Кардынал Вальтар Каспер нарадзіўся 5 сакавіка 1933 года ў г. Хейдэнхейм /Брэнц (Германія).

У 1952–1956 гг. займаўся філасофіяй і каталіцкай тэалогіяй ва універсітэтах Цюбінгена і Мюнхена.

Святарскае пасвячэнне атрымаў у катэдральным саборы Ратэнбурга 6 красавіка 1957 г. На працягу аднаго года служыў вікарыем у парафіі Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў Штутгардзе, а з 1958 па 1961 г. быў віцэ-рэктарам факультэта дагматычнай тэалогіі пры епархіяльным тэалагічным пансіёне «Вільхельмштыфт» у Цюбінгене. У 1961 г. атрымаў тэалагічную адукацыю, абараніўшы доктарскую працу на тэалагічным факультэце універсітэта Эберхард-Карлс (у Цюбінгене).

У 1964 г. у тым жа універсітэце атрымаў адукацыю ў галіне дагматычнай тэалогіі, абараніўшы дысертацыю на тэму: «Філасофія і тэалогія гісторыі ў позняй філасофіі Шэлінга». У тым жа годзе будучы кардынал узначаліў кафедру дагматычнай тэалогіі на тэалагічным факультэце Мюнстарскага універсітэта, дзе працаваў дэканам у 1969-1970 гг. У 1970 годзе выкладаў дагматычную тэалогію на тэалагічным факультэце цюбінгенскага універсітэта і ў 1970-1971 гг. узначальваў гэты факультэт.

Апрача актыўнай выкладчыцкай дзейнасці, Вальтар Каспер быў супрацоўнікам Вюрбургскага Сінода нямецкіх епархій і старшынёй Асамблеі нямецкамоўных вучоных, якія займаюцца дагматычнай і асноўнай тэалогіяй. У 1979 г. быў прызначаны кансультантам Сакратарыяту па садзеянні хрысціянскаму адзінству (цяпер ператвораны ў Папскую Раду).

У 1985 годзе працаваў спецыяльным сакратаром Надзвычайнага Сінода біскупаў у Рыме.

17 красавіка 1989 года Святы Айцец Ян Павел ІІ прызначыў Вальтара Каспера біскупам Ратэнбургска-Штутгардскай епархіі. У 1991 годзе ён быў прызначаны старшынёй Камісіі па сувязях з Паўсюдным Касцёлам і віцэ-старшынёй Камісіі па пытаннях веравучэння Нямецкай Канферэнцыі Біскупаў. У 1994 г. Папская Рада па садзеянні хрысціянскаму адзінству зацвердзіла яго сустаршынёю Міжнароднай камісіі па дыялогу паміж лютэранамі і католікамі. У 1998 г. ён стаў кансультантам Кангрэгацыі па пытаннях веравучэння і Папскай рады па пытаннях культуры.

16 сакавіка 1999 г. Святы Айцец Ян Павел ІІ прызначыў Вальтара Каспера Сакратаром Папскай Рады па садзеянні хрысціянскаму адзінству і віцэ-прэзідэнтам Камісіі па рэлігійным дыялогу з юдаізмам. Такім чынам, 1 чэрвеня 1999 г. монсіньёр Вальтар Каспер пакінуў Ратэнбургска-Штутгардскую епархію і пераехаў у Рым.

21 лютага 2001 г. ён быў узведзены да кардынальскай годнасці і 3 сакавіка 2001 г. прызначаны Старшынёй Папскай Рады па садзеянні хрысціянскаму адзінству і Камісіі па рэлігійным дыялогу з юдаізмам, замяніўшы на гэтых пасадах кардынала Эдварда Касідзі. 15 мая 2001 г. кардынал Вальтар Каспер стаў членам Кангрэгацыі па пытаннях веравучэння і Кангрэгацыі па справах Усходніх Цэркваў, а 18 мая таго ж года – членам Папскай Рады па пытаннях культуры. У 2002 г. ён быў прызначаны членам Вышэйшага Папскага касцёльнага суда (Signatura Apostolica).

Кардынал Вальтар Каспер мае тытул honoris causa вельмі многіх сусветнавядомых установаў. Сярод іх – Амерыканскі каталіцкі універсітэт (Вашынгтон); семінарыя і універсітэт Святой Марыі (Балтымор); універсітэт імя Марка Блоха (Страсбург); універсітэт Нотр Дам (Нотр Дам, Індыяна) і Латэранскі універсітэт (Рым); 10 кастрычніка 2002 г. кардынал Вальтар Каспер атрымаў тытул honoris causa ў галіне тэалогіі на праваслаўным факультэце Сафійскага дзяржаўнага універсітэта.
У энцыкліцы Ut unum sint, прысвечанай пытанням адзінства хрысціянаў, Папа Ян Павел ІІ вельмі выразна падкрэсліў важнасць і неабходнасць міжканфесійнага дыялогу, бо менавіта дыялог з’яўляецца «жыццёвым імпульсам, які непазбежна выклікае ўзаемнасць, імкненне да прымірэння і плённы абмен дарамі».

