Ежы Мазур нарадзіўся ў Гаўлавіцах (цяпер Пшэмысльская архідыяцэзія) 5 жніўня 1953 г. Скончыў духоўную семінарыю ордэна вербістаў ў Пененжне і атрымаў святарскія пасвячэнні ў 1979 г. Некаторы час працаваў на місіі ў Гане (Афрыка), потым выкладаў місіялогію і быў другім прэфектам семінарыі. У 1992 г. айцец Мазур узначаліў законны дом вербістаў у Баранавічах і парафію Маці Божай Фацімскай. Ён актыўна ўдзельнічаў у аднове Касцёла на Беларусі, развіцці яго сацыяльнага служэння і экуменічнага супрацоўніцтва. Дзякуючы айцу Ежы ў Баранавічах пачаў выдавацца каталіцкі часопіс «Дыялог», быў створаны катэхетычны інстытут.

23 сакавіка 1998 г. Ян Павел ІІ прызначыў а. Мазура дапаможным біскупам для Апостальскай адміністратуры Азіяцкай часткі Расіі (Сібіры). Біскупскую сакру атрымаў 31 мая 1998 г. Калі 18 мая 1999 г. Папа стварыў асобную Апостальскую адміністратуру Усходняй Сібіры з сядзібаю ў Іркуцку, біскуп Мазур стаў яе першым кіраўніком. 11 лютага 2002 г. разам з наданнем тагачасным чатыром Апостальскім адміністратурам на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі статуса дыяцэзій і заснаваннем дыяцэзіі св. Юзафа ў Іркуцку біскуп Мазур стаў першым дыяцэзіяльным біскупам новай тэрытарыяльнай адзінкі. 19 красавіка 2002 г., калі біскуп Мазур вяртаўся з Польшчы на месца службы, расійскія ўлады вярнулі яго назад з аэрапорта Шарамецьева, забараніўшы Яго Эксцэленцыі ўезд у Расію.
Прапануем чытачам «Ave Maria» інтэрв’ю, якое біскуп Ежы Мазур даў карэспандэнту штотыднёвіка «Tygodnik Powszechny» Кшыштафу Скавроньскаму.

– Адзін са святароў, які працаваў у Іркуцку, прыехаў у Сібір з Польшчы на веласіпедзе. Як ксёндз біскуп ацэньвае такі ўчынак?

– Гэта шаленства! Але сёння, каб евангелізаваць, трэба быць шаленцам. Гатоўнасць несці Евангелле – сведчыць пра сілу волі, цвёрдасць духу і з’яўляецца таксама згодаю на многія адрачэнні і пераадольванне перашкодаў. Думаю, што кожны місіянер павінен быць гатовы да вялікай рызыкі, незалежна ад месца сваёй місійнай працы. У адваротным выпадку можа з’явіцца лянота, якой не павінна быць. Гатоўнасць рызыкаваць звязана з вялікім даверам Пану Богу. Пан Езус сказаў Пятру і Апосталам: «Не бойся, не бойцеся». Гэтыя словы павінны пастаянна нам спадарожнічаць. Прыкладам для нас з’яўляецца пазіцыя св. Пятра, які пачуў заклік: «Выплыві на глыбіню». Ён даверыўся і выплыў на возера, хоць быў перакананы ў тым, што рыба не будзе брацца ў гэты дзень.

– А як выглядае возера Байкал?

– Яно прыгожае. Цяжка апісаць яго прыгажосць. На глыбіні 40 метраў відаць каменне, такая празрыстая ў ім вада. Палякі глядзяць на Сібір звычайна праз прызму трагічных лёсаў сібіракоў: ссылак, катаржнай працы на марозе, голаду, тугі па айчыне. Тым часам сённяшняя Сібір утойвае ў сабе шмат таямніцаў, багацця і прыгажосці. Калі глядзець на яе вачамі чалавека, якога не прымусова саслалі, а паслалі, то бачыцца перш за ўсё перажытае, перацярпелае. Людзі пазбаўлены духоўных каштоўнасцяў, і сёння ім патрэбна дапамога, каб вярнуцца да веры сваіх продкаў. Гэта галоўная матывацыя маёй працы ў Сібіры. Часам выглядаю жабраком, бо прашу ў манаскіх кангрэгацый і дыяцэзій святароў, прашу законных сясцёр і матэрыяльных сродкаў, каб дапамагаць найбяднейшым, дзецям вуліцы, шматдзетным сем’ям, дамам дзіцяці, каб будаваць святыні. Я не саромеюся гэтага жабрацтва, бо не прашу для сябе. На Байкале ў нас ёсць дом імя Яна Паўла ІІ – цэнтр духоўнасці нашай дыяцэзіі. Да гэтага часу, з мая да верасня, дом быў заўсёды поўны. Цяпер нам удалося правесці туды добрае ацяпленне. І той, хто захоча паўдзельнічаць у рэкалекцыях падчас зімы, зможа таксама прыехаць.

