай прычыне хоча падмануць Бога. Езус кажа: «Даруйце ўсім, хто прыйшоў са скрухай». Калі святар спавядае 12 тысяч вернікаў за год, то не можа, нават фізічна, паглыбляцца ў людскія грахі... Ясна, што застаецца ў сэрцы жаль за чалавека, які не клапоціцца пра сваё збаўленне. Бо прыйдзе час, калі стане на суд Божы і Езус пакажа яму свае прабітыя рукі і ногі. Як тады будзеш апраўдвацца? Трэба быць моцным у сваёй веры. На крыві хрысціянаў узрастае Касцёл і яго моц...

— Чаму менавіта цяпер Святы Айцец так настойліва заклікае свет да міласэрнасці?

— Бо толькі міласэрнасць можа выбавіць гэты свет.

— Праваслаўныя вернікі ўшаноўваюць святую царыцу Ірыну, якая асляпіла свайго сына Канстанціна, але здолела потым адпакутаваць і вымаліць у Бога дараванне. Ці змогуць перапрасіць за свае грахі Пана Бога тыя маці, якія забівалі сваіх ненароджаных дзяцей?

— Трэба маліцца, шмат маліцца і прасіць у Бога прабачэння. Бог міласэрны, і толькі Ён можа прабачыць такі цяжкі грэх...

— Дзякую, Ойча, за цікавую размову.

Гутарыла Д. Бічэль.
Фота з архіва кс. Ю. Трубовіча.