Гэтая энцыкліка не раз згадвалася падчас візіту ў Беларусь Старшыні Папскай Рады па садзеянні хрысціянскаму адзінству кардынала Вальтара Каспера. Візіт, які адбываўся па запрашэнні кардынала Казіміра Свёнтка і Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі з 14 па 18 снежня 2002 г., стаў своеасаблівым заключным акцэнтам мінулага года, пазначанага дзвюма важнымі падзеямі ў жыцці Каталіцкага Касцёла: абвяшчэннем Апостальскага ліста «Rosarium Virginis Mariae» і 40-годдзем пачатку ІІ Ватыканскага Сабору.

Ва ўступе да саборавага Дэкрэту аб экуменізме (Unitatis redintegratio) запісана: «Садзейнічаць аднаўленню адзінства ўсіх хрысціянаў – адна з першачарговых задач ІІ Ватыканскага Сабору».

Які ж плён гэтага садзейнічання? Якія вынікі прысутнасці саборавых дакументаў у хрысціянскім свеце? На якім узроўні знаходзіцца сёння міжканфесійны дыялог у Беларусі? Візіт кардынала Вальтара Каспера якраз і быў прысвечаны высвятленню гэтых і многіх іншых «экуменічных» пытанняў, а таксама знаёмству з жыццём Каталіцкага Касцёла на Беларусі і з тымі рэаліямі (унутранымі і знешнімі), у якіх ён існуе і развіваецца.

15 снежня ў Гродне кардынал Вальтар Каспер сустрэўся з Беларускім Епіскапатам і з Апостальскім Візітатарам для грэка-католікаў Беларусі Сергіем Гаекам. У той жа дзень Яго Эмінэнцыя канцэлебраваў урачыстую Святую Імшу ў гродзенскай катэдры. Казанне, з якім звярнуўся кардынал Каспер да вернікаў, таксама было прысвечана пытанню хрысціянскага адзінства. Ён у прыватнасці сказаў: «Справа адзінства і паяднання – не толькі людская; у гэтым выпадку прысутнічае і дзейнічае Святы Дух. Гэта Ён ёсць Духам адзінства, паяднання і любові. Ён прымушае нас, каб мы з Ім супрацоўнічалі, а таксама былі творцамі міру, кожны на сваім месцы і кожны адпаведна сваім магчымасцям.

Што мы павінны рабіць? У сённяшнім другім чытанні Святы Павел дае нам адказ. Першы і найважнейшы гучыць так: «Нястомна маліцеся». Малітва – сэрца экуменічнага руху. Мы не можам здзейсніць «паяднанне» Царквы, не можам яго арганізаваць альбо дасягнуць дыпламатычнымі намаганнямі: паяднанне ёсць дарам Духа Святога. Для гэтага мы павінны дзейнічаць, як Марыя і Апосталы пасля Уваскрэсення Хрыста і перад зыходжаннем Духа Святога; мы павінны сабрацца, каб прасіць аб прыходзе Духа Святога, а таксама маліцца аб аднаўленні аблічча зямлі, як у дні Пяцідзесятніцы.

Мы павінны маліцца ў час Тыдня Малітваў аб адзінстве хрысціянаў, але мы таксама павінны маліцца на працягу ўсяго года так, як гэта робіць ксёндз падчас кожнай Святой Імшы перад Святой Камуніяй: «Пане Езу Хрыстэ, не зважай на грахі нашыя, але на веру Касцёла Твайго і згодна з Тваёй воляй напоўні яго супакоем і прывядзі да поўнай еднасці».

І яшчэ гаворыць нам Святы Павел: «Духу не гасіце!» Гэта значыць: не расчароўвайцеся. (...) Не прызнавайце існуючых падзелаў як з’явы самой па сабе зразумелай і як стану, што не можа быць зменены. Дайце ўвабраць у сябе дух адзінства і любові, а таксама стварайце яму месца. Не спыняйцеся, ідзіце наперад. Будзьце людзьмі надзеі, якія не азіраюцца назад і не скардзяцца на досвед былой несправядлівасці; прабачайце і глядзіце ў напрамку агульнай будучыні, да якой нас хоча давесці Дух Святы. Няхай глыбока пранікне ў вас справа адзінства.