– А якое ўражанне пакідаюць жыхары Іркуцка?

– Гэта людзі з сібірскаю душою. Сібірская душа вясёлая, чулая да бяды іншага, талерантная як з рэлігійнага, так і з нацыянальнага пункта погляду. Сібірская душа – гэта таксама сумесь шматлікіх культураў: мясцовага насельніцтва, рускай культуры, а таксама традыцый ссыльных людзей. Мясцовыя ўмовы сфармавалі важную рысу – гатоўнасць дапамагаць адзін аднаму. Сібіракі могуць пратрымацца. Іх адкрытасць на іншых – своеасаблівы экуменізм, заснаваны на цярпенні. Яны разам цярпелі і разам паміралі. Тут на самай справе сярод хрысціянаў была еднасць. Сёння мы павінны адбудоўваць хрысціянства на гэтым экуменізме мучаніцтва, а перш за ўсё – наладзіць экуменічны дыялог.

– Зіма ў Іркуцку пачынаецца ў кастрычніку, а заканчваецца часам пад канец красавіка альбо ў маі. Ці не сумуе ксёндз біскуп па жоўтай польскай восені, гледзячы на сібірскі снег?

– Пры выканні місіі, даручанай Богам, цяжкасці мала істотныя. Таму ні афрыканская спякота, ні сібірскія маразы не былі для мяне вялікаю перашкодаю. Важна дапамагаць людзям, абвяшчаць Евангелле, умацоўваць у веры, несці надзею, перспектыву вечнай радасці.

– А ці не прасіў ксёндз біскуп Пана Бога, каб паслаў Эксцэленцыю, напрыклад, у Парыж, Брусель альбо на Міжземнае мора?

– Цяпер прашу даць мне магчымасць вярнуцца ў Іркуцк. Напэўна, гэта Яго воля, каб я заставаўся на выгнанні. Гэта таксама можна зразумець як пэўную місію. Таму прашу ўсіх аб малітве за еднасць хрысціянаў. Маці Божая ў Фаціме сказала пра навяртанне Расіі. Расія пачала навяртацца. Чалавек знаходзіць Бога і ў праваслаўнай Царкве, і ў каталіцкім Касцёле і ў пратэстанцкіх цэрквах, і ў іншых рэлігіях, але яму не хапае імкнення да еднасці, а гэта з’яўляецца найважнейшым у навяртанні, каб мы навярталіся як хрысціяне. Прашу таксама ўсіх аб малітве ў інтэнцыі найхутчэйшай сустрэчы Яна Паўла ІІ з маскоўскім патрыярхам Алексіем ІІ.

– Ці такая сустрэча ўвогуле магчыма?

– Малітва робіць цуды. Калі мы верым у дзеянне Духа Святога, то ўсё магчыма.

– Прэзідэнт Лукашэнка прапанаваў, каб такая сустрэча адбылася на Беларусі.

– Паўтару яшчэ раз: калі на гэта будзе Божая воля... Ідэя вельмі цікавая, бо на Беларусі намнога больш католікаў, чым у Расіі. Такія прапановы маглі б мабілізаваць дыялог.

– Як сталася, што менавіта Вы трапілі ў Іркуцк?

– Шэсць гадоў я працаваў на Беларусі. У 1998 г. Святы Айцец прызначыў мяне спачатку дапаможным біскупам Азіяцкай часткі Расіі з сядзібаю ў Іркуцку.

– Якое ўражанне зрабіў нас Вас Іркуцк у першы дзень пасля прылёту?

– 23 сакавіка 1998 года я быў прызначаны біскупам і адразу з Беларусі праз Маскву накіраваўся ў Новасібірск, каб паглядзець на месца маёй працы, а таксама, каб удакладніць справу біскупскага пасвячэння. Тады я падумаў: калі Бог пасылае мяне ў Сібір, то найлепшым месцам для біскупскага пасвячэння будзе Сібір, і я буду першым біскупам Сібіры, які атрымае тут пасвячэнне. Пасля сакры я паехаў у Іркуцк. Адразу палюбіў гэты горад. Мы пачыналі з «нуля»: спачатку жылі ў пробашча, пазней – на пятым паверсе звыклага жылога дома.

