Пачатак

6. Бамбардзіроўка ў першую пятніцу

Адразу пасля экзаменаў Караль з татам назаўсёды пакінулі Вадавіцы і пасяліліся ў Кракаве. Збылася мара Караля – вывучаць польскую мову. Малады студэнт з вялікім запалам распачаў вучобу. Але, на жаль, шчасце доўжылася ўсяго толькі год. Наступіла 1 верасня1939 года, а разам з ім і вайна.

У той дзень Караль на досвітку выйшаў з дому і накіраваўся ў катэдру на Вавелі. Была першая пятніца месяца; Караль зазвычай ў першыя пятніцы спавядаўся і служыў на Святой Імшы. Раннім паўзмрокам увайшоў ён у катэдру, мінуў грабніцу караля Уладыслава Ягайлы, срэбную труну з парэшткамі святога Станіслава, нарэшце – цудоўны крыж, з якога, як распавядалі, Хрыстус прамовіў да каралевы Ядвігі...

Калі ксёндз выйшаў да алтара, цішыню разарвала выццё сірэны, пасля якой пачулася стральба супрацьпаветранай артылерыі і выбухі бомбаў, якія скідалі на Кракаў нямецкія самалёты. Прысутныя дрыжэлі ад страху, але святар з міністрантам працягвалі маліцца, хоць і трохі хутчэй звычайнага. Пасля Імшы Караль сказаў ксяндзу:

– Трэба ісці дахаты, бо мой тата адзін дома.

Калі Караль бег па масце праз Віслу, пачалася бамбардзіроўка прадмесця.

7. Каменялом

– Караль, ты ўжо зрабіў ўсё, што трэба, – даставай свае кнігі і чытай, – казалі Каралю старэйшыя рабочыя, а ўначы спагадліва прапаноўвалі: – Ідзі, Караль, трохі паспі, а мы тут папільнуем.

Вайною Караль працаваў рабочым у каменяломні, а пазней – на хімічнай фабрыцы Сольвай. Асабліва цяжкаю была праца ў каменяломні. Зімою, калі тэмпература апускалася да 30 градусаў марозу, ён нагружаў скальны вапняк у ваганеткі. Адзіны перапынак за ўвесь дзень прыпадаў на сняданак, калі рабочыя зазвычай пілі каву са збожжа з хлебам ды мармеладам.

Пазней ён атрымаў «павышэнне» – яго прызначылі памочнікам вопытнага стралка. Майстар вельмі палюбіў хлопца і часам яму казаў:

– Ішоў бы ты, Караль, на ксяндза – маеш такі прыгожы голас.

Дахаты Караль вяртаўся пасля полудня. Апрануты ў зрэбны касцюм, у драўляных чаравіках, ён беражліва нёс тое, што яму ўдалося здабыць для сябе і бацькі: кавалак вугля, некалькі бульбін, часам – капусту альбо трохі фасолі.

8. Кравецкая школа

– Адчыняй! Паліцыя! – крычалі немцы, дубасячы кулакамі ў дзверы.

Некалькі хлапцоў ад нечаканасці замерлі ў пакоі.

– Гэта па нас, – шапнуў хтосьці, – зараз арыштуюць усіх і вывезуць у лагер.

Хлопцы добра ведалі, што збірацца групамі па кватэрах забаронена. Нямецкая паліцыя асабліва сачыла за моладдзю, таму што бачыла ў ёй найгоршага ворага. Хлопцаў было шмат у пакоі: хто ім паверыць, што яны прыйшлі сюды памаліцца на ружанцы? А гестапаўцы тым часам штораз мацней грукалі ў дзверы. Адчыняць няпрошаным гасцям пайшоў гаспадар кватэры Ян Тыраноўскі. Ніхто з хлопцаў не чуў, што ціхмяны, далікатны кравец казаў гестапаўцам, але ён усё ж здолеў іх пераканаць, што нічога незвычайнага ў кватэры не адбываецца. Немцы пайшлі.

Ян Тыраноўскі не маніў, калі казаў немцам, што моладзь прыходзіць да яго маліцца на ружанцы. Іхні жывы ружанец складаўся з некалькіх колаў па пятнаццаць чалавек, за кожнае кола быў вызначаны адказны кіраўнік. Такім кіраўніком быў і Караль Вайтыла, які знаходзіўся пад моцным уплывам знешне непрыкметнага краўца. Ян Тыраноўскі быў добрым краўцом, але яшчэ лепшым ён быў вернікам, моцна любіў малітву. Ён не толькі сам шмат маліўся, але і меў здольнасць заахвоціць іншых. Праўда, Караль заўсёды і да гэтага маліўся, але, дзякуючы краўцу, ён пачаў гэта рабіць з асаблівым натхненнем. Ён зразумеў, што малітва, гэтак жа як і кравецкая нітка, што сшывае тканіну, павінна праходзіць праз усё жыццё чалавека.

Працяг

Пераклад Ірыны Жарнасек.