І ўрэшце Святы Павел гаворыць: «Усё даследуйце, а што каштоўнае – захоўвайце». «Даследаваць» – гэта значыць усё прымаць без пярэчанняў. (...) Трэба свядома адрозніваць тое, што адпавядае духу Евангелля і ёсць добрае, ад таго, што прыняць немагчыма. (...) Святы Айцец гаворыць нам, што экуменізм азначае абмен дарамі. Таму мы хочам дзяліцца з іншымі багаццем нашых дароў. Але мы можам таксама вучыцца адзін ад аднаго і ўзаемна ўзбагачацца...»

Нягледзячы на канструктыўнасць і глыбіню падыходу да такой няпростай праблемы як адзінства хрысціянаў, казанне кардынала Вальтара Каспера было прасякнута аптымізмам і радасцю. Gaudete! «Радуйцеся!» – не стамляўся заклікаць вернікаў высокі ватыканскі госць...

Радасці дадало таксама заключнае слова душпастыра беларускіх католікаў кардынала Казіміра Свёнтка. Звяртаючыся да шаноўнага госця «з-над Тыбра», наш кардынал папрасіў яго перадаць Святому Айцу Яну Паўлу ІІ паноўленае (каторы ўжо раз!) запрашэнне наведаць Беларусь. Просьба кардынала была падтрымана доўгімі і гарачымі воплескамі ўсіх сабраных у катэдры.

Да пытання візіту Папы ў Беларусь звярталіся таксама і журналісты на прэс-канферэнцыі, якая адбылася з удзелам абодвух кардыналаў адразу пасля Імшы. Кардынал Вальтар Каспер падкрэсліў, што «Святы Айцец, вядома ж, з радасцю прыехаў бы ў Беларусь... Але для гэтага, – сказаў кардынал, – трэба падрыхтаваць адпаведны клімат».

У сувязі з гэтым кардынал Казімір Свёнтэк згадаў вядомае выказванне прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі аб магчымасці візіту Папы ў Беларусь, а таксама аб магчымасці сустрэчы на нашай тэрыторыі Яна Паўла ІІ з маскоўскім патрыярхам Алексіем ІІ...

На думку кардынала Каспера, для шчаслівай рэалізацыі такой важнай падзеі ў справе хрысціянскага паяднання ёсць адзін вельмі эфектыўны сродак – сумесная малітва. Менавіта «праз малітву мы павінны знаходзіць шляхі нашых узаемных кантактаў».

Пасля прэс-канферэнцыі адбылася сустрэча кардынала Вальтара Каспера з семінарыстамі Вышэйшых духоўных семінарый з Гродна і Пінска.

16 снежня Старшыня Папскай Рады па садзеянні хрысціянскаму адзінству нанёс візіт Мітрапаліту Мінскаму і Слуцкаму Філарэту, Патрыяршаму Экзарху ўсяе Беларусі.

У той жа дзень вечарам кардынал Вальтар Каспер выступіў з дакладам на першай міжнароднай канферэнцыі, арганізаванай Інстытутам рэлігійнага дыялогу і міжканфесійных адносінаў, створанага ў структуры Беларускага Экзархата Рускай Праваслаўнай Царквы. Канферэнцыя праходзіла ў рамках прэзентацыі гэтага новага інстытута.

(Даклад кардынала Вальтара Каспера «Праваслаўе і Каталіцкі Касцёл», а таксама даклад Мітрапаліта Філарэта «Міжрэлігійны дыялог у посткамуністычным рэгіёне» будуць змешчаны ў першым нумары часопіса «Наша вера».)

18 снежня кардынал Вальтар Каспер наведаў багаслоўскі факультэт святых Кірылы і Мятода пры Еўрапейскім гуманітарным універсітэце, з якім Папская Рада па садзеянні хрысціянскаму адзінству супрацоўнічае ўжо шмат гадоў.

Як падкрэсліваюць расейскія «Каталіцкія навіны», візіт кардынала Каспера ў Беларусь разглядаецца экспертамі ў кантэксце сумеснага сведчання Цэркваў пра хрысціянскія карані еўрапейскай культуры. Гэта сведчанне стала галоўным лейтматывам нядаўніх паездак каталіцкага іерарха ў Грэцыю, Сербію, Балгарыю і Украіну, а таксама кантактаў з Сусветным Патрыярхатам і з Румынскаю Праваслаўнаю Царквою.



Крыстына Лялько
Фота М. Новікава.