– Можа быць менавіта такога стылю евангелізацыі баіцца праваслаўная Царква: жыць у звыклым доме і размаўляць з усімі яго жыхарамі?

– Мы з’яўляемся не толькі абвяшчальнікамі Божага слова, але таксама і сведкамі. Мы сведчым пра Хрыста. Вера – гэта дар, Божая ласка. Можна размаўляць, пераконваць і нават супольна дзейнічаць, але гэта зусім не гарантуе навяртання. Таму важныя малітва, сведчанне. Праз гэта дзейнічае Бог. Абвінавачванне ў празелетызме – непаразуменне. Многія нашы суседзі па доме прыходзілі да нас, размаўлялі на розныя тэмы, таксама рэлігійныя, але ніхто не стаў з гэтае прычыны католікам.

– Ксёндз біскуп згадваў пра Афрыку. Як там было?

– Працаваў у Гане 3 гады. Трапіў на вялікі голад. Гэта праца шмат мне дала. Я навучыўся перш за ўсё цярплівасці, бо ёсць тры рысы місіянера: быць цярплівым, быць цярплівым і яшчэ раз быць цярплівым. Таму я таксама ўмею цярпліва чакаць.

– Што Вас навучала цярплівасці?

– Усё жыццё. У Афрыцы ў звон б’юць тры разы: першы раз гэта азначае, што ксёндз ужо прыехаў, другі раз, што ўжо трэба рыхтавацца, а трэці раз, што трэба ўжо прыйсці, бо будзе Святая Імша. Тым часам афрыканкі кажуць: калі трэці раз ксёндз б’е ў звон, гэта значыць, што трэба ўжо ісці па ваду, каб памыцца і падрыхтавацца да Святой Імшы. У іх іншае разуменне часу. Нельга нервавацца, бо той, хто нервуецца, на іх думку, з’яўляецца слабым чалавекам. Трэба быць цярплівым. Калісьці я атрымаў запрашэнне: «Айцец, паміж другой і шостай гадзінай запрашаем цябе на свята, будзь пунктуальны». Каб евангелізаваць, трэба пазнаць культуру. Гэтаксама і ў Сібіры – з самага пачатку я імкнуўся пазнаць традацыі і захоўваць іх.

– Дзе было складаней: у Гане ці ў Іркуцку?

– У Гане больш дакучаў трапічны малярыйны клімат. Большыя былі праблемы з моваю, дзе акрамя ангельскай трэба было ведаць яшчэ мясцовую мову – тві. Затое не было праблем з бязвер’ем. У Афрыцы ўсе вераць, атэістаў няма. Таму перадаваць евангельскае пасланне было намнога лягчэй.

У Сібіры ж рэлігійны пераслед стаў прычынай вялікай пусткі. На працягу многіх гадоў чалавеку даводзілі, што Бога няма. І гэта перакананне так моцна ўвайшло ў кроў, што сёння ўсё трэба будаваць нанава. Веды пра каталіцкі Касцёл былі сфальсіфікаваныя. Таму трэба цярпліва, малымі крокамі будаваць дабро, паказваць, што менавіта гэтага прагнуць католікі. Нам вельмі дапамагаюць ў гэтым журналісты. Часта паказваюць тое, што мы робім, бо, як самі гавораць, яны стаміліся паказваць зло.

– Ці верыць ксёндз біскуп, што вернецца ў сваю дыяцэзію?

– Апостальскі нунцый у Расіі арцыбіскуп Мілёрэ сустрэўся 22 кастрычніка ў Маскве з віцэ-міністрам замежных спраў Расіі. Сярод шматлікіх тэмаў у размове была закранута і тэма майго вяртання ў Расію. Адразу кажу, што ўсё знаходзіцца ў руках дыпламатыі Апостальскай Сталіцы, Расійскай Федэрацыі і Польшчы. Мне засталася толькі малітва.

– У адкрытых грамадствах існуе «вольны рэлігійны рынак». Кожны можа выбіраць, у што хоча верыць. Я разумею, што ў Расіі гэта выглядае іначай?

