Калі знаёмішся з жыццём каталікоў на Мазырскім Палессі, адразу заўважаеш, што Петрыкаўскі раён займае нейкае асаблівае становішча: па колькасці парафій і каталіцкіх святыняў з ім не можа параўнацца ні адзін раён Гомельскай вобласці. Узняліся крыжы на вежах новых касцёлаў у Петрыкаве, Брынёве, Капаткевічах, будуецца касцёл ў Капцэвічах. А яшчэ некалькі гадоў таму на Петрыкаўшчыне не было ніводнай святыні.

Назва горада (раней ён меў назву Петрыкавічы) паходзіць ад яго легендарнага заснавальніка – правадыра племені яцьвягаў. Менавіта ён быў ахрышчаны на пачатку Х стагоддзя і атрымаў новае хрысціянскае імя – Пятро.

У канцы XV стагоддзя, пасля распаду славутага Тураўскага княства, гэтая мясцовасць адышла ва ўласнасць слуцкіх князёў Алелькавічаў. Новыя гаспадары пабудавалі на высокім беразе Прыпяці драўляны замак, вакол якога і ўтварылася мястэчка. Петрыкаўскі замак знішчаўся ў 1535 г. маскоўскімі войскамі, а ў 1595 г. казакамі Сямёна Налівайкі. З пачатку XVII ст. да канца ХІХ ст. Петрыкаў належаў роду Хадкевічаў.

У 1638 г. віленскі кашталян Хрыстаў Хадкевіч фундаваў у Петрыкаве драўляны каталіцкі касцёл. На месцы былога замку Алелькавічаў быў узведзены новы, але і яго не стала ў 1648-49 гадах, калі мястэчка захапілі казакі Багдана Хмяльніцкага.

Пасля ІІ падзелу Рэчы Паспалітай Петрыкаў знаходзіўся ў межах Расійскай імперыі як мястэчка Мазырскага павету Мінскай губерні.

У XIX ст. гарадок вызначаўся сваім шматнацыянальным насельніцтвам, якое суіснавала ў спакоі і згодзе. Большасць жыхароў складалі яўрэі, другімі па колькасці былі беларусы-палешукі. Жылі тут і рускія стараабрадцы, уцекачы ад пераследу ў Расіі пасля царкоўнай рэформы 1667 г. У Петрыкаве былі і татары, паселеныя тут у XVII ст. Хадкевічамі. Невялікую частку насельніцтва складалі палякі. У канцы стагоддзя ў мястэчку налічвалася 5,5 тысяч жыхароў.

Каталіцкая парафія ў Петрыкаве існавала да першай сусветнай вайны. Драўляны касцёл, пабудаваны яшчэ ў XVII стагоддзі Хадкевічамі, быў зачынены царскімі ўладамі ў другой палове XIX ст. Святыня не дзейнічала да 1902 г., але вернікі маліліся ў капліцы на могілках. На жаль, драўляныя касцёл і капліца былі знішчаны падчас першай сусветнай вайны.

«Бог мой ды напоўніць усялякую нястачу вашую паводле багацця свайго ў славе, Хрыстом Езусам» (Флп 4, 19). Сапраўды, добры Бог убачыў духоўную нястачу мясцовых каталікоў, пачуў іх шчырыя малітвы. Адраджэнне рэлігійнага жыцця пачалося ў 90-х гадах ХХ ст. Рэгістрацыя рымска-каталіцкай парафіі ў Петрыкаве адбылася 30 сакавіка 1992 г. Першым душпастырам быў ксёндз Юзаф Дзеконьскі, які прыязджаў з Мазыра. У 1994 г. сваю святарскую дзейнасць распачаў новы пробашч – айцец цыстэрцыянец Эфрэм Бісага.

Узвядзенне новай святыні пачалося ў лістападзе 1999 г. пад кіраўніцтвам айца Эфрэма. Будаўніцтва адбывалася дзякуючы духоўнай і матэрыяльнай братэрскай дапамозе вернікаў Аўстрыі, Германіі, Польшчы. Гэтая стваральная праца яшчэ болей згуртавала петрыкаўскіх каталікоў, паказаўшы сапраўдную Божую апеку над імі.

Доўгачаканае асвячэнне новага касцёла пад тытулам Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі адбылося 13 кастрычніка 2001 г. Кансэкрацыю правёў кардынал Казімір Свёнтэк. Слёзы радасці можна было заўважыць на вачах шаноўнага арцыпастыра, бо ён шмат гадоў працуе на Палессі і як ніхто іншы ведае, што значыць для палешукоў гэты новы Дом Божы.

У Петрыкаўскім раёне жыве шмат каталікоў. Такую выснову можна зрабіць, пабачыўшы моцныя парафіі ў Петрыкаве, Капаткевічах, Капцэвічах, Брынёве. Пра гэта сведчаць і святыні – касцёлы, што пабудаваныя ці яшчэ будуюцца ў гэтых населеных пунктах. Ды і адраджэнне духоўнага жыцця было б немагчымым без старадаўніх каталіцкіх традыцый у гэтай мясцовасці.

Хрыстовы Касцёл, які з’явіўся на Петрыкаўшчыне яшчэ ў часы Тураўскага княства, спазнаў пераслед і шматлікія выпрабаванні, але заўсёды нястомна паказваў палешукам праўдзівую дарогу да неба. І сёння ён жыве і дае надзею на вечнае жыццё сваім паслухмяным дзецям.

Руслан Гародка.
Фота аўтара