– Я б не выкарыстоўваў тэрміна «вольны рынак», але кожны мае свой выбар. У праваслаўі функцыянуе паняцце «кананічнай тэрыторыі», аднак антрапалагічна мяжа кананічнай тэрыторыі праходзіць у сэрцы чалавека. Калі чалавек вольны ў выбары, ён можа выбраць каталіцкі Касцёл, можа выбраць праваслаўную Царкву. Абвінавачванне з боку праваслаўных у тым, што расіяне пераходзяць у каталіцтва, беспадстаўнае – гэта адзінкавыя выпадкі. Сярод гэтай малой групы дамінуюць людзі, якія шукаюць, яны былі ўжо ў адной, другой альбо трэцяй секце і прыходзяць у каталіцкі Касцёл, каб лепш зразумець нашу веру. Калі гэта людзі ахрышчаныя ў Царкве, то мы раім ім вярнуцца ў праваслаўе. Калі ўпарцяцца, хочуць застацца, то яны маюць год, каб пазнаць нашу веру і прыняць рашэнне. Ужо ахрышчаных паўторна не хрысцяць.

– Апрача Вас і некалькіх іншых каталіцкіх святароў не пусцілі ў Расію таксама і Далай-Ламу.

– Ва ўездзе ў Расію таксама было адмоўлена некалькім пратэстанцкім пастарам.

– Здаецца, што Расія абараняецца ад усяго, што іншае?

– Пазбягаю ўсялякай інтэрпрэтацыі, каб гэта яшчэ больш не ўскладняла і так складаную сітуацыю.

– Расійскія сродкі масавай інфармацыі абвінавацілі польскіх францішканаў у кіраванні публічным домам у Маскве. Тым часам гэта законнікі сталі ахвяраю людзей злой волі. Што азначае такі медыяльны пераслед?

– Напэўна, такое крыўднае абвінавачванне францішканаў – гэта чарговы удар, нанесены каталіцкаму Касцёлу ў Расіі. Апостальская Сталіца накіравала востры пратэст адносна гэтай справы.

– Гэта ўжо чарговы пратэст і чарговы выпадак, які сведчыць пра канфлікт, а не пра паразуменне...

– З самага пачатку мы гаворым пра неабходнасць размовы за круглым сталом, якая дазволіла б нам абмяняцца інфармацыяй аб дзейнасці каталіцкага Касцёла. Калі б удалося распачаць экуменічны дыялог, праваслаўная Царква магла б пераканацца ў тым, што каталіцкі Касцёл не ўяўляе ніякай пагрозы для праваслаўя. Наадварот, мы імкнемся заўважаць усе выклікі і небяспекі, якія стаяць перад хрысціянствам – напрыклад, апошнім такім вялікім выклікам стаў тэрарызм. Трэба на ўсё гэта глядзець шырэй. Калі Царква разам з каталіцкім Касцёлам і пратэстанцкімі Цэрквамі, і перш за ўсё ў супрацоўніцтве з урадам, не зоймецца гэтай праблемай, а таксама праблемай дзяцей вуліцы, то пагроза будзе павялічвацца, бо сённяшнія занядбаныя дзеці ў будучыні могуць стаць адэптамі тэрарызму ці злачыннага свету. Прымяненне большай колькасці войска не вырашыць праблемы. Зло трэба перамагаць дабром. У першую чаргу гэта азначае фармаванне сапраўдных каштоўнасцяў у сэрцах дзяцей і моладзі.Гэта цяжкае заданне, але нельга ад яго адмаўляцца.

– Калі б прэзідэнт Пуцін захацеў, каб ксёндз біскуп вярнуўся ў Расію, то зрабіў бы адзін званок, і, Ваша Эксцэленцыя, вярнуліся б у Іркуцк...

– Так мне здаецца. (...)

– Што Ваша Эксцэленцыя думае наконт драматычных падзеяў у маскоўскім тэатры на Дуброўцы?

– Гэта вялікая трагедыя не толькі для Расіі, але і для ўсяго свету. Яна паказала, на што здольны чалавек, які не кіруецца ў жыцці запаведзямі і Евангеллем. Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч як старшыня Канферэнцыі Біскупаў Расіі ў лісце, скіраваным да прэзідэнта Уладзіміра Пуціна, падкрэсліў, што каталіцкі Касцёл салідарны ў цярпенні з рускім народам. Ва ўсіх касцёлах цэлебруюцца Святыя Імшы, мы молімся за тых, хто загінуў, і за іх сем’і. Заданне Касцёла – быць з пакрыўджанымі, маліцца за мір і з яшчэ большай адданасцю абвяшчаць Евангелле любові і прабачэння.

«Tygodnik powszechny» № 48, 1.ХІІ.2002 г.
Пераклад з польскай мовы
Іны Ламакі.